Жыхарам любой краіны былі неабходныя зразумелыя ім грошы, перадусім манеты, каб разлічвацца між сабою. У Вялікім Княстве Літоўскім грошы выпускаліся, альбо літаральна — біліся ў сталіцы нашай дзяржавы — Вільні.
Срэбныя манеты Вялікага Княства Літоўскага. Фота: klads.org
Нягледзячы на адсутнасць пісьмовых крыніцаў, сучаснымі гісторыкамі-нумізматамі прынята лічыць, што манеты ствараліся ў Вільні з прыблізна 1387 года. Дакладна вядома, што ў 1495 годзе ўжо працаваў Віленскі манетны двор. Афіцыйна ён быў створаны для правядзення грашовай рэформы. Сутнасць якой была ў тым, каб умацаваць кошт уласных грошай і вывесці з ужытку пражскія грошы, што панавалі ў той час. Разліковай адзінкай быў пакінуты літоўскі грош, які складаўся з 10 дэнарыяў.
Такая сістэма з’яўлялася дзесятковай, вельмі прасунутай і адзінай у Еўропе таго часу. Аднак у той час чаканіліся толькі дэнарыі і паўгрошы. З 1506 года манетны двор быў зачынены. Але ўжо неўзабаве, у 1508 годзе Наваградскі сойм ВКЛ прыняў пастанову аб аднаўленні Віленскага манетнага двара. Ён пачаў дзейнасць у 1509 годзе.
На манетах гатычны шрыфт быў заменены рэнэсансным. Новая эпоха — новыя грошы.
Вуліца Нямецкая ў Вільні, дзе месціўся Манетны двор. Старадаўняя выява
З імём Ульрыха Гозія звязаная бліскучая старонка «Нацбанка» ВКЛ. Напрыканцы XV стагоддзя ён узяў шлюб з дачкой кракаўскага мешчаніна і займаўся тым, што пастаўляў срэбра на мясцовы манетны двор. Але ўжо праз лічаныя гады Ульрых вырашае пераехаць у Вялікае Княства Літоўскае, дзе яго сляды можна прасачыць ад 1504 года і да самай яго смерці ў 1535-м.
У Вільні пан Гозій узначальвае Манетны двор і становіцца адказным за біццё грошай нашых продкаў. Апроч пасады і непасрэднай дзейнасці Ульрых у 1521 годзе на Нямецкай вуліцы ў сталіцы пабудаваў дом з архітэктурнымі рысамі готыкі і адраджэння. Гэтае месца стала «радзільняй» для новых манетаў ВКЛ. Дом можна адшукаць і сёння, калі будзеце ў Вільні. Сучасны адрас: вуліца Vokiečių, дом 24.
Да 1529 года было адчаканена каля 17,1 мільёнаў штук паўгрошаў. У 1528 годзе знак V з’явіўся на паўгрошах, што, як мяркуюць, азначае назву Віленскага манетнага двара. Каштоўныя манеты Вялікага Княства Літоўскага траплялі ў суседнія краіны і стваралі канкурэнцыю мясцовым грашам. Спачатку выкарыстанне манетаў ВКЛ было забароненае ў 1517 годзе ў Лівоніі, а ў 1532 годзе ў Прусіі. Супраць нашых манетаў выступалі ў 1513 годзе ў Малапольшчы і ў 1515 годзе ў польскім сойме.
Віленскі манетны двор быў зноў зачынены ў 1529 годзе пасля пачатку перамоваў з Польшчай аб грашовым хаўрусе. Але нядоўга мазурка гучала — на ўсходзе спрадвечны вораг распачаў новую вайну. І на пакрыццё выдаткаў на армію былі неабходныя грошы. Такім чынам, у 1534 годзе манетны двор зноў пачаў біць грошы. За час вайны іх было зроблена каля 3-4 мільёнаў штук.
У 1545 годзе вышэйзгаданы будынак пана Гозія выкупае беларускі шляхціч Ян Гарнастай і пачынае вялікую рэканструкцыю. У Заходняй Еўропе было набытае сучаснае абсталяванне і нанятыя гравёры Шлезінгер, Франк, Брэм. Срэбра для манетнага двара ў асноўным пастаўлялася з Кракава, частка з Данцыга.
У Вільні таксама чаканіліся дукаты — першыя літоўскія залатыя манеты. Аб’ём выпуску Віленскага манетнага двара быў велізарным. У некаторыя гады лічба пераўзыходзіла 2 мільёны манетаў. Паспрабуйце ўявіць іх напраўду!
Пасля падпісання Люблінскай уніі і стварэння Рэчы Паспалітай у 1569 годзе Віленскі манетны двор зноў быў зачынены амаль на 10 гадоў. Пасля аднаўлення ён ужо меў свой штат.
Інтэр’ер нямецкага манетнага двара XVI ст.: у печы злева — тыглі для плаўлення металу, пасярэдзіне — супрацоўнік, які стукае па лісце, злева нажніцамі рэжа манетныя дыскі, справа — майстар чаканіць манеты з гатовых дыскаў, выдадзеных памочнікам; на заднім плане кіраўнік побач з пробнікам за сталом, правяраючы манеты на шалях. Гравюра на дрэве Г. Бургкмайра Старэйшага
У часы Жыгімонта Аўгуста Віленскі манетны двор стаў адзіным працоўным на землях Рэчы Паспалітай, як сцвярджае гісторык Дзмітры Гулецкі. Ён выбіваў як літоўскія, так і польскія наміналы. Усе манеты (як літоўскія, так і польскія) мелі на сабе адзнаку нашага біцця — Пагоню. Аднак польскія манеты мелі меншую вагу і лічыліся непаўнавартаснымі на землях ВКЛ.
