Герман Бідэр (Hermann Bieder), прафэсар, доктар філязофіі. 70 гадоў. Жыве і працуе ў Зальцбургу (Аўстрыя). Сфэры зацікаўленьняў – усходнеславянскае (беларускае, украінскае, расейскае) і польскае мовазнаўства.
“Я зацікавіўся Беларусьсю ў 1960-я гады, калі быў студэнтам Венскага ўнівэрсытэта. Спачатку вывучаў расейскую і польскую філялёгію. Потым
вырашыў пашырыць сваю славістычную кампэтэнцыю, таму што не хацеў ісьці пратаптанай дарогай русіста, паляніста альбо сэрбіста, а абраў больш
складаны, піянэрскі шлях мовазнаўцы – беларусіста і ўкраініста. Можна сказаць, што я не хацеў быць сотым русістам, лепш ужо стаць адным зь
першых беларусістаў і ўкраіністаў у Аўстрыі.
Летам 1977 года па абмене дасьледчыкамі паміж Аўстрыйскай і Беларускай акадэміямі навук я ўпершыню пабываў у Менску. Тагачасны дырэктар
Інстытута мовазнаўства Жураўскі дазволіў мне свабодны доступ да каштоўнай слоўнікавай картатэкі старабеларускай пісьменнасьці, да друкаваных старажытнабеларускіх тэкстаў. Я пасябраваў з многімі навуковымі супрацоўнікамі. Вельмі ўразіла гасьціннасьць, шчырасьць, адкрытасьць людзей, жаданьне ў любы момант прыйсьці на дапамогу – у гэтым беларусы значна адрозьніваюцца ад больш прагматычных і замкнёных на сваіх унутраных праблемах аўстрыйцаў.
Зь іншага боку, уразіла мяне тое, што ў Менску тады амаль ніхто (акрамя супрацоўнікаў Акадэміі навук) не размаўляў па-беларуску. Размоўнай і дзелавой мовай паўсюль была расейская. Такой сытуацыі, дзе ў сталіцы краіны пануе не нацыянальная мова, а чужая, я не сустракаў нідзе ў сьвеце.
Другое, што мяне вельмі ўразіла тады ў Беларусі, – строгі палітычны кантроль. Нават навукоўцы Акадэміі навук у сяброўскім асяродзьдзі пазьбягалі палітычных дыскусій. Памятаю, як падчас маёй стажыроўкі ў Акадэміі навук там адзначаўся нейкі чарговы юбілей Дзяржынскага, на які запрасілі і мяне. Я згадаў сумнеўную рэпутацыю Дзяржынскага як кіраўніка тагачаснага КДБ, выказаў некалькі крытычных заўваг і адмовіўся. Пасьля гэтага КДБ зацікавіўся і мной…
У 1990-я я бываў у Беларусі даволі часта. Кантактаваў у асноўным з навукоўцамі, апантанымі дасьледчай працай, шчырымі і адкрытымі. Добрым словам згадваю выбітных беларускіх мовазнаўцаў Жураўскага, Булыку, Садоўскага.
Пра адмоўныя якасьці беларусаў мне цяжка меркаваць. Магчыма, да такіх рысаў можна аднесьці пэўную пасыўнасьць беларусаў, недастатковую самаўпэўненасьць, выкліканую векавым прыгнётам, недахоп нацыянальнай самасьвядомасьці і схільнасьць паддавацца чужому ўплыву. Напэўна, гэтая няўпэўненасьць ва ўласных сілах замарудзіла фармаваньне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці і адбілася на моўнай сытуацыі.
Тое, што простыя людзі не клапоцяцца пра сваю мову, што яны абыякавыя да культурных праблем, гэта зразумела. Але ад інтэлігенцыі краіны можна было б чакаць большага клопату пра мову, культуру. Я бываў на многіх міжнародных канферэнцыях у Беларусі і заўважыў, што палітычныя дзеячы, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі на іх не прысутнічаюць. І таму да шырокіх колаў не даходзіць інфармацыя аб культурных і навуковых імпрэзах. Як славіст і гісторык магу сказаць, што іншыя нешматлікія славянскія народы (напрыклад, чэхі, славакі, славенцы) таксама прайшлі складаныя гістарычныя этапы свайго культурнага разьвіцьця. Але яны пераадолелі гэтыя праблемы дзякуючы таму, што іх культурная эліта рашуча абараняла традыцыі, мову, пісьменства.
Адзіны ў сьвеце і той факт, што цяперашняе кіраўніцтва Беларусі ня толькі спрыяе разьвіцьцю ў дзяржаве чужой мовы і культуры, але часам ставіцца нядобразычліва і нават з пагардай да нацыянальнай мовы і культуры беларусаў.
Я вельмі спадзяюся, што і Беларусь з часам трансфармуецца ў дэмакратычную, шматпартыйную прававую дзяржаву, якая стане паўнавартасным партнэрам Эўразьвязу. Неабходна ўраўнаважыць стасункі і з Расеяй, і з Эўразьвязам. Патрэбная палітычныя, эканамічная і культурная пераарыентацыя Беларусі. Толькі ў рэфармаванай дзяржаве родная беларуская культура зможа заняць годнае месца ў грамадзкім жыцьці, а беларуская мова зможа зноў стаць агульнанароднай, якая будзе панаваць ва ўсіх сфэрах камунікацыі”.