Лепшае ігравое і дакументальнае кіно, лепшы кінапраект года, падзея года ў кіно, лепшы кінафестываль і нават скандал года (куды ж без яго) — вынікі 2023 года ў беларускім кіно падводзіць кінакрытык Тарас Тарналіцкі.
Выкарыстаўшы энергію 2020-га года і адаптаваўшыся да вайны і рэпрэсій, беларускае кіно паціху набліжаецца да самага непрыемнага стану — часовага анабіёзу.
Працаваць публічна ў Беларусі цяпер не проста немагчыма, а наўпрост небяспечна — людзей арыштоўваюць ужо проста за жаданне пачытаць уголас ідэі сцэнароў нязнятых фільмаў. Дзяржаўны кінематограф таксама завяршыў стадыю «акуклівання» — на пасаду гендырэктара «Беларусьфільма» прызначылі былога гарадзенскага ідэолага Юрыя Аляксея з маштабнымі планамі здымак прапагандысцкага кіно, а на пасаду кіраўніка Аддзела кінематаграфіі Мінкульта «панізілі» Ірыну Дрыгу — галоўнага цэнзара беларускай культуры апошніх дзесяцігоддзяў. З такімі кадрамі, ніякая крамола за бюджэтны кошт сапраўды не праскочыць.
Таму ўся творчая актыўнасць перамясцілася ў эміграцыю. Год адзначыўся актыўнасцю і канкурэнцыяй кінааб’яднанняў і вялікім фестывальным трыумфам фільма «Радзіма» Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі, створаным за грошы кінафондаў іншых краін.
Кадр з фільма «Радзіма»
Але сапраўдных магчымасцяў для працы ўсё яшчэ няма — акрамя конкурсаў тыпу ArtPower Belarus ад Беларускай рады культуры, грошы на здымкі па-ранейшаму шукаць вельмі складана. Вычарпаліся фінансы і на напрамку тэледакументалістыкі — праекты «Malanka.Doc» і «Жыве Беларусь» ад «Настоящего времени» ўжо болей за паўгады не публікуюць свежага кантэнту, пэўную актыўнасць захаваў толькі дакументальны напрамак тэлеканала «Белсат». Частка аўтараў знаходзіць магчымасць працаваць за мяжой (Расія, Польшча, Літва), але гэта хутчэй выключэнні з агульных правілаў.
Калі ў беларускай кінасупольнасці тэрмінова не з’явіцца сістэмнага разумення, як існаваць і працаваць за мяжой, нас, звычайных гледачоў, чакае працяглы час адсутнасці прафесійнага кіно. На існаванні аматарскага безбюджэтнага ці малабюджэтнага кантэнту гэта ніяк не адаб’ецца.
Падзея года — стварэнне BIFA і разгортванне актыўнасці ВFN
Трэці год эміграцыі абазначыўся лавінападобным стварэннем творчых інстытутаў. Свае аб’яднанні стварылі тэатралы, фатографы, музыкі, але заканадаўцамі моды сталі менавіта кінематаграфісты. У пачатку года падчас Берлінале з’явілася Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA), а крыху пазней пачала актыўнасць Беларуская сетка кінафільмейкераў (BFN). Яна таксама запрацавала падчас Берлінале 2022 года.
Нягледзячы на тое, што дзве арганізацыі падобныя паміж сабой і дэкларуюць часам аднолькавыя мэты і каштоўнасці, адрозненне паміж імі паціху выбудоўваецца.
Так BIFA добра выконвае «дыпламатычную» функцыю — прадстаўляе беларускае кіно пакуль выключна на еўрапейскіх кінапляцоўках, а таксама вырашае сітуацыі з дыскрымінацыяй аўтараў па факце грамадзянства. У BFN жа хапіла рэсурсаў для практычнай дзейнасці па супрацы з аўтарамі. Яны зладзілі некалькі з’ездаў кінематаграфістаў (у Варшаве і Берліне), запусцілі інкубатар мікрабюджэтнага кіно, арганізоўваюць паказы стужак (Берлін).
