Чатыры беларускія ВНУ сёлета трапілі ў адзін з самых вядомых міжнародных рэйтынгаў універсітэтаў на 2022 год ад брытанскага часопіса Times Higher Education (THE).
Насамрэч паўнавартасна ў рэйтынг трапіў толькі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Ён займае месца «1201 і ніжэй».
Віцебскі і Гродзенскі медыцынскія ўніверсітэты, а таксама Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі ўвайшлі ў спіс толькі ў якасці «рэпарцёраў». Гэта значыць, што пакуль не ўсе прадстаўленыя імі дадзеныя адпавядаюць патрабаванням рэйтынга.
Першае месца ў рэйтынгу займае Оксфардскі універсітэт. Другое - падзялілі Каліфарнійскі тэхналагічны інстытут і Гарвардскі універсітэт. А ў агуле ў топ-10, як і ў папярэднія гады, знаходзяцца выключна універсітэты ЗША (8) і Вялікабрытаніі (2).
Адметна, што сёлета ў спіс трапілі ажно 60 расійскіх ВНУ. Як адзначае ТАСС, гэта лепшы паказчык за ўсе гады існавання рэйтынга THE. Лепшы паказчык мае Маскоўскі дзяржуніверсітэт імя М. Ламаносава, ён замймае ў сусветным рэйтынгу 158 месца.
У Літве лепшыя паказчыкі маюць Літоўскі ўніверсітэт па вывучэнні здароўя (ён займае месца «601-800») і Віленскага ўніверсітэт (месца «800-1000»). Акрамя іх, у рэйтынг трапілі яшчэ тры літоўскія ВНУ.
Што датычыць Латвіі, то тут у рэйтынг увайшлі 4 навучальныя ўстановы. Лепшыя вынік у Рыжскага ўніверсітэта імя Страдыня (501-600) і Латвійскага ўніверсітэта (800-1000).
Лепшыя паказчыкі сярод Польскіх ВНУ мае Ягелонскі ўніверсітэт (501-600). А ўвогуле ў рэйтынг паўнавартасна ўваходзяць 22 ВНУ Польшчы і яшчэ тры ў якасці «рэпарцёраў». Ва Украіне лепшым згодна рэйтынгу лічыцца Сумскі дзяржаўны ўніверсітэт (месца «501- 600»). Акрамя яго, у рэйтынгу яшчэ 9 украінскіх ВНУ і 19 універсітэтаў ў якасці «рэпарцёраў».
Сусветны рэйтынг універсітэтаў Times Higher Education 2022 уключае больш за 1600 універсітэтаў з 99 краінаў свету. Рэйтынг складаецца на падстве 13 паказчыкаў, якія вымяраюць эфектыўнасць дзейнасці ўстановы адукацыі па чатырох напрамках: выкладанне, даследчыцкая дзейнасць, перадача ведаў і міжнародны ахоп (магчымасць прыцягваць замежных супрацоўнікў і студэнтаў).