Чаму беларусы не любяць ляўшуноў, геяў, татуіроўкі ды іншыя разрывы шаблонаў?

За савецкім часам большасць жыла аднолькава. І не, гэта не толькі чэргі па ўсё запар, але і стыль адзення, мыслення і разуменне нормы. Бальшавіцкая сістэма спрабавала знішчыць не толькі дысідэнтаў і рэвалюцыянераў, але і любыя праявы іншадумства. “Савок” распаўся, але што змянілася?

 90-я зрабіліся глытком свежага паветра пасля дзесяцігоддзяў дыктату наконт таго, што можна, а што не. Развал карпарацыі таталітарнай роўнасці прынёс новыя хвалі музыкі, мастацтва, палітыкі, моды, літаратуры — карацей, пачала замацоўвацца свабода слова і самавыяўлення. І як бы ўсё цудоўна, пачаўся працэс росту і набліжэння да цывілізаванага свету, але… Дзіброў спяваў пра ром і пэпсі-колу, а ў школах ляўшуноў прымушалі пісаць правай рукой, гопнікі ў дварах хрушчовак шукалі і білі палкамі геяў, а рознакаляровыя валасы, пірсінг і тату ў большасці выклікалі істэрычныя крыкі пра мараль. Нейкі двайны стандарт, праўда? Асабліва калі ўлічваць бязглуздую папулярнасць першага “Макдака” ў Мінску. Ну добра, гэта былі 90-я — самы пачатак шокавай тэрапіі і разумення рознасці чалавечага выбару і густаў. Але ў гэты час нараджалася новае пакаленне, якое ўжо ніколі не будзе маршыраваць пад гімн СССР, Леніна і насіць значкі камсамолу. Новая хваля, новыя погляды.

Сярод гэтай атмасферы нарадзіўся і я. 1995 год, зіма, завіруха, а за акном — самы разгар подыху перамен, нестабільнасці і паўбандыцкага трэшу. І вось калі мне споўнілася пяць, бацькі вырашылі адправіць мяне вывучаць англійскую мову. І так ужо сталася, што падвярнуўся такі варыянт у хедары. Калі хто не ведае, гэта іўдзейская пачатковая школа. І не, аўтар не мае каранёў народа Ізраіля, што тады са мной згуляла не самы добры жарт. Уся справа ў тым, што ў такія ўстановы збольшага адпраўляюць дзяцей з сем’яў даволі радыкальных іўдзеяў, таму я стаў чырвонай анучай для мясцовых дзяцей. Тут вам крыкі пра гоя, здзекі і страх дакранацца да маёй парты і рэчаў. Пратрымаўся я там нядоўга і ўрэшце перастаў хадзіць. Такім чынам я ўпершыню сутыкнуўся з тым, што цяпер называюць ксенафобіяй.

Ну добра, рэлігія — тэма балючая і вельмі спрэчная, таму вяртаемся ў звычайную побытавую рэальнасць. Настаў час ісці ў гімназію. Беларуская мова, наваколле — што можа сапсаваць такую атмасферу? Насамрэч, аказваецца, можа. І толькі таму, што аўтар гэтых радкоў нарадзіўся леварукім, а настаўніцы падавалася, што гэта вельмі сур’ёзнае адхіленне ад нормы. Спробы перавучыць былі, прычым даволі настойлівыя, але я быў упартым дзіцем і максімальна гэтаму супраціўляўся. Гэтую міні-вайну скончылі мае бацькі, калі даведаліся, што мяне спрабавалі перавучыць. Пасля кароткай размовы, настаўніца ад мяне адчапілася.

Ох, а колькі я наслухаўся ад адміністрацыі гімназіі і не толькі прыгожых словаў пазней, калі ў 16 гадоў прабіў сабе вуха! Насамрэч прыкладна столькі ж, колькі і наконт маёй барады. Дарэчы, з апошнім бывалі казусы нават у метро, калі паказваў даведку аб тым, што школьнік. Ніколі не забудуся, калі ў мяне аднойчы спыталі: “А што, вам дазваляюць расціць бараду?”. Але я не лыкам шыты, таму адказаў проста: “А ў нас што цяпер — пятроўскія часы?” Маўчанне, а я пайшоў далей.

І такога было ў жыцці шмат. Гэта тычылася і фарбаваных валасоў, і проста іншадумства, якое я праяўляў усё жыццё, у тым ліку свае палітычныя погляды. Карацей не жыццё, а змаганне за права быць сабой. І калі шчыра, у беларускім грамадстве я праз гэта ўсё адносна шмат страціў, але ні кроплі не шкадую.

