Мабільныя гіды па спадчыне, VR-прастора беларускай міфалогіі, інструмент для AR-экспазіцый у горадзе: якія праекты распрацоўваліся на хакатоне «Культурны код»?

14.09.2022 Культура

9-11 верасня ў Imaguru Startup HUB Vilnius адбыўся хакатон лічбавых праектаў для культуры «Культурны код». У шорт-ліст пераможцаў увайшлі 9 праектаў, сярод якіх ёсць дадаткі-навігатары па спадчыне і гісторыі, аплікацыя для вывучэння беларускай мовы дзецьмі, агрэгатар віртуальных выстаў і шэраг іншых. Выбар быў няпросты: выдатных праектаў было прадстаўлена многа.


Imaguru 075.jpg

Хакатон ініцыяваны Беларускай Р*д*й культ**ы ў партнёрстве з Imaguru Startup HUB Vilnus. Удзел можна было ўзяць з любой кропкі свету.

Фармат хакатону адметны тым, што дазваляе за кароткі тэрмін удасканаліць прататыпы новых ІТ-прадуктаў. Літаральна за двое сутак каманда мае магчымасць прадставіць задумку, у шчыльным супрацоўніцтве з мадэратарамі і ментарамі прааналізаваць першасную бізнес-мадэль распрацоўкі і яе пазіцыянаванне. Моцная калектыўная энергія спаборніцтва і партнёрства можа даць стымул для старту новых праектаў, а таксама рэанімацыі ці пераасэнсавання старых задумак.

«Адна з нашых асноўных мэтаў — арганізаваць прастору для ўзаемадзеяння прадстаўнікоў дзвюх прафесійных сфераў: дзеячаў культуры і спецыялістаў з IT, — адзначае кіраўнік БРК Сяргей Будкін. — Беларускім творцам, культменеджарам і актывістам часта бракуе доступу да найноўшых тэхналагічных магчымасцяў і досведу карыстання імі. Асабліва ў сённяшнім кантэксце, калі прафесійныя сувязі выпрабоўваюцца як палітычным знішчэннем цэлых культурніцкіх сектараў, так і геаграфічнай аддаленасцю беларусаў адзін ад аднаго. Спадзяемся, што гэты хакатон стане не толькі добрым стымулам для камандаў, што ўжо працуюць разам, але і дасць штуршок для адбудовы сталай інфраструктуры міжсектаральнага нэтворкінга для беларускай культуры».

budkin.jpgСяргей Будкін

У хакатоне ўзялі актыўны ўдзел больш за 90 чалавек, яны працавалі над 24 ідэямі ў суправаджэнні 22 ментараў са сфераў бізнесу, ІТ і культуры.

«Тэма культуры выклікала вялікую цікаўнасць з боку ІТ-спецыялістаў, многія ментары прапаноўвалі дапамогу самі. Мы нібыта вярнуліся ў часы, калі на хакатоне прадстаўляюцца дзясяткі ідэй, а некаторыя з іх заяўляюцца ў апошнюю хвіліну — ад калектыўнага куражу рызыкнуць і паспрабаваць свае сілы сабраць каманду пад сваю спантанную, а магчыма, і даўнюю ідэю», — дзеліцца ўражаннямі сузаснавальніца Imaguru Startup HUB і мадэратарка хакатону Анастасія Хамянкова.

YYD_3940.jpg

У фінале спаборніцтва былі прадстаўленыя 16 праектаў. У шорт-ліст, абраны журы, увайшлі 9 з іх:

VARTA — агрэгатар віртуальных выстаў з phygital інструментаром для рэпрэзентацыі культуры, мастацтва гісторыі: metaverse, 3D-выставы і панарамы 360. Таксама карыстальнікі платформы змогуць сачыць за культурніцкімі падзеямі беларускіх творцаў у розных краінах.

PAPARAC — VR-прастора, дзе можна літаральна пераўвасобіцца ў героя беларускіх рытуалаў і пазнаёміцца з міфалагічнымі істотамі. Мэта праекта — з дапамогай сучасных імерсіўных тэхналогій паказаць глыбіню і багацце аўтэнтычнай беларускай гісторыі.

Belarusian Bookcrossing, размеркаваная бібліятэка — сайт для абмену беларускімі кнігамі ва ўмовах эміграцыі і закрыцця выдавецтваў. Рэсурс будзе змяшчаць мапу, дзе пазначана, якія кнігі ёсць у розных гарадах і краінах, як іх можна бяспечна перадаць ці прадаць.

«Зубрык» — дадатак-гульня, што дапамагае школьнікам вывучаць беларускую мову і... з карысцю бавіць час за планшэтам. Забаўляючыся разам з героем гульні Зубрыкам, дзеці змогуць напрацаваць базавы слоўнік для паўсядзённага жыцця.

«Музычны Бро» — тэлеграм-бот, які, дзякуючы інтэграцыі з папулярнымі стрымінг-сервісамі і ўласнай базе, зможа падбіраць беларускую музыку пад густ і настрой карыстальніка. Такія бро-падказкі — добры спосаб папулярызаваць творчасць айчынных выканаўцаў.

Legend Map — мабільны дадатак-гід для ўдумлівых аўдыёэкскурсій і квэстаў па горадзе. Раскажа больш пра гісторыю, міфалогію і літаратуру, дазволіць атрымаць новы досвед пешаходных вандровак па горадзе.

BYroad — аплікацыя-навігатар па гісторыка-культурніцкай спадчыне Беларусі, якая зможа прапанаваць шэраг падкаст-маршрутаў, расказаць цікавосткі пра помнікі, побач з якімі вы вандруеце. Дапаможа зэканоміць час пры падрыхтоўцы ўласных падарожжаў па Беларусі.

• «Культурны слой» — AR-сусвет, які дазволіць творчасці, свабодзе і плюралізму меркаванняў зноў выліцца на вуліцы Беларусі. Па адмысловых метках мастакі могуць дадаваць новыя арт-аб’екты, створаныя ў розных жанрах, тэхніках, творчых падыходах і мультымедыя-фарматах.

• «НІШО — Жывая гаворка» — месца для адкрытай анлайн-публікацыі новых словаў/выразаў з сучаснай гутарковай мовы. Кожны носьбіт беларускай мовы зможа дадаць у тэзаўрус слова ці выраз, яго тлумачэнне, а іншыя ўдзельнікі — знайсці патрэбнае для сябе слова, ухваліць ці адхіліць прапанаваенае азначэнне або дадаць сваё.

YYD_5044.jpg

Далей каманды-пераможцы пройдуць адукацыйна-акселерацыйны трэк ад БРК і Imaguru Startup HUB, падчас якога змогуць дапрацаваць свае праекты, распрацаваць мадэлі для іх фінансавай устойлівасці і камунікацыйныя стратэгіі.

«Адбор праектаў у шорт-ліст быў няпросты, паколькі практычна кожная прадстаўленая на хакатоне задумка вартая асобнай увагі і падтрымкі, — падкрэслівае Кацярына Раманчык, менеджарка хакатону ад БРК. — Былі яскравыя ідэі, пад якія не сфармаваліся каманды, былі задумкі, якія так і не агучылі на стартавым пітчынгу, яны проста засталіся ў нашай базе. Колькасць пададзеных ідэй натхняе шукаць магчымасці, каб арганізаваць нэтворкінг паміж аўтарамі праектаў і экспертамі з адпаведнай сферы. Гэта таксама становіцца задачай для каманды Беларускай Р*ды культ**ы.»

Даведацца больш можна на сайце хакатону «Культурны Код».