• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
22.09.2014 | Гісторыя

Беларускія герыльясы

Сёлета споўнілася 75 гадоў з дня ўз’яднання Беларусі.

На сайтах і ў газетах з’явіліся артыкулы з крытыкай і хваласпевамі гэтай даце. Адны наракаюць на развал міжваеннай Польшчы, іншыя згадваюць пра гістарычную справядлівасць. Тым часам ні першыя, ні другія, магчыма, не помняць пра тых, хто набліжаў гэты дзень як мог, – пра актывістаў КПЗБ.

Камуністычная партыя Заходняй Беларусі – для большасці гэта малавядомая і незразумелая абрэвіятура са школьнай праграмы. Хто вывучаў усе гэтыя партыі, дэкрэты, загады і пастановы? Тым больш калі ў краіне можа быць толькі адна партыя, на фоне якой нават яе “даччыная” структура не павінная быць бачнай. Акрамя чатырох літар з абрэвіятуры большасць нічога і не ведае. Ну, хіба яшчэ тое, што яны былі камуністамі. Як людзі кажуць, чуў звон, ды не зразумеў, адкуль ён. А тут гісторыя няпростая і цікавая, з трагічным фіналам. Па кім звоніць звон, адным словам.

Партыя ўзнікла дзякуючы таму, што ў выніку Рыжскай дамовы 1921 года Заходняя Беларусь апынулася ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. Далёка не ўсе новыя жыхары адноўленай польскай дзяржавы былі задаволеныя існым ладам. У вёсцы назіралася дэпрэсіўная сітуацыя, многія адчувалі сябе людзьмі другога гатунку. Лозунгі пра сацыяльную і нацыянальную справядлівасць былі як ніколі актуальнымі. Гэтым і скарысталіся беларускія камуністы.

Афіцыйна партыя ўзнікла ў 1923 годзе на сходзе актывістаў у Вільні. Сярод яе ўдзельнікаў былі і былыя слуцкія паўстанцы, якія яшчэ колькі гадоў таму вялі збройную барацьбу з бальшавікамі. Сярод асноўных патрабаванняў – права на самавызначэнне Заходняй Беларусі, аб’яднанне ўсіх беларускіх зямель у адну дзяржаву, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і перадача зямлі сялянам без выкупу.

З першых дзён свайго існавання партыя гучна заявіла пра сябе. Акрамя легальнай дзейнасці сябры КПЗБ праводзілі і акцыі “прамога дзеяння”, за што стала падвяргаліся рэпрэсіям з боку польскіх уладаў. Арганізацыя была пад забаронай. Большасць сябраў была выхадцамі з небагатых беларускіх сялянскіх сем’яў, якія на ўласныя вочы бачылі несправядлівасць у даыненні да сябе. Не маючы легальных рычагоў уплыву на сітуацыю, яны звярнуліся да радыкалізму. Яны былі перакананыя, што сваімі акцыямі змогуць нешта змяніць. Не змаглі, але ж спрабавалі.

Многія небеспадстаўна лічаць, што КПЗБ цалкам кіравалася з Масквы, адмаўляючы тэзу пра тое, што Камуністычная партыя Заходняй Беларусі была ці не авангардам нацыянальна-вызвольнага руху. Факты ж сведчаць пра іншае. Узяць хаця б спробу стварыць у 1936-м супольны Народны Фронт з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй. Супраца з іншымі беларускімі арганізацыямі – яскравае сведчанне таго, што КПЗБоўцы ўяўлялі сябе часткай нацыянальных беларускіх сілаў.

Сябраў КПЗБ справядліва лічаць тэрарыстамі. Самы вядомы з іх – беларускі палітычны і дзяржаўны дзеяч Сяргей Прытыцкі, які ў 23-гадовым узросце ўчыніў страляліну ў Віленскім судзе ў студзені 1936 года. Гісторыя вядомая, нібыта са старонак крымінальнага рамана: на лаве падсудных аказалася сямнаццаць маладых і палымяных камуністаў, якіх “здаў” за грошы правакатар Якуб Стральчук. Цяпер ад яго сведчанняў залежыць іх лёс. Дапусціць, каб ён адкрыў рот на працэсе, было нельга. Малады Прытыцкі вырашае забіць правакатара і рыхтуе замах. Калі б гэта не было праўдай, яе варта было б прыдумаць якому-небудзь паспяховаму пісьменніку. У сваіх успамінах Прытыцкі згадваў:

“Цэлы дзень блукаў па вуліцах Вільні з пісталетамі ў кішэнях, адчуваў асалоду ад жыцця і ўсяго, што мяне атачала.