Паглядзім, у якой арганізацыі атрымаецца аб’яднаць вакол сябе найбольш актыўную і ўплывовую частку кінасупольнасці.
Лепшы кінапраект года — серыял «Працэсы»
Вялікіх кінападзей у гэтым годзе было не так шмат. Да экранаў дайшоў у цэнзураваным выглядзе беларуска-расійскі серыял «За паўгадзіны да вясны», «Беларусьфільм» ганарыўся штучным поспехам свайго ідэалагічнага праекта «На іншым беразе».
Міхась Зуй і Андрэй Кашперскі, аўтары серыяла «Працэсы» пасля прэм'еры. Варшава, Польшча. 10 снежня 2023 года.
На гэтым фоне сапраўды пераканаўча выглядаў толькі мінісерыял «Працэсы» — ігравы праект творчай каманды сатырычнага праекта «ЧынЧынЧэнэл». Андрэй Кашперскі і Міхась Зуй нарэшце пасля эксперыментаў на ютубе разгарнулі плечы ўласнай фантазіі, ператварыўшы форменны абсурд беларускай інфапавесткі ў змрочную фантасмагорыю, падобную на амерыкана-брытанскі серыял «Чорнае люстэрка» і стужкі Тэры Гіліама. Эксперымент спадабаўся далёка не ўсім, але гэта як раз добры паказчык сапраўды жывога і вартага абмеркавання праекта.
Фестываль года — «Нефільтраванае кіно»
Пасля 2020 года арт-менеджмент незалежных кінападзей у Беларусі альбо знік як факт, альбо цалкам перамясціўся ў замежжа. Фактычна апошнім з магікан, які яшчэ спрабаваў працаваць, быў фестываль «Нефільтраванае кіно». Але і да яго дацягнулася машына рэпрэсій, адмяніўшая ўзгодненую падзею за суткі да правядзення, а потым забараніўшы яшчэ некалькі івэнтаў у іншых гарадах краіны. Праз час «Нефільтр» усё ж адбыўся, але ва ўсечаным выглядзе — у Літве і Грузіі. Але лёс падзеі і яе стваральнікаў застаецца туманным.
Скандал года — ліпавы поспех стужак «Беларусьфільма»
Рэжым працягвае запэўніваць беларусаў у жыццяздольнасці сваёй палітыкі не толькі праз тэлебачанне, але і праз вялікі экран. За апошні год «Беларусьфільм» стварыў некалькі ігравых праектаў, што транслююць разуменне патрыятызму па-лукашэнкаўску. Так у вытворчай драме «Ліст чакання» Аляксандр Яфрэмаў распавёў гісторыю кардыёлага, які адмаўляецца ад працоўнай эміграцыі ў Германію і застаецца ў Беларусі. Наняты расійскі рэжысёр Андрэй Хрулёў выканаў дзяржзамову, зняўшы псеўдагістрарычны фільм «На іншым беразе» пра гаротнае жыццё ў Заходняй Беларусі ў 1920-я гады пад уладай польскага ўрада. Агрэсіўная медыякампанія ў дзяржаўных СМІ, скіраваная на тое, каб паказаць, што стужкі карыстаюцца попытам у гледача, сышла ў малако. Моладзь на паказах крынжавала ад прапаганды, а больш дарослыя гледачы ацанілі патугі «Беларусьфільма» на 3 балы з 10. Прыкладна так і выглядае поўнае фіяска.
