У канцы лістапада ў Варшаве і ў сярэдзіне снежня ў Літве адбыўся 9-ты польскі фестываль беларускага кіно «Бульбамуві». Budzma.org разбіраецца, што паказалі гледачам і якія праблемы айчыннага кіно падсвяціла падзея.
Бульбамуві 2023. Фота: bulbamovie.wordpress.com
Пачуцці і думкі
Беларускаму кіно 17 снежня споўнілася 99 год — памежная дата перад стогадовым юбілеем, падчас якога было б варта святкаваць і радасна пляскаць адзін аднаго па плячы: «Вось, неяк жа дацягнулі!». Але калі казаць шчыра, святочным настроем не пахне. Ды і нагод для радасці не тое каб шмат.
Беларускае кінаасяроддзе, як і агулам усё грамадства, усё яшчэ застаецца жорстка палярызаваным на тых, хто гатовы супрацоўнічаць з дзяржавай, і хто цалкам не. Пры тым магчымасці для працы і самарэалізацыі ў аўтараў працягваюць скарачацца. Калі гаворка ідзе пра Беларусь, адныя здымаюць у шуфлядку ці ананімна для тэлебачання, іншыя — змаглі часова ўладкавацца на расійскім рынку. У эмігрантаў з захаду магчымасцяў для працы не тое каб шмат, асабліва для тых, хто працуе з ігравым кіно. Калі ўсё пералічанае нагадвае вам тупік, то вы добра разумееце, што цяпер адбываецца з беларускім кіно.
Падобныя неаптымістычныя перспектывы адлюстроўвае сёлета і «Бульбамуві» — кінафестываль, які цяпер лічыцца лакмусавай паперкай для праверкі актыўнасці айчынных кінематаграфістаў. Пры тым, што рэпрэсіі ў Беларусі і шырокая эміграцыйная хваля апошніх гадоў істотна перафарматавалі яго сутнасць. Бо напачатку 2010-х яго мэтай было знаёмства палякаў з беларусамі пасля снежня 2010 года, і кіно тут было важным элементам сувязі.
Пасля пераломнага 2020 года і знікнення з кінапрасторы краіны літаральна ўсіх кінападзей, дзе можна легальна паказаць незалежнае кіно без кантролю з боку ўлад, падзея цалкам ператварылася ў месца сустрэчы для айчыннай кінасупольнасці. Гэта права «Бульбамуві» адабрала ў кінафестываля «Лістапад», які пад кіраўніцтвам «Беларусьфільма» ўжо цалкам захрас у геапалітыцы і афіцыёзе. Пра прыемны «лістападаўскі» вайб» на «Бульбамуві» кажуць людзі, якія не аднойчы наведвалі мінскі форум.
Каманда фестывалю "Бульбамуві"
Але калі вяртацца да сёлетняй праграмы, то нечаканыя сюрпрызы ў «Бульбамуві» пачынаюцца са знаёмства з раскладам паказаў. Якуб Станкевіч, Кацярына Ядлавецкая, Анастасія Карповіч і г.д. — большасць гэтых імёнаў вам нічога не скажа, нават калі вы добра ведаеце айчынны кіналандшафт.
Адсутнасць заўсёднікаў фэсту можна было б патлумачыць пошукам фінансавання і праблемамі з вытворчасцю, якія апошнімі гадамі відавочна абвастрыліся. Але правільны адказ ляжыць амаль на паверхні — уся справа ў страху. Частка аўтараў цяпер проста баіцца ўдзельнічаць у польскім фестывалі пад уласным імем, таму ў тытрах на экране і афішах замяняюць імя на псеўданім. Безумоўна, такое было і на мінулым «Бульбамуві», але хутчэй як выключэнне, якое цяпер трывала ўкаранілася і стала часткай невясёлай паўсядзённасці.
Сам «Бульбамуві» тым часам усё болей падобны да фестывалю кіно made-by-Belsat. Гэта не добра і не дрэнна — гэта проста факт існавання праектаў пры інстытуцыі, у якой ёсць грошы на кантэнт. Тэлеканал выступіў як сустваральнік у большасці праектаў з асноўнай праграмы і як галоўны інфапартнёр фестывалю. Нарэшце можна лічыць «Бульбамуві» ўласнай вітрынай кінакантэнту «Белсат», як сённяшні «Лістапад» — вітрынай «Беларусьфільма». Такое параўнанне было б сумленным, аднак ёсць адно вялікае але паміж дзвюма падзеямі. Польскі фестываль усё ж працягвае паказваць кіно пазасістэмных аўтараў, а праўладны гэтую сувязь з грамадствам і культурным асяроддзем ужо цалкам згубіў.
