Чаму інтэлектуалаў сучаснасці называюць дурнямі?

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў разважае пра тое, чаму менавіта людзі з высокім інтэлектам і шырокім мысленнем кідаюць выклік агульнапрынятым нормам, а астатнія іх лічаць ідыётамі.

Vitali TsyhankouVitali Tsyhankou at the march to celebrate Belarus Independence Day (Dzen’ Voli — Freedom Day). Warsaw, March 25, 2023 People’s faces have been blanked out to protect their identity. © Image from the author’s private archive

Убачыў у аднаго свайго фрэнда, вядомага польскага журналіста, фотакалаж, сэнс якога, што Ілан Маск — ідыёт, — піша Віталь Цыганкоў ў сваім тэлеграм-канале.

Мне цікавы гэты фэномэн. Відавочна, што Маск «стаў» у вачах многіх ідыётам толькі за апошнія гады, калі пачаў падтрымліваць Трампа. Да гэтага, калі ён галасаваў за Дэмакратаў і даваў Украіне Старлінкі — ён быў бясспрэчным геніем бізнэса і інтэлектуалам.

Рэч не ў Маску, а ў тым падыходзе, калі людзі называюць (і магчыма, шчыра лічаць) дурнямі і ідыётамі тых, хто не супадае зь імі палітычна і каштоўнасна. Дурнямі называюць Маска, Безаса, Джордана Пітэрсана, Каспарава, Пазьняка, Алексіевіч. Я наўмысна бяру людзей з самымі рознымі пазыцыямі, але ў якіх відавочна (для мяне, прынамсі) ёсьць высокі інтэлектуальны ўзровень.

Але ані дакладнасьць ацэнак, ані ўзровень інтэлекту ня мае ніякага значэньня. Проста людзі пераважна ацэньваюць адпаведнасьць выказаных думак сваім перакананьням і сацыяльным нормам. Калі адпавядае — «разумны». Не адпавядае — «дурань», альбо нават небясьпечны. І ўсё.
І гэта так прымітыўна, такая вузкасьць мысьленьня.

Нобелеўскі лаўрэат Джэймс Уотсан, які раскрыў структуру ДНК, быў адхілены ад усяго і пазбаўлены ўсіх званьняў пасьля таго, як заявіў, што раса і ўзровень інтэлекта (Айкью) зьвязаныя. Ня тое, каб нехта абверг ягоныя словы вынікамі дасьледваньняў — проста пра такое «нельга» гаварыць, няважна, праўда гэта ці не.
Бо факты ня маюць значэньне, галоўнае — сацыяльная норма. «Калі б геаметрычныя аксіёмы закраналі інтарэсы людзей, яны б абвяргаліся», — сказаў Томас Гобс.

Свае сацыяльныя нормы ёсьць у розных вялікіх групаў, у розныя гістарычныя пэрыяды. У адных — «цемрашальскія», і іншых — «прагрэсіўныя». Важна, што любая група зацята абараняе сьвятасьць сваёй уласнай нормы і гатовая праклясьці і адмяніць любога, хто асьмельваецца яе парушаць.

І ў мяне ўражаньне, што чым больш вузкая група, тым больш строгія ў іх унутраныя нормы і правілы, ад якіх нельга «адыходзіць». (і заўважце, я не сказаў слова «фэміністкі»)

Праблемка ж у тым, што менавіта людзі з высокім інтэлектам і, адпаведна, шырокім мысьленьнем могуць кідаць выклік агульнапрынятым (у шырокім грамадзтве альбо ў вузкай групе) сацыяльным нормам.

Скажам так асьцярожна, сярэдні чалавек звычайна не кідае выклік нормам — ён ім падпарадкоўваецца, ён сочыць за трэндамі, тэндэнцыямі, паваротамі, разваротамі, каб не дай Божа, не ўпусьціць штосьці новае, і не апынуцца на ўзбочыне. І адпаведна, лічыць «ідыётам» усіх тых, хто мае свае ўласныя думкі і ня хоча станавіцца ў адзіны шэраг.

Я не лічу сваіх палітычных апанэнтаў ідыётамі. Разыходжаньні (скажам мякка) ляжаць у сфэры маралі, каштоўнасьцяў, прынцыпаў, гуманізьме. Праблема ў супрацьстаяньні з Лукашэнкам у сярэдзіне 1990-х была ў тым ліку і ў тым, што яго недаацэньвалі, лічылі дурачком, рагаталі з ягоных выказваньняў. А гэты дурачок перамагаў.