Анекдот года — запрашэнне кінематаграфістаў на прыём да Ірыны Дрыгі
Калі паспрабаваць палічыць, то за мінулыя тры гады дзяржава ўжо некалькі разоў спрабавала прывабіць да сябе творчую моладзь, якая разбеглася хто куды. Ладзіліся кулуарныя запрашэнні і адкрытыя пітчынгі на праўладным «Лістападзе», конкурсы пры Міністэрстве культуры, нават «Беларусьфільм» адчыніў студыю маладзёжнага кіно «Смолка», але жадаючых болей не стала. За моладзь афіцыйна адпрацоўвае нядаўні выпускнік БДАМ Кірыл Халецкі, якому далі зняць вытворчую камедыю пра працу на студыі «Кіношнікі», а цяпер вось накіравалі на здымкі сумеснай беларуска-кітайскай стужкі.
Апошняй спробай з боку дзяржавы наладзіць дыялог з непакорлівымі маладзёнамі можна лічыць пафаснае запрашэнне аб супрацы з боку Ірыны Дрыгі, цяперашняй кіраўніцы Аддзела кінематаграфіі Мінкульта. Экс-галоўны цэнзар Мінкульта, які забараняў экранізацыі Быкава і ствараў «чорныя спісы» музыкаў, тэрмінова шукае «пяты элементы» — талант і крэатыў ад аўтараў. Падаецца,знайсці жадаючых супрацоўнічаць, будзе складана.
Найлепшы паўнаметражны (і адначасова кароткаметражны) ігравы фільм — COOL (Навіны з Беларусі)
З ігравым незалежным кіно ў беларусаў пакуль цяжкія адносіны праз адсутнасць сталага фінансавання. Не тое, каб яго зусім няма. Кейсаў камерцыйных праектаў, сярод якіх пераважаюць расійскія, як раз хапае: камедыя «Шкодная звычка» Мітрыя Сямёнава-Алейнікава, трылер «Дзіўны дом» Максіма Максімкова, крымінальная камедыя «Сардэчна запрашаем у сям’ю: Кухар з Неапаля» Уладзіміра Зянкевіча, трылер «Сачэнне» Уладзіміра Янкоўскага, трылер «Забароненая група» Яўгена Лыткіна і г.д.
COOL альманах
Але больш пераканаўчым ў сваёй форме і тэматыцы апынуўся куратарскі кіначасопіс COOL рэжысёра, каміксіста, кінакрытыка і стэндапера Мікіты Лаўрэцкага.
Яго новы праект у нечым неўлоўна нагадвае зачынены праект «Хранатоп» Андрэя Кудзіненкі, які працаваў з міфамі і забабонамі грамадства. Лаўрэцкі ж абраў у якасці драматургічнай асновы навіновую зводку краіны. Так атрымаўся трывожна-эклетычны набор з больш чым дзясяткам прац, зробленых у рознай форме і рознымі аўтарамі, але нязменна дасылаючых гледача да беларускай рэчаіснасці.
Кіназін COOL неабавязкова вам спадабаецца, але шанец, што сярод гэтых гісторый вас хоць адна зачэпіць, даволі высокі.
Найлепшы поўнаметражны дакументальны фільм — «Радзіма»
Пераадольваючы ўсе перашкоды на сваім шляху, айчынная дакументалістыка паступова набліжалася да сапраўднага міжнароднага поспеху. Які і выкрышталізаваўся ў выглядзе фільма «Радзіма» Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі.
Кадр з фільма «Радзіма»
Стужка з глыбокім аналізам сацыяльных працэсаў, у якім варыцца беларускае грамадства на працягу 30 гадоў, знятая за грошы кінафондаў Украіны, Швецыі і Нарвегіі, спачатку стрэліла на адным з галоўных дакументальных фестываляў Еўропы — дацкім СРH:DOX. А потым прабілася ў намінанты (другі раз у гісторыі беларускага кіно) прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі, а таксама трапіла ў доўгі спіс цырымоніі «Оскар».
Грошай і напору на перамогу ў прэстыжных прэміях гэтым разам не хапіла, але трэба зазначыць — спроба атрымалася вельмі моцнай.