Фільмы і сэнсы
Сустваральнік «Бульбамуві» Януш Гаўрылюк лічыць, што гледачы зусім стаміліся ад кіно пра 2020 год. У сэнсе, што «ну колькі можна паказваць фільмы пра пратэсты».
Януш Гаўрылюк і Андрусь Такінданг на фествалі «Бульбамуві-2023». Фота: bulbamovie.wordpress.com
Як пакуль бачна, гэтая тэма ўсё яшчэ з’яўляецца дамінуючай для аўтараў. І праграма сёлетняга «Бульбамуві» толькі дадаткова пацвярджае гэту думку. Яна прадстаўлена ў розных вобразах і формах, і можна не мець сумневаў, што яна будзе працягваць з’яўляцца ў новых стужках яшчэ вельмі доўгі час. Народная траўма апынулася настолькі ўсебаковай і моцнай, што яе не атрымалася выціснуць з публічнага поля нават лёсавызначальнай для ўсяго рэгіёна тэмай вайны ва Украіне.
Асабліва добра гэта разумееш на фільмах адкрыцця і закрыцця фестывалю.
Першы — «Развітанне» Якуба Станкевіча (псеўданім аўтара). Шчымлівае дакументальнае эсэ ад безыменнага супрацоўніка тэатра. У ім сталы мужчына шчыра прызнаецца ў любові да месца працы і калектыву, сумесна з якім ён звольніўся ў знак салідарнасці ў 2020 годзе. А ў хуткім часе вымушаны ўжо развітацца не толькі з тэатрам, але і з радзімай, якую варта пакінуць з мэтаў бяспекі. Герой прадчувае, што гэта расставанне беззваротнае, паколькі гады бяруць сваё, а гарызонт пераменаў застаецца вельмі ілюзорным пры яго жыцці.
Больш аптымістычны погляд на эміграцыю ў Аляксандра Матафонава, аўтара з маладзейшай генерацыі кінематаграфістаў, чым Станкевіч. У сваім аўтабіяграфічным назіранні «Так шмат і так мала» ён вельмі шчыра, эмацыйна і глыбока фіксуе гісторыю ўласнай сям’і — жонкі і двух сыноў. Яны з’язджаюць з-пад Мінска жыць у Польшчу пасля катастрофы жніўня 2020 года — і пачынаюць на чужыне адчуваць сябе як дома. Аўтар пакрокава прымае факт, што вяртанне на Радзіму часова немагчымае, і прынцяццё сітуацыі як ёсць суцішае боль, з якой сутыкнуўся шмат хто з беларусаў замежжа.
Кадр з фільма «Так шмат і так мала»
Беларуская палітыка і змаганне за дэмакратыю становяцца асноўнай ідэяй cтужкі «Такая надзея» Паўла Січэка. Фільм прысвечаны біяграфіі Андрэя Саннікава — дыпламата і кандыдата ў прэзідэнты Беларусі 2010 года, якога арыштавалі і кінулі на 5 год у турму, але датэрмінова выпусцілі праз знешні ціск.
У аўтараў атрымаўся парадны партрэт бездакорнага апазіцыйнага палітыка, які прайшоў шлях ад развалу СССР і пазбаўлення Беларусі ад ядзернай зброі да палітычнай барацьбы з рэжымам Лукашэнкі. Адзінае важкае але — пра існаванне Саннікава на радзіме сёння амаль не памятае ніхто, акрамя палітолагаў і журналістаў. А шырокая грамадскасць яго ўзгадала, калі ён сэксісцкі затроліў кандыдатку ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую фотаздымкам катлет у сябе ў фэйсбуку.
Кадр з фільма «Такая надзея»
Такі супярэчлівы кантэкст шчыра здзіўляе. Дзіўна ўсведамляць, што фільма Січэка шчыра камусьці цікавы, акрамя яго героя, спонсараў праекта і замежнай аўдыторыі. Але нават з улікам неразумення, чаму фільм пра апазіцыянера, чый пік палітычнай актыўнасці застаўся ў пачатку 2010-х гадоў, важна зазначыць, што «Такая надзея» дадаткова нагадвае заходняй аўдыторыі пра праблемы Беларусі. І ў сённяшняй сітуацыі зменлівай інфапавесткі — гэта ўжо вялікая справа, дзеля якой можна заплюшчыць вочы на шмат пытанняў.
Нешматлікае ігравое кіно, што трапіла ў праграму, таксама не абышло увагай беларускі аўтарытарызм і феномен 2020 года.
