Позна ўвечары 14 сакавіка віцебскага культурмэнэджара Уладзіміра Булаўскага адпусцілі на волю пасля 15 сутак арышту, паведамляюць праваабаронцы. Перад гэтым у яго дома правялі ператрус.
Уладзімір Булаўскі быў затрыманы ў асноўны дзень правядзення рэферэндума (27-га лютага) і асуджаны на 15 сутак. Яго мусілі адпусціць на волю яшчэ ўдзень 14 сакавіка. Аднак дадому яго прывезлі пяць сілавікоў, правялі ператрус і зноў забралі актывіста з сабой. Позна ўвечары з'явілася інфармацыя, што Уладзіміра ўсё ж такі адпусцілі.
Па інфармацыі праваабаронцаў зараз Уладзімір Булаўскі мае статус сведкі па крымінальнай справе.
Нагадаем, у канцы лістапада Уладзіміра ўжо адпраўлялі на «суткі» за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» па арт. 19.11 КаАП. Тады яго арыштавалі на 7 сутак.