Найлепшы кароткаметражны дакументальны фильм — «Беларусь. OST»
Незнаёмы аўтар пад псеўданімам Янка Банкоўскі наклаў аўдыёзапісы з 2020 года (гвалт над пратэстоўцамі, уцёкі ад сілавікоў, страляніна пад балконам і шмат што яшчэ) на відэа з камеры, якая паказвае ціхамірную і амаль цалкам пустую Плошчу Свабоды ў Мінску ў чэрвені 2021 года.
Атрымаўся моцны мантажы фільм, які проста фізічна балюча глядзець, бо ты непазбежна акунаешся ў трамаўтычныя ўспаміны лета і восені 2020 года. Пры гэтым бесклапотны відэашэраг не стамляецца нагадваць, якім коштам рэжым дамогся цішыні і бязлюднасці ў Беларусі.
«Беларусь. OST» — гэта фільм пра самоту і горыч мінулага. Якія нельга забываць, а варта перыядычна вяртацца і нагадваць, дзеля чаго гэта ўсё было.
Найлепшы анімацыйны фільм — «Калыханка»
Яскравая імпрэсіянісцкая праца пра перажыванне гвалту і трывогі ў горадзе, дзе адбываюцца сапраўдныя злачынствы.
Стваральнік цудоўнай аўтарскай анімацыі Іван Гапіенка («Царства зор», «Мары пра космас»), з’ехаўшы ў Польшчу, сумесна з паплечнікамі стварыў універсальную кароткаметражную працу, якую глядач з любым досведам можа інтэрпрэтаваць па-свойму. І толькі беларус зразумее пра што дакладна ідзе гаворка.
Найлепшы прадзюсар — тэлеканал «Белсат»
Сёння расклад сілаў такі, што грошы на працу беларускіх кінавытворцаў ёсць толькі ў «Беларусьфільма» і прыватных каналаў. Найбуйнейшы з іх — польскі «Белсат», на якім у гэтым годзе выйшаў серыял «Працэсы» і цэлы шэраг дакументальных стужак, паказаных у праграме сёлетняга кінафестываля «Бульбамуві». Пакуль што гэта, бадай, галоўнае места, дзе аўтары без цэнзурнага ціску могуць зняць уласны праект. У сённяшнія нялёгкія часы — гэта шмат каштуе.
Найлепшыя рэжысёры — Аляксандр Міхалковіч і Ганна Бадзяка
Нечаканы дуэт фатографа і дакументаліста Аляксандра Міхалковіча і тэлежурналісткі Ганны Бадзякі выліўся ў моцны праект «Радзіма», які ствараўся цягам чатырох год. Іх стужка зафіксавала злом эпохі паміж камфортнай Беларуссю канца 2010-х гадоў і трывожнай рэчаіснасцю першай паловы 2020-х. Сумесна з Андрэем Куцілам («Стрыптыз і вайна») і Максімам Шведам («Чыстае мастацтва»), Міхалковіч і Бадзяка ўваходзяць у авангард сучаснай айчыннай дакументалістыкі.
Найлепшы блакбастар у пракаце — «Барбі»
Сёлетні кінасезон прайшоў у абмеркаваннях двух галоўных галівудскіх блакбастараў: звышсур’ёзнай гістарычнай драмы «Апенгеймер» Крыстафера Нолана і звышіранічнай метакамедыі «Барбі» Грэты Гервіг.
Беларусаў гэтая культуралагічная спрэчк не абмінула, нават з улікам таго, што ў краіне ўжо амаль два гады існуе пракат пірацкіх версій амерыканскага кіно. У выніку, з вялікім адрывам перамог яркі вобраз Марго Робі, якая з дазволу карпарацыі Mattel ператварылася ў эмансіпіраваную жанчыну з сапраўднай вагінай (абавязкова паглядзіце фільм, каб зразумець жарт). І гэта быў відавочны расклад — лепшую прапанову, каб збегчы ад нашай жортскай і гвалтоўнай рэчаіснасці ў бесклапотны свет прыгожых лялек, сёння не так проста адшукаць.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org