У шматпакутнай кароткаметражнай стужцы «Боцян» (праект ствараўся апошнія сем год для праекта «Хранатопь», які паспеў закрыцца да выхаду фільма) яе аўтар Януш Гаўрылюк адпраўляе паляка па мянушцы «Боцян» (Лукаш Вознякоўскі) з немаўлём ў Беларусь. Гэты містычна-сюрэалістычны трып нелегальнага перахода праз мяжу абнадзейліва сканчваецца ў пратэстнай Беларусі, не ведаючы, якія выпрабаванні чакаюць усіх яго ўдзельнікаў зусім неўзабаве.
Афіша фільма «Боцян»
А вось наступствы рэпрэсій і контрэвалюцыі ўжо добра разумеюць аўтары мінісерыяла «Працэсы» Андрэй Кашперскі і Міхась Зуй. Як і ў мінулым годзе (тады паказалі першы эпізод «Ператрымка»), яны працягнулі традыцыю пасерыйнага паказу праекта, першы сезон якога ўжо цалкам адзняты і адпрацаваны.
Прэзентацыя серыяла «Працэсы» на фестывалі «Бульбамуві». Фота: bulbamovie.wordpress.com
У другім эпізодзе школьнікі атрымліваюць магчымасць трапіць на экскурсію ў КДБ, якая выглядае як фабрыка Вілі Вонкі, толькі замест шакаладу тут катуюць і расстрэльваюць людзей. А ў трэцім — чыноўнікам міністэрства сніцца калектыўны сон пра смерць аўтакрата, які спачатку іх пужае, але ў рэшце рэшт прымушае аб’яднацца і дзейнічаць.
Калі казаць мовай мемаў пра «Працэсы», то так павінна выглядаць ігравое кіно здаровага чалавека. Нетыповае, эксперыментальнае, якасна знятае і сыгранае. Фактычна, у шоўранэраў і тэлеканала «Белсат», які прафінансаваў праект, атрымалася тое, што не атрымалася ў Мінкульта.
Міністэрства спрабавала супрацоўнічаць з прыватнымі кінастудыямі ў канцы 2010-х, вынікам чаго сталі праекты «Забароненая зона» Мітрыя Сямёнава-Алейнікава, «Дзесяць жыццяў Мядзведзя» Андрэя Кудзіненкі, серыял «За паўгадзіны да вясны». Бо якімі б якасці ні былі гэтыя фільмы, яны распавядаюць пра савецкае мінулае. Аўтары «Працэсаў» глядзяць у іншы бок — у сучаснасць, хай і робяць тое ў гратэскна-абсурдісцкім ключы. А іншых варыянтаў, як адэкватна ўспрымаць нашу непрыемную рэчаіснасць, амаль што і няма.
Пра культурную пераемнасць і сувязі пакаленняў распавядаюць дзве стужкі: «У пошуках Данііла Іванова» Кацярыны Ядлавецкай і «Да апошняга» Анастасіі Карповіч.
«У пошуках» аўтарка паглыбляецца ў дынаміку адносін сям’і Манько-Іванавых — дзеда, бацькі, сына і ўнука — на працягу стагоддзя. Гэта гісторыя мужчынскага клана, чыё жыццё зруйнавала савецкая ідэалагічная машына. Дзед Даніла быў арыштаваны за ўдзел у антыбальшавіцкай сялянскай вайне ў 1939 годзе і бясследна знік. Бацька Лонгін прайшоў ГУЛАГ і цудам не быў расстраляны. Сын Генадзь ваяваў у Афганістане. І толькі адзіны ўнук Антон жыве звычайным жыццём сучаснай моладзі: піша музыку і сустракаецца з сябрамі. Аднак сямейныя загадкі турбуюць і яго.
Кадр з фільма «У пошуках Данііла Іванова»
Сям’я Манько-Іванавых нарэшце вырашае знайсці адказ на пытанне, што здарылася з Данілам пасля арышту. Яго расстралялі? Зняволены? А можа, яму ўдалося ўцячы? Дзень за днём яны ідуць па слядах прадзеда, жорстка спрачаючыся паміж сабой.
У Ядлавецкай атрымаўся моцны і дасканала збудаваны мужчынскі партрэт цэлага пакалення беларусаў, якія гатовы да хрыпаты адстойваць уласныя перакананні і памылкі, застаючыся пры гэтым адной сям’ёй. І знаходжанне паразумення ў бясконцых канфліктах і эмоцыях падказвае нам, як варта абмяркоўваць публічна траўматычны досвед, што савецкага мінулага, што аўтарытарнай сучаснасці, не губляючы пры гэтым твар.
