Чарговая «каляровая рэвалюцыя» як вынас мозгу

Яшчэ ў адной краіне наспявае «каляровая рэвалюцыя». Але спрадвечныя барацьбіты з гэтым «злом» маўчаць, нібы язык праглынулі. Маўчыць «Life news», не выкрывае падступныя планы клятага Дзярждэпа тэлеканал «Звязда», вады ў рот набралі ў «Russia Today», сышоў з арбіты Sputnik.

Чаму заторкнулася расійская прапаганда? Чаму нам не распавядаюць пра чарговую «змову сусветнай закулісы» і ўвогуле абыходзяць бокам пытанне гэтай рэвалюцыі? Можа, уся праблема ў тым, дзе рыхтуецца новая «каляроўка»?

Пасля абрання Трампа па Штатах пракацілася хваля пратэстаў. Дэманстрацыі колькасцю ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч чалавек прайшлі ў многіх буйных гарадах: Нью-Ёрку, Портлэндзе, Філадэльфіі, Сан-Францыска. Акцыі ахапілі Каліфорнію, Пенсільванію, Арэгон, Нью-Ёрк, Вашынгтон, Чыкага, Лос-Анджэлес. Пратэстоўцы білі вітрыны, падпальвалі шыны і смеццевыя бакі. Сярод лозунгаў незадаволеных вынікамі выбараў — «Мы спрабавалі галасаваць, цяпер час паўстаць!».

За два тыдні пасля абвяшчэння вынікаў выбараў пратэсты сцішыліся, аднак не спыніліся, а перайшлі менавіта ў фазу арганізацыі «каляровай рэвалюцыі». Спадарыню Клінтан папрасілі пералічыць галасы ў Вісконсіне, Пенсільваніі і Мічыгане, падазраючы парушэнні і магчымыя хакерскія атакі ў ходзе выбараў. Яшчэ б не падазраваць: паводле дадзеных на 24 лістапада, яна па агульным галасаванні апераджае Трампа на 1,82 мільёна галасоў. Але праз асаблівасці выбарчай сістэмы Штатаў, калі гарант іхнай Канстытуцыі вызначаецца не агулам, а калегіяй выбаршчыкаў, перамогу аддалі Трампу.

Сеткавыя актывісты рыхтуюць пратэсты ў дзень інаўгурацыі Трампа. У Вашынгтоне меркавана адбудзецца «жаночая Плошча» — «Жаночы марш Вашынгтона». Да адпаведнай падзеі ў Фэйсбуку далучыліся 119 тысяч чалавек а расшарылі гэтую аб’яву больш за паўмільёна фрэндаў.

Больш за тое, некаторыя ў выпадку пройгрышу гэтага Майдану рыхтуюць «крымскі сцэнар». У шэрагу штатаў узнік рух за выхад тэрытарыяльных адзінак з федэрацыі ЗША і далучэнне іх да больш спакойнай і справядлівай Канады. Прынамсі, за гэта ўжо пачаўся збор подпісаў у Каліфорніі. Да Канады гіпатэтычна могуць далучыцца Бостан і Нью-Ёрк.

Што гэта, як не спроба «каляровай рэвалюцыі»?

Зразумела, узнікае пытанне, куды глядзіць рух «Антымайдан». Куды падзелася процьма «экспертаў» і «палітолагаў», якія дзесяцігоддзямі даказвалі нам, што «каляровыя рэвалюцыі» — гэта зло, распрацаванае і інспіраванае выключна Дзярждэпам ЗША, каб насадзіць «заходнюю дэмакратыю», «гей-каштоўнасці» і ледзьве не ўвесці «прыгоннае права» на «захопленых тэрыторыях»? Дзе розныя «амерыканскія валёнкі» ды «наколатыя апельсіны»?

Ужо нідзе. Праз тое, што «каляровая рэвалюцыя» пачынаецца ў ЗША, у іх, напэўна, проста парвала мозг. Яны не ведаюць, як і каго зрабіць вінаватым. Звыклы вораг і чорт Дзярждэп ну ніяк не падыходзіць. Заяўляць пра тое, што ўдзельнікі акцыяў пратэсту супраць абрання Трампа — «нанятыя правакатары», якім плацяць доларамі, не выпадае. А ў чым амерыканцы павінныя атрымліваць заробак? У расійскіх рублях?

Чаму нам не кажуць, што да ўлады ў ЗША праз «каляровую рэвалюцыю» ірвуцца нацыяналісты і фашысты, якія хочуць «расчляніць краіну» і «прадаць яе капіталістам»? Чаму «Начныя ваўкі» на чале з Хірургам не едуць са сваімі касметычкамі ў Нью-Ёрк? Чаму рознага кшталту «казакі» не ірвуцца на дапамогу Трампу, супраць якога той Майдан?

ЗША проста парвалі шаблон і вынеслі мозг гэтай публіцы. З іншага боку, вінаватае маўчанне з боку расійскіх «прапагандонаў» вымушае задумацца. А можа, усе астатнія Майданы і «каляровыя рэвалюцыі» і не былі інспіраваныя ЗША? Можа, гэта такое ж волевыяўленне народа, як цяпер у Штатах?

Але каб прыйсці да такой думкі, прапагандыстам трэба, па-першае, вырачыся ўсёй лухты, якую яны вешалі сваёй аўдыторыі як мінімум гадоў дзесяць — з першай «Памаранчавай рэвалюцыі» ў Кіеве. А па-другое — проста мець мазгі. Першае яшчэ магчыма, а вось з другім вялікія праблемы.

 

Сяргей Ваўкоў