У 1601 годзе Жыгімонт Ваза загадаў зноў зачыніць манетны двор праз дрэнную якасць манетаў. Для чаканкі стаў выкарыстоўвацца магутны пракатны станок. У 1616 годзе праца аднаўляецца. Кіраўнікамі становяцца спачатку Ян Караль Хадкевіч, а пазней — Леў Сапега.
Але, як заўважае гісторык-нумізмат Дзмітры Гулецкі, з пачатку XVII стагоддзя манеты Вялікага Княства Літоўскага, як і іншыя манеты Рэчы Паспалітай, пачалі рэзка дэвальвавацца. Сітуацыя пагаршалася суседзямі, якія запаўнялі рынкі краіны нізкапробнай манетай.
На Віленскім манетным двары таксама чаканіліся памятныя манеты (адзін-у-адзін як у сённяшнім беларускім Нацбанку): да 50-годдзя вялікага князя ў 1617-1618 гадах былі адчаканены дзесяць дукатаў (або інакш — партугалаў), а ў памяць вайны з Турэччынай 1621-1622 гадоў — пяць дукатаў. Манетны двор быў чарговы раз зачынены ў 1627 годзе.
З гэтага часу дзеля аздараўлення фінансаў пастаноўлена біць толькі буйную агульнадзяржаўную манету.
Паколькі грошы Вялікага Княства Літоўскага зусім не чаканіліся, Віленскі манетны двор быў адкрыты пры князі Яне Казіміры ў 1653 годзе. У пачатку 1653 года ў Вільні пачалася эпідэмія чумы, і манетны двор быў часова зачынены. Эпідэмія чумы працягвалася да 1654 года. Аднаўленню чаканкі манетаў перашкодзіла распачатая ў траўні таго ж года страшэнная трынаццацігадовая вайна з Расіяй.
Неўзабаве ў 1655 годзе пачалася таксама вайна са Швецыяй. У 1660-1666 гадах манеты ВКЛ з прычыны вайны чаканіліся аж на шасці манетных дварах. Значная частка тэрыторыі дзяржавы была пад расійскай акупацыяй. Калі Вільня была вызваленая ў 1664 годзе, на працягу трох гадоў на манетным двары было выраблена 404 мільёны медных манетаў!
Больш за тое, фальшываманетчыкі ў ВКЛ, а таксама за яго межамі паспелі разгарнуць фантастычную дзейнасць па вырабе мільёнаў нелегальных медных манетаў.
Паводле закона фальшываманетчыкам адрубалі рукі і вывешвалі іх на плошчах, але гэта не спыняла працы махляроў. Кракаўскім мытным дваром кіраваў італьянец Бараціні. Медныя манеты, якія ён выпускаў, яшчэ ў сучаснікаў здабылі зняважлівую назву «баратынчыкі», ці «барацінкі».
Літоўская барацінка 1665 года, выбітая ў Вільні. Прыватная калекцыя
30 верасня 1666 года Берасцейскі соймік зацвердзіў «Інструкцыю», якую яго паслы былі абавязаны прачытаць на Сойме, што мусіў быць праведзены неўзабаве. Патрыярх беларускай нумізматыкі Валянцін Рабцэвіч прыводзіць вытрымкі з яе:
«Павінен быць спынены выпуск «манеты злой, гэта значыць шэлягаў грубых» і праведзеная выемка іх з ужытку. Так як паны Бараціні і Горн і іншыя арандатары ад манетных двароў вялікія прыбыткі мелі, прысвойваючы сабе лепшую залатую і срэбную манету, а нам медзь пакідалі, павінны яны з уласных сродкаў пэўную квоту добрай манетай скарбу Рэчы Паспалітай аддаць.
Бараціні і Горн павінны прысягнуць, што не выбілі солідаў (манетаў — заўв. П. Х.) больш, чым было абумоўлена ў кантрактах, і не займаліся перачаканкаю старой добрай манеты на новую на замовы прыватных асобаў».
Гравюра з выявай працэсу чаканкі. Зверху — дзве выявы таго, што мы называем аверс і рэверс манеты
У 1666 годзе Сойм Рэчы Паспалітай забараніў біць медныя манеты ў ВКЛ, так званыя шэлягі. Апроч таго Сойм запатрабаваў арышту Бараціні і яго паплечнікаў. Іх лёс склаўся ў рознай ступені нешчасліва.
30 снежня 1667 года «Нацбанк» Вялікага Княства Літоўскага быў зачынены ў чарговы і ўжо канчатковы раз. Фінансавыя махляры і вайна сталі прычынай знікнення манетнага двара ВКЛ. Яшчэ праз 23 гады на тэрыторыі ВКЛ будзе забароненае ўжыванне беларускае мовы ў справаводстве. Залатыя часы нашай дзяржавы засталіся ў мінулым.
Але наперадзе, спадзяемся, адраджэнне.
Павал Хадзінскі, budzma.org