Любамір Гомбаш, Чэхія. Былы журналіст.
Упершыню я наведаў Беларусь дванаццаць гадоў таму. Пры канцы 90-х яна яшчэ несла след глыбокага эканамічнага крызісу, выкліканага распадам Савецкага Саюза, а праз адміністрацыйны кантроль абменнага курсу эканоміка цярпела ад недахопу замежнай валюты. Я памятаю, што абменныя пункты выкупалі даляр па афіцыйным курсе 250 000 рублёў, а “рынкавы” курс на чорным рынку быў у два і нават тры разы вышэйшы. Такім чынам, для замежніка знаходжанне ў Беларусі было вельмі танным, але і поўным прыгод. Немагчыма было вызначыць, ці мужчына ў чорнай шапцы — валютчык, які вам за вашыя даляры прадасць “зайчыкаў”, ці міліцыянт у цывільным, які вашыя даляры адбярэ, а рукі закуе ў кайданкі.
У 90-х гг. чэхі ведалі пра Беларусь вельмі мала, для нас гэта была проста “Расія”. Мы пакрысе пачалі адрозніваць ад Расіі Украіну, адкуль да нас прыязджалі дзясяткі тысяч гастарбайтараў, але Беларусь была цалкам па-за нашай здольнасцю дыферэнцыяцыі. Пасля аксамітнай рэвалюцыі чэшскі ўрад і бізнэс арыентаваліся на Еўрапейскі саюз, а на “Савецкі Саюз” мы намагаліся хутка забыцца. Дый мэйнстрымавыя СМІ інфармавалі пра Усходнюю Еўропу спарадычна і часта няўхвальна.
Са школы я памятаў пра Беларусь толькі яе сталіцу Мінск і пінскія балоты, адкуль, паводле нашай настаўніцы гісторыі, паходзілі славяне. Зрэшты, у курсе гісторыі ў чэшскіх школах праходзяць яшчэ Вітаўта, Жыгімонта Карыбутавіча, Вялікае Княства Літоўскае і польска-літоўскую персанальную унію. Але пра тое, што гэтыя паняткі маюць нешта агульнае з Беларуссю, я нават не падазраваў. Беларусь жа ўзнікла “штучна” ў 1991 годзе, а да таго была цемра.
Папулярызацыі Беларусі ў Еўропе міжволі паспрыяў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, адыёзныя крокі якога пачалі часцей прыцягваць увагу СМІ да Беларусі, і з цягам часу веданне пра Беларусь як пра “краіну караля Аляксандра” ў еўрапейскім асяродку пашырылася. Хваля палітычнай цікавасці падрыхтавала глебу для адкрыцця беларускай культуры, літаратуры і гісторыі. Дзякуючы высілкам рупных энтузіястаў і “сяброў Беларусі” ў апошнія гады нарэшце выдаюцца пераклады сучаснай літаратуры, а СМІ публікуюць падарожныя рэпартажы.
Я думаю, што адзін з недахопаў беларускай улады — гэта няўменне прэзентаваць сваю краіну ў замежжы. Пры гэтым хапіла б усяго толькі падтрымаць заснаванне кафедраў беларусістыкі ў вялікіх еўрапейскіх універсітэтах, фінансаваць пераклады беларускай прозы і паэзіі або арганізаваць стажыроўкі для замежных студэнтаў у ВНУ ў самой Беларусі, натуральна, з выкладаннем на ангельскай мове. Праз 10-15 гадоў выпускнікі стануць натуральнымі прапагандыстамі Беларусі, і сённяшняя невялікая інвестыцыя шматкроць акупіцца, калі цяперашнія студэнты стануць бізнэсоўцамі, чыноўнікамі або мэнэджарамі вялікіх фірмаў.