Хто ведае, ці буду я жыць заўтра. Дзень быў пахмурны і халодны, але ён падаваўся мне цудоўным. Ніколі я так прагна не ўдыхаў паветра, ніколі для мяне не былі такімі цудоўнымі неба і вада ў Вяллі, як у той дзень. І ўсе людзі здаваліся мне незвычайна добрымі…

Раніцай 27 студзеня я накіраваўся ў акруговы суд… …Нарэшце старшыня суда абвясціў: «Запрасіць сведку Якуба Стральчука».

Раскрыліся дзверы, і з кабінета пракурора выйшаў ён, правакатар.

Імгненна выняўшы з кішэняў абодва пісталеты, накіраваўся да стала суддзі. Накіраваўшы адзін пісталет пад правае вуха, другі ў спіну, націснуў на абодва куркі адначасова. Прагучала два стрэлы. Суддзя і пракурор палезлі пад стол, публіка кінулася да выхаду. Для большай пэўнасці я паслаў яшчэ дзве кулі…

Шпікі выхапілі пісталеты і адкрылі па мне агонь… Перасталі страляць, калі палічылі, што я ўжо мёртвы…”

“Гэта Вам не ІРА, тут сур’ёзней”, – пажартаваў неяк адзін мой знаёмы гісторык, прыгадваючы гэты выпадак.

Прытыцкі выжыў, адседзеў у польскай турме, а пасля зрабіў галавакружную кар’еру ў кіраўнічым апараце БССР. Ён быў бадай што адзіным з сябраў КПЗБ, хто дайшоў да ўладных вяршыняў.

Большасць трапіла ў жорны савецкай рэпрэсіўнай машыны ў другой палове 30-х. У 1938 годзе партыю ліквідавалі. Сталіну не была патрэбная на сваёй тэрыторыі арганізацыя прафесійных падпольшчыкаў, якія пры патрэбе маглі арганізаваць супраціў ці перадаць свае веды каму не трэба. Тым больш што ў яе складзе былі былыя слуцкія паўстанцы ды іншыя “антысавецкія” элементы.

У аднаго майго сябра дзед быў функцыянерам КПЗБ. Да канца жыцця гэты не асабліва гаварлівы сціплы і сухенькі дзядок, які размаўляў на беларускай мове, трымаўся некалькіх правілаў, якія, на яго думку, маглі зберагчы жыццё ў “патрэбны” момант. Правілы тыя былі простымі: пры наведванні масавага мерапрыемства ніколі не сядаць каля акна; трэба выбіраць такое месца, з якога будзе бачна ўсё, што адбываецца вакол, але цябе не будзе бачна; за спінай заўжды павінная быць сцяна. “Калі такое месца занятае, – дзядок звычайна ўсміхаўся на гэтым месцы, – значыць на ім сядзяць альбо нашы, альбо дэфензіва”.

Можа быць, і Максім Танк, яшчэ адзін вядомы сябар КПЗБ, трымаючыся падобных засцярог, наведваў таемна літаратурныя мерапрыемствы, пакуль не ў якасці мэтра, а проста гледача.

КПЗБоўцы не былі анёламі, але і дэманамі іх назваць нельга. Яны проста рабілі тое, што павінныя былі рабіць: змагаліся за Беларусь так, як разумелі гэта і як казала ім сэрца. У гісторыі любога народа прысутнічаюць такія постаці – тыя, каго адны, называючы тэрарыстамі і бунтаўшчыкамі, вешалі на цэнтральных плошчах гарадоў, а другія лічылі нацыянальнымі героямі. Ім ставяць помнікі, іх імёнамі называюць вуліцы і школы, пра іх пішуць навуковыя працы і здымаюць кіно. КПЗБоўцам столькі гонару не адвялі – назвалі вуліцы, і тое добра. Як сапраўдныя рамантыкі яны дамагліся сваёй мэты – Беларусь стала адзінай, але ім самім ад гэтага лепш не стала.

Галоўнае – гэта памятаць, што ў гісторыі не бывае толькі белага ці толькі чорнага. Нельга выкрасліць цэлы пласт толькі з той прычыны, што ён “ідэалагічна” няправільны. Трэба высвятляць усе акалічнасці, тым больш калі яны цікавыя.

