«Гэта адзін з самых важных гуманітарных часопісаў за апошнія 10 гадоў, якія застануцца памяццю пра нашае пакаленне». Часопіс «Беларускі фальклор: матэрыялы і даследаванні» адзначыў юбілей

4 мая ў Цэнтры даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі святкавалі юбілей — у красавіку выйшаў 10-ы нумар зборніка навуковых артыкулаў «Беларускі фальклор: матэрыялы і даследаванні». З гэтай нагоды адбылася прэзентацыя выдання, на якую завіталі яго выдаўцы, аўтары і чытачы.


02 зборнік.jpg 

Упрыгожылі імпрэзу жывая музыка і спевы ў выкананні Кацярыны Радзівілавай (дуда, колавая ліра, жалейка). Сярод іншага, пад акампанемент колавай ліры Кацярына выканала духоўны верш, запісаны ў Салігорскім раёне Ліліяй Баранкевіч ад Матроны Міхнавец, дачкі лірніка Івана Сарокіна.

13 Кацярына Радзівілава грае на дудзе.jpg
Кацярына Радзівілава

Пра фальклор — і не толькі

Зборнік заснаваны Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы. Ён з’яўляецца фундаментальным і знакавым для беларускай навукі. Выходзіць раз на год, пачынаючы з 2014 года, у выдавецтве «Беларуская навука». Што адметна — цалкам на беларускай мове, артыкулы замежных аўтараў перакладаюцца.

Выданне разлічана не толькі на адмыслоўцаў і экспертаў (фалькларыстаў, этнолагаў, мовазнаўцаў, мастацтвазнаўцаў, краязнаўцаў), але і на ўсіх тых, хто цікавіцца народнай спадчынай. Набыць яго можна ў кнігарні «Акадэмкніга», сетцы «Белкніга».

Накірунак даволі шырокі: нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі. Аўтары закранаюць розныя аспекты традыцыйнай культуры: аналізуюць і параўноўваюць фальклорныя тэксты, даследуюць міфалогію, абрадавыя практыкі, музычнае мастацтва, сакральную геаграфію і інш. Публікуюцца ўнікальныя архіўныя запісы, матэрыялы этнаграфічных экспедыцый па розных рэгіёнах нашай краіны і за яе межамі, агляды і рэцэнзіі, інтэрв’ю з даследчыкамі і іншыя матэрыялы.

17 фотаздымкі.jpg 

Сярод рубрык: «Даследаванні», «Беларускі фальклорна-этналінгвістычны атлас», «Беларускі фальклор у гістарычных дакументах», «З рукапіснай фальклорнай спадчыны», «Матэрыялы і вынікі палявых даследаванняў», «Фальклор беларусаў замежжа», «Агляды і рэцэнзіі», «Юбілеі».

14 фотаздымкі.jpg

Слова — галоўнаму рэдактару

Падчас прэзентацыі галоўны рэдактар зборніка, доктар філалагічных навук, НАН Беларусі Таццяна Валодзіна, расказала пра гісторыю стварэння выдання, выказала падзякі ўсім, хто спрычыніўся да гэтай справы.

03 Таццяна Валодзіна прэзентуе зборнік Беларускі фальклор.jpg
Таццяна Валодзіна 

У пачатку 2000-х гадоў беларускія фалькларысты задумаліся над тым, дзе ж прадстаўляць грамадству свае дасягненні — у суседніх краінах такія профільныя выданні ўжо існавалі. Сабралася кола аднадумцаў, у якое ўвайшлі вядомыя беларускія навукоўцы: Уладзімір Лобач, Анастасія Гулак, Алена Боганева, Мікалай Антропаў, Юрый Внуковіч, Яніна Грыневіч, Сяргей Санько і інш. Так стварылася першая рэдакцыйная рада. Сярод кансультантаў былі сапраўдыныя карыфеі, і найперш Арсень Ліс. З цягам часу дадаваліся новыя велічыні міжнароднага «значэння»: Альберт Байбурын, Фларэнціна Бадаланава-Гелер, Андрэй Мароз, Станіслава Небжэгоўска-Бартміньска, Любінка Радэнкавіч, Марэ Кыйва. Падтрымалі пачынанне такія слынныя навукоўцы, як Іна Швед, Сяргей Віцязь, Елізавета Квілінкова, Тадэвуш Навагродскі.