Вы хутка заўважыце, што беларускаму грамадству бракуе кантакту з замежнікамі, прынамсі, я сутыкаўся з пэўным недаверам з боку звычайных людзей, пакуль не навучыўся гаварыць па-руску. Мне часта здавалася, што людзі ў крамах ці на вуліцы мяне нават баяцца. Я пытаюся што-небудзь, а чалавек ад мяне адварочвацца і робіць выгляд, што не чуе майго пытання, або недарэчна ўсміхаецца і адводзіць вочы. Спачатку я думаў, што гэта праява ксенафобіі, але хутка зразумеў, што рэч у замкнёнасці, якая мае карані яшчэ ў савецкіх часах. Гэта робіць дэпрэсіўнае ўражанне, але мне сапраўды здаецца, што звычайныя беларусы пазбягаюць замежнікаў. Пры гэтым ва Украіне, у Малдове і ў Прыбалтыцы я з такім страхам замежнікаў ніколі не сутыкаўся, людзі там прымаюць турыстаў нармальна і звычайна нават не падаюць выгляду, што я замежнік.
Я памятаю адно здарэнне з ліпеня 1999 года. Гаспадыня кватэры, дзе я кароткі час жыў, чымсьці пераймалася, а праз два тыдні спытала: “Любомир, а вы случайно не шпион?” Небарака не магла зразумець, што я магу так доўга рабіць у Беларусі — а як што я не быў ні турыстам, ні бізнэсоўцам, ні студэнтам (інакш бы я, вядома, жыў у гатэлі або ў інтэрнаце), я трапіў у апошнюю магчымую катэгорыю замежнікаў — шпіён. У яе ў галаве не ўкладалася, што нейкі замежнік можа цікавіцца Беларуссю без старонніх намыслаў і некалькі месяцаў падарожнічаць па краіне, фатаграфаваць, купляць кнігі і знаёміцца з людзьмі.
Пачаткі былі для мяне цяжкімі, я не ўмеў чытаць кірыліцу і не ведаў ні слова па-руску, таму камунікаваў жэстамі. Я слухаў навакольныя размовы, намагаўся вылавіць і раздзяліць асобныя словы і дапасаваць да іх значэнні. Часам людзі размаўлялі па-руску, часам па-беларуску, але розніцы я, вядома, не чуў. Я адначасова вучыў абедзве мовы і спачатку не мог адрозніць, дзе руская, а дзе беларуская, таму ўзнікалі камічныя сітуацыі з амонімамі, калі я адвольна ўзаемазамяняў беларускія, рускія, чэшскія і польскія словы аднолькавага гучання, не ведаючы іх сапраўднага значэння. Дагэтуль часам здараецца, што ў гутарцы на рускай мове я незнарок ужываю беларускае слова, і рускія мяне не разумеюць.
Толькі пачаўшы адрозніваць мовы, я зразумеў, што ў штодзённым жыцці актыўнае ўжыванне беларускай мовы не вітаецца: прадавачка за прылаўкам у ЦУМе адмовілася мяне абслужыць і крычала на ўвесь паверх: “Мужчина! Я вас не понимаю!” Яе рэакцыя мяне папраўдзе шакавала. На шчасце, я хутка ўліўся ў беларускамоўнае асяроддзе і не цярплю ад недахопу моўнай практыкі. Тым не менш, і беларускамоўныя пры камунікацыі з “астатнім светам” пераходзяць на рускую — з сябрамі гавораць па-беларуску, у крамах і ў дзяржаўных установах — па-руску.
Назіраючы за людзьмі, вы пачняце заўважаць, што грамадства падзеленае на два лагеры — савецкі і еўрапейскі, на дзве паралельныя супольнасці, якія між сабой не размаўляюць. Ва Украіне культурна-палітычны падзел мае сваю геаграфічную мяжу (усход vs. захад), але ў Беларусі вы ніякай бачнай рысы не знойдзеце, кожны беларус — удзельнік перманентнай схаванай грамадзянскай вайны, няўцямнай і незразумелай для замежніка. Гэта вельмі дрэнна, бо калі не ўдасца знайсці аб’яднаўчую ідэю, краіна будзе марнець маральна, нацыянальна і культурна, а ўрэшце дойдзе і да сацыяльнага і эканамічнага заняпаду, таму што здольных і разумных людзей гэтая “вайна” змусіць да масавай эміграцыі. Нават у выпадку зменаў Беларусь будзе ачуньваць яшчэ дзесяцігоддзі.
