Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча папоўніўся дзясяткамі скрынак з асабістай калекцыяй і архівам Юрыя Попкі — беларускага дзеяча, які пасля Другой сусветнай вайны стварыў у нямецкім Ляймене прыватны беларускі музей, напісана ў сацсетках музея.
«Мы атрымалі шмат шмат шмат новых экспанатаў з вельмі нетрывіяльнай гісторыяй. Яны прыехалі да нас аж з нямецкага гораду Ляймана, а збіраў там іх беларускі экспат Юры Попка (1912-1990). Спадар Попка паклапаціўся аб сваёй спадчыне — пакінуў у спадчыну гораду сваю маёмасць пад музей.
Але ж як высветліла новае пакаленне беларусаў Нямеччыны, калекцыя была цалкам неахайна перанесеная ў склад, у якім частка экспанатаў знікла без следу, частка пацярпела ад патопу, і цяпер ужо трэба было ратаваць тое, што засталося. Гэтай выратавальнай місіяй амаль дзесяць гадоў, з 2017 года, займаўся Алесь Майсеенка, якому мы вельмі ўдзячныя за яго клопат і працу. Таксама шчыра дзякуем аб’яднаньню беларусаў Нямеччыны РАЗАМ eV, якія дапамаглі перавезці калекцыю ў Вільню. А нас чакаюць доўгія месяцы апрацоўкі гэтай калекцыі, і пакрысе будзем вам распавядаць, што ж у гэтых скрынках да нас прыехала», — піша Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча ў сваім тэлеграм-канале.


Юры Попка нарадзіўся на Пружаншчыне ў 1912 годзе. Падчас нямецкай акупацыі ўзначальваў аддзел працы і сацыяльнага забеспячэння ў Пружанах, узначальваў аддзел Беларускага камітэта, адкрыў некалькі беларускіх школ. З 1944 года жыў у Заходняй Германіі, браў удзел у эміграцыйным руху, належаў да крыла Беларускай Цэнтральнай Рады, выдаваў газеты і часопісы.
У 1971 годзе пераехаў у Ляймен. дзе заснаваў ва ўласнай кватэры беларускі музей. Адкрыццё адбылося 15 сакавіка 1982 года з удзелам мясцовых беларусаў і мэра Ляймена. Экспанаты для яго былі сабраныя з усёй Германіі: паясы, адзенне, лапці, лыжкі, посуд, кнігі, перыядычныя выданні.