Хутчэй за ўсё вы захочаце спытацца, навошта я гэта ўсё пра сябе распавёў. Адказ просты: я зрабіўся ахвярай яшчэ не памерлай сістэмы “усе павінныя быць роўныя”. І я выдатна ўсведамляю, што насамрэч гэта ўсё дробязі жыцця, але калі я сустрэў такі супраціў, то што адбываецца з тымі, хто мае іншую сэксуальную арыентацыю, знешнасць ці лад жыцця? Бо апроч пірсінгаў і тату мы маем нудыстаў, трансгендараў, будыстаў, веганаў, геймераў, ралевікоў — цэлую скарбніцу розных субкультур, стыляў, густаў і эпатажу. І скажу шчыра: мне часам жудасна ўявіць, з чым гэтыя іншыя асобы перыядычна сутыкаюцца ў жыцці. І рэч не ў тым, што мне шкада кагосьці. Проста аснова дэмакратыі і цывілізаванасці — не гуляць у маралізатарства і не лічыць свае погляды самымі правільнымі, а прымаць рознасць чалавечага выбару і яго свабоды.

Дык чаму гэта адбываецца? А адказ просты: “савок” памёр звонку, але не ўнутры большасці людзей.

Яны дагэтуль лічаць, што жыць трэба па адным сцэнары, а любое адхіленне ад гэтай нормы — хвароба, якую абавязкова трэба лячыць, бо гэта раздрай, самаволка і амаральна. Нібыта наш свет — адна вялікая казарма, дзе кожны “нармальны” — маленькі камісар з маўзерам, што стаіць на варце аховы парадку і дысцыпліны. Але ж гэта працавала ў мілітарысцкім духу СССР, а цяпер з кім ваяваць Беларусі? З пірсінгам, сэксуальным выбарам і тату? Каламбур, але атрымліваецца, што так. Замест паганых капіталістаў у ЗША — амаральная Еўропа, што загнівае, а замест ленінскага атэізму — радыкальнае хрысціянства. Дзякуй багам, што гэтая тэндэнцыя не настолькі жудасная, як у Расіі, але нельга сцвярджаць, што ў Беларусі сітуацыя нашмат лепшая.

І вось гэтае змаганне прывяло да крайнасцяў. З аднаго боку — ульракансерватызм з фанатычнымі хрысціянскімі поглядамі, што забіваюць любое іншадумства і рознасць, а з другога — агрэсіўнае веганства, трансгендары і іншыя, хто лічыць свае погляды самымі важнымі, а ўсе абавязаныя далучыцца да іх. Але ў абодвух выпадках для “ненармальных” канец адзін — умоўны расстрэл.

Нехта можа падумаць, што я ліберал, які прапагандуе татальную свабоду і “раздрай”, але гэта не так. Сам я кансерватар, але выдатна разумею, што перш за ўсё — каштоўнасць дэмакратыі, якая павінная забяспечваць права асабістага выбару. Я сапраўды лічу, што юрыдычна трэба даць магчымасць трансгендарным парам неяк афармляць свае стасункі, бо яны таксама маюць права на сацыяльную абароненасць.

Але пры гэтым я выступаю супраць гей-парадаў, бо, як на мяне, ніякі гендар не павінен быць спосабам піяру і вылучэння. Гэта асабісты выбар, а сапраўдная свабода там, дзе нам будзе пляваць на тое, гей чалавек ці гетэрасэксуал. А канцэпцыя парадаў фактычна забівае гэтае пачуццё роўнасці, выстаўляючы асабістае, інтымнае і само паняцце кахання на незразумелы паказ. Калі казаць пра розныя мадыфікацыі і ўпрыгожанні цела, як пірсінг і тату, то я лічу, што гэта ніякім чынам нельга рабіць падставай для дыскрымінацыі. Гэта ніяк не псуе чалавека, а з’яўляецца яго густоўным выбарам, які нельга расцэньваць з пункту гледжання нейкай там маралі.

У краін былога “саўка” наперадзе яшчэ доўгі шлях да поўнага асэнсавання рознасці чалавечага выбару і змяншэння ксенафобіі. І няхай цяпер астатні цывілізаваны сусвет таксама часам перагінае палку, трэба разумець, што аснова дэмакратыі — кансэнсус і максімальны камфорт для ўсіх, таму давайце прыкладзём усе намаганні, каб знайсці найлепшую формулу, дзе ўсім збольшага будзе камфортна жыць у такім стылі, якім ён захоча.

І не, ад такога ладу краіна не памрэ, нараджальнасць не стане нулявой, а людзі не пачнуць адно аднаго забіваць, хадзіць голымі і арганізоўваць масавыя оргіі на плошчах гарадоў. Пэўныя абмежаванні ўсё роўна ёсць, каб твая свабода заканчвалася там, дзе пачынаецца свабода іншага. І менавіта таму прыняцце магчымасці абіраць і не быць за гэта асуджаным толькі падштурхне да развіцця, бо ў свабоднай атмасферы нараджаюцца найлепшыя і самыя класныя ідэі. А калі ты адчуваеш сябе ў казарме, то што можа нарадзіцца годнае?

І, можа, калісьці настане той самы дзень, дзе леварукі зможа набыць кубак, малюнак якога будзе зроблены з разлікам на піццё менавіта левай рукой, а асадкі для нас будуць прадавацца ў кожнай краме горада. Далоў дыскрымінацыю леварукіх у сусвеце! Давайце паважаць асабісты выбар і разнастайнасць кожнага! Мы ўсе розныя, але разам — моц!

 

Багдан Сакалоў