Узнікненне і развіццё беларускай пошты
Беларуская пошта — адна з найстарэйшых у Еўропе. Яна прайшла такую ж дарогу, як і ў іншых краінах свету. Ужо пад 885 годам у “Аповесці мінулых часоў” гаворыцца, што князь Алег накіраваў пасланне да радзімічаў. На раскопках археолагі знаходзяць многа віслых свінцовых пячатак, якімі запячатвалі гандлёвыя і паштовыя пасланні. Знаходзяцца і “берасцяныя граматы” — лісты, запіскі, дакументы на бяросце. У Х ст. існаваў “павоз”— абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх пасланцоў “ад стану да стану”.
18 кастрычніка 1558 г. Жыгімонт ІІ Аўгуст выдаў загад аб паштовай справе. Пошта Рэспублікі Польшча лічыць гэтую дату днём свайго заснавання. У 1562 г., калі начальнікам пошты польскай быў прызначаны Крыштаф Таксіс са славутага роду Турн-Таксісаў, была ўведзеная ў дзеянне “траса літоўская” на лініі Кракаў — Вільня. Траса гэтая пераадольвалася за 7 дзён.
З іншага боку, Віктар Сянькевіч лічыў, што заснаванне беларускай пошты трэба адлічваць ад 1563 г., “калі пошта была ўзаконеная і былі ўведзеныя так званыя “паштовыя грошы”. Яны служылі для аплачвання фурманак за перавоз пошты, ганцоў і дзяржаўных урадаўцаў”.
Для спраўнага функцыянавання пошты будаваліся паштовыя дарогі, станцыі праз кожныя 3-7 вёрст і корчмы. У корчмах былі адпаведныя памяшканні для адпачынку коней — стадолы і памяшканні для начлегу падарожных. Памер дарог агаворваўся ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1566 г.: “Уставуем иж дороги звечные маюць быци водле стародавнего обычаю так широки, абы два воз форманиских разминулися…”
Лёс беларускай пошты быў знітаваны з лёсам народа і дзяржавы. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай развіццё паштовай справы на беларускіх землях ішло ў расійскім кантэксце, і яна страчвала нацыянальныя рысы.
Беларуская марка №1
1 траўня 1840 г. у сваім дзённіку Роланд Хіл запісаў: “Падняўся а 8 раніцы. У першы раз маркі выпушчаны сёння ў Лондане для насельніцтва. Страшная сумятня на паштамце”. Нягледзячы на сумятню, прадбачыць, што вынаходніцтва Роланда Хіла заваюе ўвесь свет, ніхто не мог. Але марка пачала сваё трыумфальнае шэсце па краінах і кантынентах. На жаль, у спісе краінаў, што ўвялі ў абарачэнне паштовыя маркі ў ХІХ ст., ні Вялікага Княства Літоўскага, ні Беларусі не было.
Расія атрымала сваю марку ў 1858 г. Польшчы гэта ўдалося зрабіць, нягледзячы на акупацыю, у 1860 г.
Для незаангажаванага чалавека такая падзея, як выданне першай паштовай маркі краіны, выглядае нязначнай, бо ён не ведае, што гэты маленькі кавалачак паперы — паштовая марка — уводзіць краіну ў каталогі цэлага свету, робіцца сімвалам трываласці народа, сведчаннем яго існавання. Таму з’яўленне ў 1918 г. нават па-за межамі краіны першай беларускай маркі ёсць сапраўды значнай падзеяй у складанай і трагічнай гісторыі нашага народа ў XX ст.