 

Канстанцін Касяк

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Гісторыя

З’явілася выстава, прысвечаная гісторыі Бабруйска на картах, планах і чарцяжах у ХІХ — ХХ стагоддзях

Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі падрыхтавана і размешчана на сайце архіва віртуальная выстава «Бабруйск...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў на 10-11 чэрвеня

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Сямейны фэст, выставы, фэст гістарычнай...

valiancina_shauchenka
Гісторыя Вандруем разам

Топ-5 гістарычных месцаў на Гродзеншчыне, куды варта паехаць на выходныя

Мінулым разам мы вандравалі па неафіцыйнай культурнай сталіцы нашай краіны, горадзе каралёў — Гродна. Гэтым разам прапануем...

valiancina_shauchenka
Музыка

«Знаходжу сілы ў веры ў тое, што людзі застануцца людзьмі». Алесю Камоцкаму 65

Сёння спаўняецца 65 гадоў паэту, музыку, перакладчыку, адному з пачынальнікаў беларускай аўтарскай песні Алесю Камоцкаму....

Апошнія навіны

    Гісторыя
    З’явілася выстава, прысвечаная гісторыі Бабруйска на картах, планах і чарцяжах у ХІХ — ХХ стагоддзях
    Грамадства
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў на 10-11 чэрвеня
    Гісторыя Вандруем разам
    Топ-5 гістарычных месцаў на Гродзеншчыне, куды варта паехаць на выходныя
    Музыка
    «Знаходжу сілы ў веры ў тое, што людзі застануцца людзьмі». Алесю Камоцкаму 65
    Літаратура
    Міжнародны паэтычны флэш-моб: Іна Снарская чытае «Новую зямлю» Якуба Коласа
    Грамадства Гісторыя
    Перасялілі і жывых, і мёртвых. Як будавалі Вілейскае вадасховішча і наколькі яно бяспечнае?
    Музыка
    Музычная формула поспеху па-беларуску: тролі, тэхна і «Купалінка»
    Грамадства Літаратура
    «Воля да жыцьця». Кніга Андрэя Белавешкіна з'явілася ў вольным доступе
    Культура Музыка
    У гэтую пятніцу, 9 чэрвеня, на Падляшшы пачынаецца фэст беларускай традыцыі SONCAHRAJ
    Культура
    Мінкульт будзе выдаваць гастрольныя пасведчанні пасля праверкі творчасці «на прымальнасць»
    Грамадства
    Калектыўная памяць — інструмент альбо кансэнсус?
    Грамадства Гісторыя
    Паглядзіце на ўнікальнае фота аднаго з самых ранніх планаў старажытнага Бабруйска
    Трызуб і Пагоня
    Што трэба ведаць пра войны Беларусі і Украіны з Масковіяй? Новы выпуск відэапраекта «Трызуб і Пагоня»
    Літаратура
    Сучасная польская проза: 6 кніг, якія варта прачытаць беларусам
    Кіно
    Што паглядзець дзеткам: беларускія мультфільмы

Афіша

  • 10.06 — 11.06

    Сямейны фэст «TOYDAY» ў Мінску

  • 10.06 — 18.06Выстава «Калі яго парушыць, яно становіцца адчувальным» у Вільні
  • 10.06 — 18.06Выстава выцінанкі Наталлі Каньковай у Віцебску
  • 10.06 — 18.06Выстава «Abstract» у Віцебску
  • 10.06 — 18.06Новыя імёны мастацтва: фестываль «Арт-Мінск»
  • 10.06«Past Garden». Выстава Рамана Камінскага ў Варшаве
  • 10.06 — 23.06Выстава Міхаіла Анішчанкі «Горад людзей» у Гродне
  • 10.06 — 16.07Выстава Рышарда Мая ў Чаросаве на Лепельшчыне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Першая перамога беларусаў
    • Тэст для вандроўнікаў па Беларусі
    • Топ-3 смешных выпадкаў з Янкам Купалам
    • Цяжкая праца, сціплая ежа, гарэлка: жыццё сялян вачыма Сыракомлі
    • «Эйфарыя пасля пераезду нараджаецца з ілюзіі – у новай краіне ўсё будзе інакш». Псіхолаг пра перажыванне эміграцыі
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип