Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў на сваёй старонцы ў Фэйсбук разважае пра культ пакутаў у беларускім Адраджэнні.
Vitali Tsyhankou at the march to celebrate Belarus Independence Day (Dzen’ Voli — Freedom Day). Warsaw, March 25, 2023 People’s faces have been blanked out to protect their identity. © Image from the author’s private archive
Я нядаўна з некім зьдзіўленьнем — ад таго, што, здаецца, ніхто пра гэта раней не напісаў — узгадаў галоўныя тэмы Адраджэньня канца 1980-х. Калі задумацца, то дзьве базавыя ідэі, зь якіх яно пачалося і на якіх доўгі час грунтавалася — гэта Курапаты і Чарнобыль.
Ахвяры і пакуты.
Дарэчы, наконт самога панятку «Адраджэньне». У канцы 1980-х выходзіла шмат самвыдавецкіх лісткоў, дзе іх аўтары сьцябаліся (ужо тады) і з апазыцыі. Дык, памятаю, у адным зь іх Адраджэньне абыгрывалася як «А дражджэй нет». «У ўкраінцаў Рух — значыць, трэба кудысьці рухацца, а ў нас?» — задаваўся пытаньнем ананімны аўтар. Запомнілася. А дарэчы, угадайце, як перакладаецца літоўскі Саюдзіс? Таксама — «рух».
І я разумею, што ў слова «Адраджэньне» можна наўкладаць шмат містычнага і глыбокага, але ягонае слоўнікавае значэньне, якое ўспрымае любы чалавек, наступнае:
1. Аднаўленне, уздым пасля перыяду заняпаду, разбурэння, з’яўленне зноў.
2. Аднаўленне, адбудова чаго-н. знішчанага, разбуранага. То бок — аднаўленьне таго добрага, што калісьці было. Вяртаньне да чагосьці сьветлага і чыстага.
То бок — рух назад?
Цалкам натуральна, што ў канцы 19-га стагоддзя, часе зьяўленьня сучаснай беларускай нацыі, нацыянальнае спалучалася з сацыяльнай барацьбой. Тагачасны нацыянальны рух, як амаль ва ўсёй Усходнай Эўропе, быў рухам нізоў, тых, «кто был нічем». «Песьні Жальбы», «Народ, Беларускі Народ! Ты — цёмны, сьляпы, быццам крот» — і гэтак далей, надта шмат класічных цытатаў. Прыгнечаныя, занядбалыя, бяспраўныя. Але наўрад ці класікі маглі ўявіць, што іхняя канцэпцыя, накіраваная ў той час на малаадукаваных сялян, перажывае эпоху і праз дзясяткі гадоў будзе прэзентавацца як арыентыр адукаваным урбанізаваным беларусам канца 20-га стагоддзя.
Я тут не адкрываю Амерыку, бо дыскусіі пра гэта ішлі ў пачатку 90-х, калі, напрыклад, Сяргей Дубавец пісаў тэкст «Ідэя мёртвага дому», дзе усталёўваў, што «беларушчына — гэта творчасьць», «сёньня самая iдэя вяртаньня — гэта прафанацыя». Я не кажу пра Валянціна Акудовіча — якога, разам з Дубаўцом, назвалі рэнегатамі (адступнікамі). Дыскусія пра назву на пэўны момант заглохла, і я бачу, як зараз Адраджэньне зноў зьяўляецца арыентырам для новага пакаленьня, праводзіцца канфэрэнцыі, пішуцца праграмы, ствараюцца камісіі...
Увогуле, трэба сказаць, што ў расчэсваньні раны ахвярнасьці беларусы зусім не ўнікальныя, асабліва ў сучасным сьвеце, дзе квітнее культ віктымнасьці. Кожная група ці маладая нацыя, якая была (ці адчувала сябе) прыгнечанай большасьцю альбо магутнымі суседзямі— так ці іначай у сваёй ідэалогіі спалучае два наратыва — ахвяры і героі. З аднаго боку, як мы пакутвалі і змагаліся, зь іншага — колькі мы дасягнулі і колькі перамог здабылі, колькі герояў далі ў самых розных сфэрах. Яўрэі, чорнаскурыя, геі, украінцы, прыбалты, палякі (бяру самыя вядомыя альбо блізкія нам прыклады) — усе так ці іначай спалучаюць наратывы «ахвяраў» і «герояў», «пакутаў» і «дасягненьняў».
Аднак пытаньне ў прапорцыях і своечасовасьці. Мне падаецца, што чым больш здаровае грамадзтва (група), тым больш яна адыходзіць ад услаўленьня пакутаў і пераходзіць да ўслаўленьня «дасягненьняў» і «будучыні».
А беларусы, як падаецца, зацыкліліся на бедах і ахвярах, мы расчэсваем гэтую віктымнасьць — пры тым, без надзеі на нейкія выгоды (бо ў сучасным сьвеце культ віктымнасьці — гэта інструмэнт для дасягненьня маральнай, сацыяльнай, а часам і матэрыяльнай падтрымкі. Напрыклад, калі афраамэрыканцы расчэсваюць пакуты расізма, то яны, сярод іншага, маюць цалкам матэрыяльную мэту атрымаць кампенсацыі ад дзяржавы «за стагоддзі рабства»).
Заўважу, што гістарычныя факты тут, па вялікім рахунку, не пры чым, мы самі выбіраем, «шклянка напалову пустая ці поўная». Факты можна заўсёды знайсьці і на ахвярную і на геройскую ідэю, у гісторыі кожнага народу і групы можна знайсьці і «пакуты» і «славу». Справа ў сьвядомым выбары. Справа ў тым, на што вы робіце націск, што вы ўносіце ў падручнікі, а што ігнаруеце. На чым вы будуеце ідэнтычнасьць сваёй нацыі альбо групы.
Французы ў Другой сусьветнай ваявалі нашмат меней за беларусаў. Але яны — «пераможцы», праводзяць ваенныя парады 8 траўня, пра калабарацыянізм амаль не ўзгадваюць, пераважна пра герояў Супраціву. А «мы» — аддалі перамогу лукашыстам, а самі занурыліся ў трагічны дыскурс, што беларусы сталі ахвярамі двух таталітарных сыстэмаў. Тым часам прапаганда тупа, без ніякай неадназначнасьці, паўтарае, што беларусы — пераможцы. І гэты тэзіс, як падаецца, знаходзіць падтрымку ў большасьці.
Бо людзі любяць пераможцаў. Людзі могуць шкадаваць прайграўшых, але не жадаюць да іх далучацца. Прайдзіце любыя курсы піяру, рэкламы, псіхалогіі, маркетынгу — вобраз пераможца абавязковы для прасоўваньня прадукту. А яшчэ лепей, калі наш герой пераадолеў усе перашкоды, зведаў шмат пакутаў — і дасягнуў посьпеху.
І чаму б гэтую простую выйгрышную схему не выкарыстоўваць пры канструяваньні нашай «уяўленьнай супольнасьці», ідэнтычнасьці нашай нацыі?