«Кнігі пішуцца не ад добрага жыцця». Уладзіслаў Наважылаў — пра новую кнігу, Гомель і тэрапію літаратурай

Чаму беларускія аўтары так рэдка трапляюць на англамоўны кніжны рынак? Навошта ператвараць Вільню ў прастору магічнага рэалізму, а Гомель — у горад, складзены з гукаў і кружэлак? І чаму літаратура часам становіцца не столькі творчасцю, колькі спосабам перажыць рэчаіснасць?

Напярэдадні выхаду новай кнігі «Непрытомнасць» і англійскага перакладу «Яблыка ў валізцы» «Штодзень» пагаварыў з Уладзіславам Наважылавым пра беларускую літаратуру ў выгнанні, недаацэнены Гомель, уласныя літаратурныя сусветы і пра тое, чаму кнігі пішуцца не заўсёды ад добрага жыцця.

Uladzislaŭ Navažylaŭ
Уладзіслаў Наважылаў. Фота: ФБ героя публікацыі

Наколькі мы разумеем, неўзабаве ў агульным продажы з’явіцца ваша новая кніга?

— Новая кніга будзе называцца «Непрытомнасць». Але я не толькі ёй хачу пахваліцца. Яшчэ ёсць такая важная справа: цяпер робіцца пераклад маёй кнігі «Яблык у валізцы» на англійскую мову. Ён павінен выйсці недзе бліжэй да восені і ўжо тады з’явіцца ў продажы. Мне здаецца, гэта вельмі важная падзея, таму што не так ужо часта беларускіх аўтараў перакладаюць на англійскую. Тым больш такіх, як я, — цалкам андэрграўндных і не надта вядомых. Гэта першая навіна, якой хочацца пахваліцца.

І другая навіна — гэта новая кніга. Праўда, усё яшчэ можа мяняцца, бо цяпер у мяне на руках толькі тэставы асобнік. Магчыма, будзе мяняцца і назва. Першапачаткова задумвалася, што кніга будзе называцца «Непрытомнасць», а цяпер разглядаюцца і іншыя варыянты. Што гэта за «Непрытомнасць»? Два гады таму я зрабіў вольны працяг сваёй аповесці «Аранжавыя дзверы», якую яшчэ ў 2002 годзе напісаў па-руску. І вось увесь той сусвет, які не змясціўся ў «Аранжавых дзвярах», неяк перакачаваў у гэтую «Непрытомнасць». «Непрытомнасць» — гэта кніга з такой магічнай рэальнасці жыцця беларускіх эмігрантаў у Вільні. Але ў кнізе будуць і іншыя творы. Ёсць некалькі апавяданняў, ёсць такія апакаліптычныя, філасофскія рэчы, як «Караблік» і «33 разы па карку». Гэта трэба чытаць, пра іх я зараз шмат расказваць не буду.

Kniha


І вельмі важна, што там ёсць яшчэ адна аповесць, таксама пра магічны рэалізм, але ўжо пра Гомель. Раней яна называлася «Дзе заелася кружэлка», хоць назва яшчэ можа змяніцца. Сэнс там у тым, што я намаляваў Гомель як нейкі тагасветны горад, дзе ўсё завязана на гуку, на музыцы. Гэта літаральна горад, складзены з касет, кружэлак і іншых гуканосьбітаў. І жывуць там, канешне, адпаведныя істоты. Але калі прыгледзецца, становіцца зразумела, што гэта менавіта Гомель. Мне апошнім часам вельмі цікавая гэтая тэма — разглядаць Гомель у розных ракурсах. Таму што, слухайце, Гомель — вельмі класны горад. Мне здаецца, ён недаацэнены. Трэба яго культываваць, паказваць, што гэта за месца. Для мяне Гомель — невычэрпная крыніца натхнення і ідэй. Хаця, калі б мне сёння сказалі вярнуцца жыць у Гомель, я б, напэўна, адказаў: не, дзякуй.

Калі не сакрэт, як атрымалася арганізаваць пераклад кнігі? Самі выдаўцы выйшлі на цябе? Ці калегі паспрыялі?

— Гэта была першапачаткова ініцыятыва выдавецтва «Грунвальд», з якім я працую, і асобна Вольгі Іваноўскай. Яна сама пераклала гэтую кнігу, і ад самага пачатку гэта абмяркоўвалася. Я проста пра ўсё гэта забыўся, бо мне падавалася, што прыярытэт у гэтай задачы не такі высокі. А на самой справе аказалася інакш. Я спадзяюся, што чытачам, якія будуць чытаць гэтую кнігу па-англійску, яна спадабаецца. Вольга вельмі добра пераклала. Гэта далёка не першы яе досвед у перакладзе, яна вельмі дасведчаны чалавек.

І я спадзяюся, што людзі, якія будуць чытаць гэтую кнігу на англійскай мове, пранікнуцца той атмасферай Беларусі, у якой мы ўсе гэтыя гады жывём, у якой творым і ў якой размаўляем са сваімі прывідамі, скажам так.

Тут яшчэ такі прыкол. Я проста запытаў у ChatGPT, колькі беларускіх аўтараў перакладзена на англійскую мову. І ён адказаў, што недзе 3–5 працэнтаў беларускіх аўтараў калі-небудзь перакладаліся на англійскую. Адпаведна, трапіць у гэтыя пяць працэнтаў — гэта, канешне, вялікі гонар. Але галоўнае нават не гэтая лічба. Галоўнае тое, што гэта менавіта тая кніга, менавіта тое апавяданне, у якім ёсць кавалак Беларусі, пра які, на мой погляд, трэба было расказаць.

Папярэдняя кніга «Яблык у валізцы» была аўтабіяграфічнай, а ў новай вы звяртаецеся да магічнага рэалізму. Міжволі ўзгадваецца Толкін, які падчас Другой сусветнай вайны ствараў свой уласны міфалагічны свет. Ці не з’яўляецца для вас такое пісьменніцтва ў пэўным сэнсе тэрапіяй?

А кнігі наогул — гэта тэрапія. Мы ж пішам кнігі не таму, што вельмі добра жывём. Мы пішам іх, каб надаць нейкую каштоўнасць пражытаму дню. Бывае адчуванне: вось сёння я нічога не напісаў — значыць, дзень прайшоў дарэмна. І не важна, што я пакарміў ката, зрабіў нейкую працу, зарабіў грошай, купіў веласіпед ці яшчэ нешта матэрыяльнае. Для мяне ўсё гэта не мае асаблівай вагі.

Бо я сябе не пераадолеў і нічога не запісаў. І калі ты пішаш кнігу, прынамсі ў маім выпадку гэта так, то кожная напісаная глава, верш ці нават некалькі абзацаў азначаюць, што гэты дзень захаваўся ў маёй гісторыі, у маім сусвеце. Ён неяк адзначаны, ён становіцца матэрыяльным. Таму ўсё, што я пішу, — гэта не проста тэксты. Гэта спосаб пакінуць след. Спосаб захаваць час. Таму ты, па сутнасці, усё правільна сказаў. Толькі мне падаецца, што ўсё значна больш трагічна, скажам так. І гэта больш тэрапія, чым падаецца.