Паспрабуем высветліць, якая ж марка стала беларускай паштовай маркай №1. Эміграцыйны даследчык Вітаўт Тумаш у лісце да ўладыкі Васіля (Тамашчыка) ад 10 траўня 1969 г. пісаў: “Як вядома, першая паштовая марка з партрэтам Скарыны была выдадзена Ўрадам Беларускай Народнай Рэспублікі яшчэ ў 1918 годзе, ці першым годзе паўстання БНР, у сэрыі марак рэспублікі з надпісам “Беларусь Почта”. (вылучэнне — Л. К.). Паколькі мне ведама, дзеля наступу Чырвонае арміі, маркі гэтыя не было часу пусьціць у практычны паштовы ўжытак. Ды іх усё ж рэгіструюць некаторые паважныя філятэлістычныя каталёгі, як, для прыкладу, Michel Briefmarken Katalog 1953. Munchen, 1953.b. 61. Другую марку з партрэтам Скарыны, не паштовага ўжо характару, выдаў у 1942 (?) годзе ў Бэрліне Бэрлінскі Камітэт Самапомачы ў Нямеччыне”.


Зубцовы і беззубцовы варыянты першых беларускіх марак
Яшчэ адным доказам, што згаданыя вышэй тры маркі — першыя паштовыя маркі нашай краіны, з’яўляецца артыкул Б. С. “Паштовыя маркі БНР. Серыя 1918”, змешчаны ў газеце “Беларус”. Варта прывесці вытрымку з гэтага артыкула яшчэ і таму, што ў ім даецца дакладнае апісанне першых марак:
“Даволі шырака знаныя й часта рэпрадукоўваныя ў філятэлістычных каталёгах сьвету паштовыя маркі Беларускае Народнае Рэспублікі сэрыі 1920 году з этнаграфічна-бытавым малюнкам ды з надпісам ACОБHЫ АТРАД БНР. Куды менш ведамая, затое, не толькі чужым, але й сваім сэрыя першая паштовых марак БНР зь вясны 1918 году, адбіткі якіх тут памешчаныя. Сэрыю 1918 году складаюць тры маркі з трымя рознымі малюнкамі: аратага, гэрбу Пагоня й доктара Скарыны. На ўсіх надпісы: БЕЛАРУСЬ ПОЧТА. Усе тры маркі ведамыя ў двух варыянтах з зубцаванымі й незубцаванымі берагамі.
Марка найвышэйшае намінальнае вартасьці гэтае сэрыі — 5 рублёў — мае вобраз бедарускага аратага, што скародзіць свой палетак. На кругавідзе ўсходзіць сонца. Марка ў двух колерах: рысунак выкананы колерам сінім, поле мае сьветлааранжавы колер.
Марка з Пагоняй таксама двукалёрная: рысунак сінім, а поле Пагоні й цыфра намінальнае вартасьці маркі — “3” — чырвоным.
Марка з патрэтам доктара Скарыны друкаваная ў вадным, цёмна-рудым, колеры. Намінальная цана —2 рублі. Вобраз доктара Скарыны ўзяты для яе з патрэту памешчанага ў Бібліі ягонага выдання. Пад узорным pучніком, на якім Скарынаў гэрб — маладзік у сонцы — дададзены надпіс лацініцай: Франьцішак Скарына з Полацка, 1517—1917.
Калі маркі АСОБНЬІ АТРАД БНР мелі абмежаны засяг карыстання, бо служылі толькі для патрэбаў вайсковага “Асобнага атраду” БНР, дык маркі nepшae сэрыі з надпісам БЕЛАРУСЬ ПОЧТА, прызначаныя былі для агульнага ўжытку на тэрыторыі ўсяе рэспублікі. Лёгка зацеміць, што тэмы малюнкаў трох марак выбраныя прадумана й адбіваюць ідэйныя асновы, на якія клалі націск дзяржаўныя мужы пры будове новае дзяржаўнасьці Беларусі”.
Лявон Карповіч, Луна-Воля
Сянькевіч, Віктар. Беларуская нацыянальная тэматыка на паштовых марках // Беларус. № 174. Кастрычнік 1971. № 175. Лістапад 1971
Карповіч, Лявон. Уводзіны ў філатэлію. https://tbm-mova.by/belfilatelia3.html.