Апошнім часам у сацыяльных сетках сталі ўсё часцей з’яўляцца паведамленні пра тое, што расейцы збіраюцца пераязджаць у Беларусь. На што яны спадзяюцца і што насамрэч чакае іх у РБ? Як рэагуюць беларусы, і чым скончыцца гэтае «вялікае перасяленьне народаў», разважае Лявон Вольскі ў аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся» на Budzma.org.
Лявон Вольскі. Фота: Darya Kaliada
«Мы едзем у Беларусь!» — радасна дэкляруюць жыхары Латвіі, якія за ўсё жыцьцё ўхітрыліся ня вывучыць латыскую мову на базавым узроўні. — «Мы едзем у прыўкрасную Беларусь, там няма дыскрымінацыі паводле моўнае прыкметы. Вось крыху падвучым беларускую, дзеля ветлівасьці — і паедзем!».
«Мы едзем у Беларусь!» — весела крычыць амэрыканская сям’я з Х’юстана, якая стамілася ад аднастайнае рэчаіснасьці — «дом-офіс-дом». Яны прачыталі ў інтэрнэце пра далёкую чароўную краіну, дзе харызматычны лідэр авалодаў магіяй спыненьня часу, і там цяпер 80-я гады мінулага стагодьдзя, толькі зь інтэрнэтам, а сям’і акурат вельмі падабаюцца гэтыя гады, яна пакуе валізкі і выпраўляецца ў падарожжа ў прасторы й часе.
«Мы едзем у Беларусь!» — заяўляе нямецкая пара, якая мае левыя погляды. Пары хочацца хадзіць на суботнікі, сьвяткаваць камуністычныя сьвяты і слухаць палітінфармацыю.
Вось яны ўсе сабралі валізкі, разьвіталіся са сваёй цяпер ужо мінулай рэчаіснасьцю, набылі квіткі і сядзяць, чакаюць сустрэчы са сваёй новай радзімай. І на ўсякі выпадак пішуць у сацыяльныя сеткі: «Як у вас там, у Беларусі? Ці ўсё добра?».

Малюнак Лявона Вольскага
І з чароўнай прыўкраснай Беларусі прыходзяць адказы: «Так, у нас усё добра! Усё выдатна, грошы можна зарабляць, мэдыцына на вышыні, адукацыя ў парадку. Толькі лепей не парушаць закон, таму што праваахоўныя ворганы ў нас таксама добра працуюць і за кілямэтар чуюць тых, хто задумаў пайсьці па хісткай супрацьзаконнай сьцяжыне».
Людзі за мяжою чытаюць гэтыя палымяныя допісы і яшчэ раз упэўніваюцца ў правільнасьці свайго выбару — вось ён, сапраўдны рай на зямлі, дзе захаваліся традыцыйныя каштоўнасьці, дзе «чалавек чалавеку — сябар, таварыш і брат», а ня воўк — як на Захадзе. Дзе «хуткая дапамога» бясплатна прыяжджае пасьля вашага паведамленьння пра насмарк і крыху падвышаную тэмпэратуру. Дзе ўсё нядорага (у параўнаньні, напрыклад, з Масквою), і ўсяго хапае.
І вось яны трапляюць у гэты рай на зямлі — у РБ. А там усё, высьвятляецца, не зусім так, як апісвалася ў інтэрнэт-прасторы.
Для расейцаў у Менску нечакана дарагавата. «Як у нас», — расчаравана гавораць яны. Затое няма моўнага бар’еру. Як яго няма і для былых латвійцаў. Для гэтых ёсьць іншы бар’ер — куды ўладкавацца на працу? Яны ж і блізка ніякія не айцішнікі, а працаваць у РБ вахцёрам ці то рабочым на заводзе — мякка кажучы, ня надта прыбытковая справа.
Для амэрыканскае ж сям’і і пары зь Нямеччыны моўны бар’ер — гэта сапраўдная сур’ёзная перашкода. Амаль ніхто нідзе не гаворыць па-ангельску. Яны пра гэта чамусьці не падумалі, калі зьбіраліся ў РБ. Таму праз пару месяцаў зазьбіраліся назад. Ня толькі праз моўны бар’ер, а і праз агульнае расчараваньне.
Амэрыканцы марылі пра 80-я гады, а на справе выйшла па-іншаму — гэта 2026 год, толькі ў канкрэтнай асобна ўзятай краіне — са сваёй спэцыфікай — забароненымі кнігамі, музыкай, з тэмамі, на якія лепей прылюдна не размаўляць. У школе пануе цьмяная, не да канца сфармаваная ідэалёгія, дакладней, таямнічы культ першае асобы дзяржавы. Тое, што гэтая асоба робіць і гаворыць (нават калі яна гаворыць парадаксальныя рэчы) — гэта адзіна правільныя рэчы, якія не падлягаюць аспрэчваньню. Дзеці масава ўступаюць у няўцямную «піянэрскую арганізацыю» і БРСМ. Калі ў бацькоў запытацца, навошта яны аддаюць сваіх сыноў і дачок у гэтыя структуры, тыя апускаюць вочы і мармычуць нешта накшталт «так прынята, усе ж аддаюць, вось і мы аддалі», то-бок, яны, гэтыя бацькі, і самі ня ведаюць, навошта.
Немцаў першыя праблемы напаткалі яшчэ на мяжы. Таямнічы службіст праверыў іхнія смартфоны і дзьве гадзіны зь перакладчыкам высьвятляў мэты візыту ў РБ. Да канца ён ім, здаецца, так і не паверыў. Дый беларуская навакольная рэчаіснасьць аказалася зусім не такой, якой яе чакала ўбачыць нямецкая пара.
Яны думалі, што вакол будзе краіна перамогі сацыялістычных каштоўнасьцяў, а направер — постсавецкі аўтарытарны край, дзе людзі заклапочаныя зарабляннем грошай, пабудовай кватэры і набыцьцём кітайскага аўтамабіля са зьніжкай. І — так, ёсьць суботнікі і палітінфармацыі, але праз моўны бар’ер нічога не зразумееш, але й не разумеючы бачыш, што ўсё гэта праводзіцца «для галачкі», фармальна, без агеньчыка.
Таму немцы з амэрыканцамі выпраўляюцца дадому. А мы застаемся зь перасяленцамі з Расеі ды Латвіі. Расейцы загартаваныя сваёй дыктатурай (ды яшчэ й вайной!), іх так проста ня выправіш дахаты. А былым латвійцам дык проста няма куды вяртацца — яны ехалі ў Беларусь з квітком у адзін канец.
Паглядзім, чым скончыцца чарговае «вялікае перасяленьне народаў». Але варта тут дадаць, што беларусы — ня надта талерантныя людзі. І да перасяленьня ў РБ розных «панаехалых» ставяцца насьцярожана. Ужо цяпер у сацыяльных сетках усяляк абражаюць прадстаўнікоў «братняга расейскага народу», калі тыя пішуць пра свае пляны пераезду ў Менск. Маўляў, едзьце на сваю Калыму ці то ў Крым, там вам самае мейсца!
Але ў гэтых інтэрнэтах шмат чаго пішуць. У тым ліку і тое, што ёсьць краіна-рай на Зямлі. Дзе чысьціня, выдатныя дарогі, шчасьлівыя людзі пераходзяць дарогу выключна на зялёны сыгнал сьвятлафору, і «хуткая» прыяжджае, як толькі ты чхнуў...
Лявон Вольскі, Budzma.org