21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Вядома, для нас лепшы спосаб адзначыць гэты дзень — гаварыць і гаварыць па-беларуску, пра ўсё і ўсюды. І не толькі сёння!
Менавіта сёння мы палічылі вартым прэзентаваць частку даследавання, праведзенага напрыканцы 2017 года “Беларускай аналітычнай майстэрняй” з ініцыятывы Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання “Сімпа” і нашай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Падобнае сацыялагічнае апытанне ладзілася таксама ў 2009 і 2012 гадах кампаніяй “Будзьма!”. Таму ёсць што параўноўваць.
Так, на падставе вынікаў новага апытання і папярэдніх, павялічыўся адсотак людзей, якія папросту ніколі і не задумваліся пра тое, хто менавіта сёння размаўляе па-беларуску (32,2% ў 2017 і 28,9% у 2012). Адначасова змены бачныя і ў меркаванні, што беларускамоўныя – сапраўдныя беларусы і патрыёты: з 46,7% у 2012 да 36,4% у 2017-м.
Зменшылася колькасць людзей, якія мяркуюць, што беларускую мову ўжывае “эліта” нацыі” (з 10,4% да 4,4%), апазіцыя (з 8,9% да 6,4%), “нацыяналісты” (з 5,2% да 2,9%), вяскоўцы (з 6,1% да 3,2%) альбо тыя, хто “проста выпендрываецца” (з 7,5% да 5,8%). Зрэшты, “дзівакамі” беларускамоўных усё ж такі ячшэ лічаць 6,2% (у 2012 — 4,4%).
Можна выказаць дапушчэнне, што маецца тэндэнцыя ва ўспрыманні роднай мовы як проста мовы, без адзнакі прыналежнасці да вузкага кола, палітычнай заангажаванасці, “калгаснасці” ці нейкай дэвіяцыі.
Лічбы ёсць лічбы, яны могуць мець пагрэшнасць, але ўсё адно адлюстроўваюць пульс грамадскай думкі. І ў значнай ступені даюць арыенціры, у якіх кірунках працаваць такім ініцыятывам і супольнасцям, якім неабыякава, кім сябе лічаць і на якой мове размаўляюць беларусы.
То не забудземся ж мовы нашай, “каб не ўмерлі!”.
Віншуем усіх з Днём роднай мовы!
Вашая Кампанія “Будзьма беларусамі!”