16 фотаздымкі.jpg

І хоць абсалютна ўсе тэксты прысвячаюцца беларускаму фальклору, тэматыка паступова пашыраецца. Калі першы нумар быў «вузкафальклорным» і прысвячаўся вуснай паэтычнай творчасці, то наступныя выпускі выходзілі далёка за межы фалькларыстыкі.

18 фотаздымкі.jpg

Як падкрэсліла рэдактарка, галоўнае застаецца нязменным. У цэнтры ўвагі — беларускі фальклор, якому прысвячаюцца абсалютна ўсе матэрыялы, нават калі аўтары — з Літвы, Расіі, Украіны, Балгарыі і г. д. Напрыклад, у першым нумары змяшчаецца артыкул немца Пауля Бартэльса «З жыцця беларускага вясковага насельніцтва Смаленскай губерні», а таксама тэкст балгарскай даследчыцы Фларэнціны Бадаланавай пра народную Біблію беларусаў, які выйшаў ажно ў Новай Зеландыі.

Некаторыя выпускі сталі тэматычнымі«. Напрыклад, другі быў прысвечаны абраду «Ваджэння Куста» (артыкулы Вольгі Шарай і Рымы Кавалёвай), а трэці — такой таямнічай і цікавай тэме, як замовы; навукоўцы з розных краін прадставілі свой погляд на гэтую ўнікальную з’яву беларускай традыцыйнай культуры.

У шэрагу нумароў публікаваўся Беларускі фальклорна-этналінгвістычны атлас. Гэта цудоўны даследчы інструмент, які дазваляе ўбачыць пашырэнне пэўнай традыцыі, абраду, легенды і г. д. на мапе. Мапы падрыхтаваныя Цімафеем Авіліным.

Вельмі важная рубрыка — «Беларускі фальклор у рукапісах і архівах». У 5-м выпуску былі апублікаваныя рукапісы Яна Чачота — адзін з самых ранніх тэкстаў беларускага фальклору. Іх падрыхтаваў да друку Вячаславў Мартысюк («Ян Чачот — збіральнік беларускіх народных казак»).

У межах рубрыкі «Фальклор беларусаў замежжа» аўтары прайшліся літаральна па ўсіх межах нашай краіны — Пскоўшчына, Браншчына, Смаленшчына, таксама даследвалі творчасць беластоцкіх беларусаў. Напрыклад, артыкулЮрыя Внуковіча і Яніны Грыневіч «Фальклорная спадчына Смаленшчыны ў Архіве ІМЭФ імя К. Крапівы НАН Беларусі».

Рэдактарка адзначыла працу, падрыхтаваную Дзмітрыем Скварчэўскім і Віталём Былем — «Запісы з Бернардзінскага архіва 1764 г. як этнаграфічная крыніца». Дагэтуль лічылася, што пісьмовыя гістарычный крыніцы па фальклоры пачалі актыўна з’яўляцца недзе з ХІХ стагоддзя — а тут ажно на стагоддзе раней!

Таццяна Валодзіна падкрэсліла важнасць навуковага прызнання зборніка, у тым ліку на міжнародным узроўні. Ён уваходзіць у «Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для публікавання вынікаў дысертацыйных даследванняў»: з 3-га нумару — па спецыяльнасці «фалькларыстыка», з 9-га — таксама па спецыяльнасці «этналогія». Пачынаючы з 8-га выпуску зборнік уключаны ў базу даных Расійскага індэкса навуковага цытавання (РІНЦ), а з гэтага года — і ў навукаметрычную рэфератыўную базу дадзеных Scopus, адну з самых прэстыжных у свеце.

З вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю згадала галоўная рэдактарка зборніка беларускага фалькларыста і музыку Яўгена Барышнікава — менавіта дзякуючы яму выданне мае сваю старонку ў інтэрнэце. На сайце выкладзена большая частка матэрыялаў — рэзюмэ, анатацыі, метаданыя. У раздзеле «Архіў выпускаў» можна прачытаць тэксты цалкам.

Таццяна Валодзіна спадзяецца, што выданне «дарасце» да рубрыкі «Рэцэнзіі», што пакуль не вельмі атрымліваецца — на беларускай прасторы, на жаль, пакуль няма культуры навуковага рэцэнзавання.

Пляцоўка для даследчыкаў

Сваю павагу і падзяку выданню выказалі яго аўтары, навукоўцы. Гісторык Сяргей Грунтоў (Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры) зазначыў, што «Беларускі фальклор» стаў плёнам супрацы многіх людзей, іх энтузіязму, веры ў тое, якой павінна быць сапраўдная навука:

«Гэта адзін з самых важных гуманітарных часопісаў за апошнія 10 гадоў, якія застануцца памяццю пра нашае пакаленне, як «Наш край» ў 20-я гады ці «Спадчына» ў 90-я. Такое ж месца сёння займае і «Беларускі фальклор».

06 Сяргей Грунтоў.jpg Сяргей Грунтоў

Выказала сваю пашану выданню беларускі мастацтвазнавец, культуролаг, этнолаг Вольга Лабачэўская. У адным з нумароў быў надрукаваны яе артыкул — па вызначэнні Т.Валодзінай, «топавы», праграмны, вельмі каштоўны і патрэбны ў культурнай прасторы Беларусі («Патрыятычная міфалогія беларускага арнаменту прафесара М. С. Кацара»). Артыкул атрымаў Прэмію Міжнароднага Кангрэсу даследчыкаў Беларусі.

07 Вольга Лабачэўская.jpg
Вольга Лабачэўская

Вольга Лабачэўская падкрэсліла, што зборнік «Беларускі фальклор» — важная і, напэўна, адзіная пляцоўка, дзе магчыма друкаваць такія артыкулы. І ён за гады свайго выхаду перарос свой першапачатковы накірунак, даследуе беларускую традыцыйную культуру наогул. Сёння ў ім можа апублікаваць вынікі сваёй працы не толькі фалькларыст ці філолаг, але і этнограф, і мастацтвазнаўца.

Падзякавала калегам кандыдат філалагічных навук Вераніка Курцова, загадчыца аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Яна пажадала выданню новых ідэй і новых аўтараў.

08 Вераніка Курцова.jpg
Вераніка Курцова

У кожнага нумара зборніка маецца свая «гаспадыня» — выдавецкі рэдактар. З першых нумароў гэтую важную функцыю выконвае Таццяна Лапцёнак. Яна назвала «Беларускі фальклор» тварам нашага народа. Па яе словах, ён адрозніваецца ад іншых акадэмічных выданняў нават вокладкай, і наогул паламаў шмат стэрэатыпаў сваім з’яўленнем.

12 Таццяна Лапцёнак.jpg
Таццяна Лапцёнак

Галоўную ролю ў любой справе грае асоба — і ў дадзеным выпадку гэта асоба Таццяны Валодзінай, лічыць сябра рэдкалегіі і аўтар зборніка, навуковы супрацоўнік сектара этналінгвістыкі і фальклору Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Алена Боганева, якая далучылася да віншаванняў.

10 Алена Боганева.jpg
Алена Боганева

«Зборнік, у адрозненне ад кнігі, — не кропка, а працяг. Мы не падвозім вынікі, а радуемся таму, што сёння маем,» — зазначыла напрыканцы імпрэзы Таццяна Валодзіна. На яе думку, ёсць куды імкнуцца і развівацца.

Вольга Загорская, budzma.org