Першае, што кінулася мне ў вочы падчас самага першага шпацыру па Мінску, — гэта магутны прадстаўнічы будынак у самым цэнтры горада. Я меркаваў, што гэта мог бы быць рэктарат універсітэта. Калі ж мне патлумачылі, што гэта цэнтральны будынак КДБ, я адчуў пэўную прыкрасць.
Калі я штосьці шчыра не магу зразумець, дык гэта тое, чаму беларусы ўсюды ціснуцца. На ўваходзе ў вагон метро, у тралейбус, у трамвай — кожны павінен быць першым. Дзверы адчыняюцца, людзі яшчэ не паспелі выйсці, а тыя, што звонку, ужо ціснуцца ўсярэдзіну. Што б здарылася, калі б яны 30 секунд пачакалі, пакуль усе выйдуць? Праз гэтую нацыянальную “гульню ў ціскалкі” мне некалькі разоў не ўдалося выйсці на патрэбнай станцыі.
Тым больш аптымізму ўсяляюць адзінкі, якія ўсведамляюць гэтыя нацыянальныя недахопы і намагаюцца іх разбураць і змяняць. Адно што яны ўсё яшчэ меншасць і, на жаль, праз нейкі час зморацца, саступяць і таксама эмігруюць. З Беларусі штогод з’язджаюць тысячы прагрэсіўных грамадзянаў, якія рэалізуюць свае здольнасці ў іншых краінах, дзе плацяць падаткі і выхоўваюць сваіх дзяцей.
Маладыя людзі не бачаць перспектывы і таму пераязджаюць у Амерыку і Заходнюю Еўропу. Дастаткова наведаць ін’яз ці моўныя кафедры БДУ — на апошнім курсе большасць студэнтаў эмігруе. І не дзіва, я б таксама эміграваў. Беларусь — гэта месца, непрыдатнае для чалавека, які любіць свабоду, які хоча пражыць жыццё паводле ўласных уяўленняў і браць на сябе ўласную адказнасць. Ад звычайных людзей патыхае апатыяй. Яны баяцца гаварыць уголас, баяцца скардзіцца, баяцца адстойваць сваю пазіцыю. Яны ахвотна прымаюць усё, што прыходзіць зверху, грамадзянам жа не належыць пярэчыць і крытыкаваць. У размове з вамі беларус хутчэй за ўсё будзе бараніць стан рэчаў і не дапусціць, што сітуацыя магла б быць іншай, можа, нават лепшай.
Беларусь вельмі адставала ў сектары паслугаў. Вядома, яна мяняецца на вачах, хутка мадэрнізуецца, і ў матэрыяльным сэнсе шмат што палепшылася: на вуліцах больш банкаматаў, адчыняюцца новыя крамы, большасць мае доступ да інтэрнэту, але я думаю, што гэтай краіне ўсё яшчэ далёка да Украіны ці Расіі.
Я памятаю, як раней у некаторых крамах трэба было спачатку адстаяць чаргу па прадукты, а потым другую чаргу ля касы, каб заплаціць, а пасля гэтага вярнуцца з чэкам у першую чаргу і забраць свой тавар. Гэтая абсурдная савецкая сістэма, на шчасце, у Мінску знікла. Але засталіся перапынкі ў крамах, у абменных пунктах, у дзяржаўных установах і на вакзале. Вы стаіце ў чарзе, а калі падыходзіце да акенца, касірка зачыняе яго перад вашым носам без тлумачэння. Калі вы неўразумела пазіраеце, як выгукне: “Технический перерыв! Идите в другую очередь!” Мне спатрэбіўся нейкі час, каб навучыцца глядзець на рэжым працы перад тым як заняць месца ў чарзе. Гэтая практыка дагэтуль даводзіць мяне да шаленства.
Сёння ўжо не трэба нават ездзіць у Беларусь: толькі ў Празе жыве больш за дзве тысячы беларусаў, а ва ўсёй Чэхіі — больш за чатыры тысячы. Я люблю Беларусь і за гэтыя гады пачаў лічыць яе сваім другім домам. Беларусь — прыўкрасная краіна з цудоўнымі людзьмі. Я багомлю беларускія цукеркі, сыркі, пельмені, боршч, аладкі і дранікі. Дзеля іх мае сэнс вяртацца ў Беларусь зноў і зноў.