«Да апошняга» Анастасіі Карповіч таксама падымае пытанне складанага мінулага беларусаў. Яе героямі з’яўляюцца жыхары невялікай вескі Бялкоў, на беларуска-нямецкай мяжы. Большасць з іх — нашчадкі палешукоў, вымушаных эмігрантаў з Заходняй Беларусі. Адразу пасля Другой сусветнай вайны, у 1945-ым, іх прымусова выселілі са сваіх хат і адправілі на другі канец Польшчы. З апошніх сіл яны захоўваюць мову і культуру страчанай радзімы на памежжы ўжо існуючых цывілізацый.
У адрозненне ад Ядлавецкай, якая шукала сумесна з героямі праўду ў гістарычным мінулым краіны, Карповіч шукала факт злачынстваў. Яе фокус змешчаны на матывацыі і практыкі жыхароў Бялкова ў захаванні сваёй этнічнай ідэнтычнасці. Яны гатовы змагацца за сваю самасць, што адгукаецца рэхам і ў беларускай паўсядзённасці, якая паступова паглынаецца «рускім светам».
Дыскамфорт «Маладога кіно»
Сёлета секцыя «Маладога кіно», у якой звычайна фігуруюць працы пераважна аўтараў-пачаткоўцаў і аматараў кіно без досведу, не апраўдала чаканняў.
Сфармаваная праграма ігравога блоку, нягледзячы на адносную колькасць дасланых прац (а іх было 49), апынулася бездапаможна слабой. Большасць фільмаў нагадваюць ўзровень студэнцкіх эксперыментаў першых курсаў канаВНУ. Такое кіно можна паказваць толькі сябрам па закрытай спасылцы ці свайму настаўніку, але ніяк не на шырокую публіку. Бо ў гледача можа проста спыніцца сэрца ад прыступу некантралюемага крынжа.
Максім Жбанкоў у адным са сваіх апошніх тэкстаў пісаў, што беларускае кіно пасля 2020 года пачынае з нуля. Пра абнуленне з ім можна пагадзіцца, але яно нікуды не знікала і перманентна заставалася часткай кінапрасторы, з моманту з’яўлення першых незалежных беларускіх кінафестываляў.
На іх з года ў год паказваюць аматарскую самадзейнасць, але масавасць яўкі ніяк не перарастае ў нешта вартае ўвагі. Бо ўдзел у фестывалі ў гэтым працэсе не шмат чым дапаможа. Нешта змяніць можа добрая адукацыя, свабода творчасці і фінансаванне. Безбюджэтная дзейнасць — выклік толькі моцных духам людзей. Для большасці гэта проста не варыянт, асабліва на доўгую перспектыву.
Але не ўсе працы з «Маладога кіно» апынуліся слабымі. Сярод іх былі праекты, вартыя увагі: паўнаметражная дакументальная стужка «Беларусь 23.34» Тані Свірэпы пра вопыт пражывання гвалту ўдзельнікамі пратэстаў 2020 года, сатырычная камедыя «Чычынчэнел праляцелі зязюляй» Андрэя Кашперскага, дакументальнае эсэ «Не сыходзь пакорліва» Сашы Ігнатовіча, эксперыментальны док-трылер «Апошняя начная змена» Максіма Шведа. Дзёрзкай атрымалася анімацыйныя праца Юрыя Сямашкі «Кроў і караоке» пра бытавы гвалт і таксічную маскуліннасць, паказаная па-за праграмай. Мультфільм здымаўся для альманаха «COOL: Навіны з Беларусі» Мікіты Лаўрэцкага, але не трапіў туды. Што ніяк працы не зашкодзіла — яна цалкам арганічна і якасана выглядае як самастойны твор. Тут трэба нагадаць, што ў «Бульбамуві» да гэтай пары няма конкурсу ці секцыі анімацыі. І гэта трэба тэрмінова выпраўляць, бо аўтарская анімацыя ўпарта ігнаруецца і рэдка трапляе на публічныя паказы.
Расчаравала толькі, што ў межах фестывалю не адбылося нармальнай размовы з аўтарамі гэтых прац: ні ў першы дзень фэсту, ні ў другі. На пачынаючых кінематаграфістаў, якіх фестываль намагаецца падтрымліваць, не хапіла часу. А на размовы з аўтарамі фільмаў "Белсат" і TVP, якія шлі ў асноўным паказе, хапіла. Чаму арганізатарамі менавіта так былі расстаўлены прыярытэты, можна толькі здагадвацца. Але зразумела, што такія памылкі варта выпраўляць.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org
Чытайце яшчэ: Паміж рэпрэсіямі і эміграцыяй. Несуцяшальныя вынікі 2023 года ў беларускім кіно