Буквар беларускіх птушак

Як завуцца птушкi на беларускай мове i чаму назвы iх часта не супадаюць з назвамi на рускай мове?

Буквар – самая першая кніга ў жыцці кожнага чалавека. Трымаючы пад рукой гэтую мудрагелістую кніжачку, дзіця спачатку няўпэўнена ступае ў школьны свет, спасцігае навуку чытання, каб потым шпаркаю хадой “крочыць” да маленькіх і вялікіх, але, безумоўна, сваіх кніжак. На працягу жыцця чалавек шмат чаго чытае, ўяўляе і перажывае. Але кожны памятае свае першыя крокі ў свет літаратуры і свае першыя прачытаныя гісторыі.

Асабіста мне на памяць прыходзіць гісторыя пра птушку, якая першай вітае надыход вясны. Птушка гэтая, як вам вядома, грак. Грак, нібыта высакародны чорны пан, вяльможна сочыць за прабуджэннем прыроды, адабральна гракае і радуецца вясновым ручайкам. Не хутка яшчэ прыйдзе самая квітнеючая пара, але ўжо зараз мы можам падрыхтавацца да яе надыхода, даведацца, як сустракаюць вясну іншыя насельнікі птушынага царства, якія песні спяваюць ёй.

Мяркую, вы здагадаліся, што найменні птушак, так як і раслін, у беларускай і рускай мове не заўсёды супадаюць. Назвы большасці беларускіх птушак заматываваныя, г.зн. што паходжанне іх назваў можна растлумачыць, абапіраючыся на тыя ці іншыя якасныя характарыстыкі – колер пер’я, характар палёту, пошчак і інш.

Вельмі часта сярод найменняў птушак сустракаюцца словы гукапераймальнага характару. Гэта значыць, што ў аснову намінацыі пакладзены словы ці ўтварэнні, якія апісваюць тыповыя для той ці іншай птушкі гукі.

Напрыклад, слова грак паходзіць ад гукапераймальнага дзеяслова гракаць са значэннем “каркаць”. Крык гэтай птушкі сапраўды нагадвае гукі крумкачоў. Слова крумкач, у сваю чаргу, паходзіць ад літоўскага дзеяслова kruñktiса значэннем “каркаць (пра варон)”.

У жыцці, сапраўды, цяжка адрозніць гэтых двух птушак па гуку, перш чым іх убачыш. Аднак для сапраўднага натураліста гэта не складзе асаблівай цяжкасці. Ён, нібыта наш далёкі продак, умее слухаць прыроду. Таму для яго кожная птушка шчабеча па-свойму непаўторна: свіргоча свіргуль (рус. стриж), каўкае каўка (рус. галка), крычыць сваё нязменнае кні-кні кнігаўка (рус. чибис). Ні з кім іншым не зблытаеш крык начной савы – пугача. Па-таямнічаму зырка свецяць ягоныя вочы ў начной цемры і разносіцца яго прыглушанае пугу! па лесе. Менавіта гэтае гукаперайманне ляжыць у аснове намінацыі. Дарэчы, гукапераймальны характар гэтай назвы засведчаны не толькі ў беларускай мове: нямецкі адпаведнік гэтай птушкі гучыць як derUhu.

Акрамя назваў гукапераймальнага характару сустракаюцца найменні птушак, заматываваныя іх знешнім выглядам, характарам паводзінаў ці манерай руху. Да такіх, напрыклад, адносіцца назва дзікай качкі – крыжаванкі. У аснове назвы ляжыць дзеяслоў крыжаваць, які апісвае выгляд гэтай птушкі ў лёце. Мякка, калыхаючыся ўправа і ўлева ўсім целам лётае ляляк (рус. козодой), менавіта таму і атрымаў такую назву, якая ўзыходзіць да праславянскага слова lelĕjati са значэннем “калыхацца”. Хутка, імгненна пырхае з галіны на галіну раплюк (рус. пеночка). Не ўсочыш за ім, з такім імпэтам ён імчыцца ад цябе па сваіх справах. У аснову назвы пакладзена экспрэсіўнае ўтварэнне на базе кораня рап, суадноснага са словам раптам. А вось назва “пліскі”, па меркаванню беларусаведаў, паходзіць ад дзеяслова пліскаць са значэннем “плёхацца ў вадзе”. І сапраўды, любіць гэтая птушачка паплёхацца пасля дажджу ў лужынах, дапамагаючы сабе пры гэтым сваім доўгім вузкім хвастком.

У беларускай мове таксама сустракаюцца сінанімічныя назвы птушак. Таго ж крумкача па-іншаму клічуць груганом, кнігаўку – каняй, а пліску – сітаўкай. А вось для рускай иволги беларусы прыдумалі ажно цэлых тры назвы – гівал, мірэза і падсалоўка.

Наша мова куды багацейшая, чым гэта здаецца на першы погляд.

Ірына Зорка, usebelarusy.by