Бюст Максіма Багдановіча працы Алеся Ліпеня перадалі музею ў Гародні

30.05.2013 Культура

Сёння ў Гарадзенскім музеі Багдановіча вялікае свята. Бюст працы Алеся Ліпеня — гэта першы ў музеі твор вядомага беларускага скульптара.

Перадача бюста праходзіла ў форме невялікай прэзентацыі. Паэтка і прадстаўнік гарадзенскага універсітэта Ала Петрушкевіч расказала пра творчасць Максіма Багдановіча і пра той час, калі гэты бюст знаходзіўся ва ўніверсітэце. Цяпер ён перададзены ў дар музею Багдановіча. Выступіла і жонка скульптара Альгерда Ліпень.

Скульптуры Ліпеня, якія выяўляюць беларускіх класікаў і змагароў за незалежнасць, знаходзяцца цяпер у прыватных калекцыях і музеях Беларусі. Практычна ўсё жыццё Алесь Ліпень маляваў і вырабляў скульптуры ў сваёй кватэры. І толькі ў пенсійным узросце атрымаў майстэрню, хоць займацца творчасцю пачаў у дзяцінстве.

Дырэктар музея Святлана Карульская расказала, што перадача бюста —  гэта вельмі важная падзея:

— Такі бюст мы атрымалі ўпершыню, але перадача прадметаў нашаму музею адбываецца ўжо не ў першы раз. Важныя для ўсяго грамадства і музея рэчы перадаюцца даволі часта. Нядаўна нам былі перададзеныя лісты пісьменніцы і паэткі Зоські Верас. Але сёння — незвычайны дзень, дзень памяці Алеся Ліпеня. Я думаю, ён абраны не выпадкова: літаральна некалькі дзён таму, 25 траўня, быў яшчэ і дзень памяці Максіма Багдановіча.

Сам бюст цяжкі, да 20 кілаграмаў. Цяпер ён ўпрыгожвае гасцінную дома, дзе калісьці жыла сям’я Багдановічаў, а з 1892 па 1896 гады — і сам паэт. У 1965 годзе тут была ўсталяваная мемарыяльная дошка. У музеі сабраныя сямейныя фатаграфіі і асабістыя рэчы паэта, прыжыццёвы зборнік “Вянок” (1913), а таксама пазнейшыя перавыданні. Другі аддзел музея прысвечаны наведванню Багдановічам Ракуцёўшчыны. Экспазіцыя знаёміць з дзейнасцю газеты “Наша Ніва” і выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша аконца”. Таксама тут прадстаўлены мінскі перыяд жыцця і творчасці паэта і яго апошнія месяцы ў Ялце. У адным з пакояў адноўлены інтэр’ер кабінета-кватэры Багдановічаў.

У Гародні пахаваная маці паэта Марыя Апанасаўна, якая памерла ад цяжкай хваробы ў 1896 годзе, пасля чаго бацька разам з дзецьмі пераехаў у Ніжні Ноўгарад.

 

Андрэй Мялешка

Фота  Аляксандра Саенкі

Тэгі: