У Берасці ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася імпрэза “Вечар паэзіі на “Маяку””. Да берасцейскіх літаратараў далучыўся мінскі дэсант у складзе Андрэя Хадановіча, Уладзя Лянкевіча, Антона Рудака і Ціхана Чарнякевіча.
Сустрэча праходзіла ў даволі вялікай залі кавярні “Маяк”, якая, зрэшты, моцна нагадвала карцінную галерэю. Людзей набралася поўна. Галоўны рэдактар газеты “Брэсцкі кур’ер” і па сумяшчальніцтве вядоўца вечарыны Мікалай Аляксандраў адразу даў слова Андрэю Хадановічу, аднак той вырашыў адкласці свой выступ на пасля:
“Думаю, будзе лагічным пачаць з вершаў Віславы Шымборскай: яна старэйшына і адзіная ў гэтай залі нобелеўская лаўрэатка. Да таго ж я даведаўся, што ў гэтай гасціннай залі праводзяць свае сустрэчы мясцовыя ёгі, пратэстанты і інваліды па зроку. Таму з’яўляецца дадатковая нагода”, – сказаў Андрэй Хадановіч і агучыў пераклад твора “Чытаю вершы сляпым” з кнігі Віславы Шымборскай “Канец і пачатак”.
Далей берасцейскія і мінскія літаратары чаргаваліся. З мясцовых паэтаў, акрамя культавага Уладзіміра Глазава, выступілі адчайна-хлёсткая Ірына Дашына, эпатажна-буфанадны Дзмітрый Рыбак, мякка-алітэрацыйны Васіль Барысюк, рамантыка-іранічны Яўген Бясчастны і упэўнена-трагічны Алесь Паплаўскі.
Літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч прадставіў трох менскіх гасцей, даўшы сціслую характарыстыку іх творчасці і такім чынам падрыхтаваўшы аўдыторыю. Магчыма, таму падчас чытання Антона Рудака слухачы перасталі пляскаць у канцы кожнага выступу і пачалі апладаваць пасля кожнага верша. Уладзь жа Лянкевіч, думаецца, пакінуў берасцейцам незабыўнае ўражанне ад выканання ўласных твораў-рэчытатываў і агрэсіўна-бескампрамісных песень.
Песенную тэму падхапіў і працягнуў Андрэй Хадановіч, які пасля інтэрактыўнай дэкламацыі шэрагу вершаў з кнігі “Дэжа вю” перайшоў да спявання перакладзеных ім песень Леанарда Коэна і Сержа Гензбура, і гэтым канчаткова зачараваў аўдыторыю.
Пасля яркага выступу Андрэя Хадановіча некалькі ўласных вершаў прачытаў вядоўца вечарыны, журналіст і літаратар Мікалай Аляксандраў, тым самым завершыўшы вечарыну.
Публіка з удзячнасцю вытрымала некалькігадзінны паэтычны марафон. Шмат хто з слухачоў вярнуўся дадому з кнігамі Віславы Шымборскай, Андрэя Хадановіча і Уладзя Лянкевіча.
Антон Пратасавіцкі
Тэгі: Берасце