«Луч» выпусціў серыю гадзіннікаў у падтрымку медыкаў

23.04.2020 У краіне

23 красавіка Мінскі гадзіннікавы завод «Луч» запусціў у продаж дабрачынную серыю гадзіннікаў «Час дапамагаць». Новая мадэль створана для таго, каб дапамагчы медыцынскім работнікам падчас эпідэміі: усе атрыманыя сродкі пойдуць на дабрачынны рахунак Міністэрства аховы здароўя.

2.jpg

На цыферблаце гадзіннікаў выгравіраваны надпіс: «Мая дапамога ўрачам супраць COVID-19». На заднім вечку корпуса вытворца змясціў словы падзякі медыцынскім работнікам на 17 мовах. Акрамя беларускага «дзякуй», там можна знайсці англійскае «thank you», украінскае «дякуємо», французскае «merci», польскае «dziękuję» і іншыя моўныя варыянты. Латуневы корпус дапаўняе яркі чырвоны нейлонавы раменьчык, які стане адметным знакам неабыякавага ўдзельніка акцыі. Мадэль устойлівая да ўздзеяння вільгаці: гадзіннік не баіцца кропель дажджу і пырскаў ад мыцця рук. 

756covid19 тричетверти.png756covid19 задняя стороны.png

«Выпускам гэтых гадзіннікаў мы хочам сказаць «дзякуй» медыцынскім работнікам, якія ў гэты няпросты час ратуюць нашы жыцці. Мы назвалі мадэль «Час дапамагаць». Зараз той час, калі многія беларусы імкнуцца ўнесці свой уклад у дапамогу медыкам: хтосьці шые ахоўныя маскі і касцюмы, хтосьці рыхтуе і перадае гарачыя абеды, нехта ладзіць дабрачынныя канцэрты. Гэтыя гадзіннікі – яшчэ адна магчымасць матэрыяльна дапамагчы нашым урачам, а таксама напамін для нас, што пры кожным руху стрэлак цыферблата медыкі рызыкуюць сваімі жыццямі, каб захаваць нашы», – адзначае арт-дырэктар Мінскага гадзіннікавага завода Іван Краўчэня.

Для Мінскага гадзіннікавага завода гэтая дабрачынная акцыя – не першая ў перыяд каронавірусной эпідэміі. У сакавіку «Луч» адгукнуўся на запыт аб дапамозе ад медыкаў 4-й гарадской клінічнай бальніцы імя М.Я. Саўчанкі і пералічыў сродкі на закупку шматразовых ахоўных медыцынскіх касцюмаў. Таксама, калі заводу стала вядома, што інфекцыйная бальніца мае патрэбу ў аснашчэнні палат насценнымі гадзіннікамі, – неабходная колькасць была перададзена медыцынскай установе.

1.jpg

Гадзіннікі мадэлі «Час дапамагаць» ужо даступныя для заказу на афіцыйным сайце Мінскага гадзіннікавага завода. Кошт 69 BYN. Заказваючы, можна выбраць функцыю дастаўкі без кантакту з кур’ерам. Новую мадэль таксама можна набыць у афіцыйных крамах «Луч» па адрасе: г. Мінск, пр. Незалежнасці, 18 і 95.