«Чужое багацце» ўсё яшчэ ў пошуках. Частка 2

Сакрэты, бадай, самай таямнічай гісторыі беларускага музыказнаўства працягвае раскрываць Зміцер Юркевіч у «Культура і мастацтва». Ці пашанцуе рашыць задачу з усімі невядомымі?


Экскурс у мінулае

Калі коратка, гісторыя оперы «Чужое багацце нікому не служыць» сёння выглядае так. Прэм’ера адбылася нібыта ў 1780-м у Варшаве. Да 1820-га ставілася быццам бы яшчэ сем разоў. У сярэдзіне 1780-х нібы была паказаная ў Нясвіжы, а 4 студзеня 1798-га — у львоўскім тэатры. Аўтарам музыкі лічыцца нямецкі кампазітар Ян (Ёган) Давід Голанд. Аўтар лібрэта невядомы. Ад оперы застаўся толькі рукапіс рэпеціторыя (1797), на якім імя Голанда напісана алоўкам невядома калі і кім. Адзінае, што не патрабуе праверкі, — прэм’ера перастворанай оперы прайшла ў ліпені 2009 года ў Мінску з вялікім поспехам.

Позірк у ХІХ стагоддзе

У першай частцы нашага даследавання высветлілася, што ад першай згадкі оперы ў працы тэатразнаўцы Людвіка Дмушэўскага (1820) і да Уладзіслава фон Троцкага (1867) опера была цалкам ананімная. А што ў іншых крыніцах?

Scena z teatraĺnaha žyccia XVIII st.
Сцэна з тэатральнага жыцця XVIII ст.

«Нашчадкі» Дмушэўскага даволі доўгі час трымаліся правіла «старыны не рухаць, навіны не ўводзіць». У 1874 годзе ў Парыжы выйшаў адзін з першых слоўнікаў польскіх музыкантаў, у якім быў даволі змястоўны артыкул пра Яна Давіда Голанда. Укладальнік слоўніка — піяніст, кампазітар, публіцыст Войцех Савінскі (1805–1880). Па традыцыі, закладзенай у 1820-м Войцехам Багуслаўскім, ён, не вагаючыся, называе Голанда аўтарам оперы «Агаткі». Пры гэтым ані словам не згадвае «Чужое багацце...». І не толькі Савінскі. Тая самая карціна — і ў публікацыях іншых аўтараў таго часу.

ХХ стагоддзе пачынаецца

Пачатак новага стагоддзя прайшоў пад знакам адсутнасці перамен у гэтай справе. Даследчыкі працягвалі замацоўваць «Агатку» за Янам Голандам, але спроб прыпісаць яму «Багацце» не было. Згадаем музычнага крытыка, гісторыка музыкі і кампазітара Аляксандра Палінскага (1845–1916). У 1907-м у Львове ён выдае «Гісторыю польскай музыкі ў нарысе», якая стала адной з першых прац на гэту тэму. У нарысе вельмі цікава, з агеньчыкам пададзена музычнае жыццё радзівілаўскага Нясвіжа сярэдзіны XVIII ст. Згаданы і Голанд, які ў 1784-м «скампанаваў» оперу «Агатка» на словы Мацея Радзівіла. Але дасведчаны ў жыцці радзівілаўскага двара аўтар іншых твораў Голанда не называе.

У 1916-м фактычна тое самае піша ў сваёй кнізе кампазітар, дырыжор і педагог Тадэвуш Ятэйка (1872–1932). У пачатку 1920-х выйшла яшчэ некалькі музыказнаўчых прац, аўтары якіх згадвалі «Агатку» і Голанда, але працягвалі захоўваць маўчанне наконт «Чужога багацця...» (прыкладам, кнігі прафесара Юзафа Рэйса,1879—1956). Але сітуацыя кардынальна змянілася праз некалькі гадоў.

Рубікон

Сапраўдны пераварот у «багацця- знаўстве» зрабіў гісторык польскай літаратуры і тэатра, перакладчык, дырэктар Нацыянальнага інстытута імя Асалінскіх у Львове Людвік Бярнацкі (1882–1939). У 1925-м ён выдае двухтомнік «Тэатр, драма і музыка часоў Станіслава Аўгуста», то-бок панавання апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага, якія прыйшліся на 1764–1795 гады.

Partytura opiery «Čužoje bahaccie nikomu nie služyć» (frahmient), 1797
Партытура оперы «Чужое багацце нікому не служыць» (фрагмент), 1797

У грунтоўным даследаванні Бярнацкі прыводзіць храналогію жыцця варшаўскага тэатра за некалькі дзясяткаў гадоў, распісаную літаральна па днях (!). Ён аднавіў яе на падставе багатых афішных калекцый, якія цалкам былі знішчаны ў часы Другой сусветнай вайны. Згадваючы «Агатку» і яе варшаўскія пастаноўкі, што прайшлі пасля нясвіжскай прэм’еры 17 верасня 1784 года, даследчык пісаў, што аўтарам музыкі да яе быў капельмайстар Радзівілаў Алясандра Данэзі (!). Яго імя не раз згадвалася на афішах.

Цікава і тое, што ў афішнай храналогіі зусім няма згадак пра «Чужое багацце...». Яно з’яўляецца ў іншым раздзеле. І вынікае з напісанага, што аўтарамі арыгінальнай оперы «Чужое багацце нікому не служыць» (у публікацыі «Cudzy majatek nikomu nie płuży», а не «nie służy», як напісана на тытульным аркушы партытуры оперы. — заўв. З.Ю.) з’яўляюцца ўжо вядомыя нам пан Голанд (музыка) і пан Дмушэўскі (тэкст, 1780). Паведамлялася і тое, што рукапіс захоўваўся ў Бібліятэцы варшаўскіх тэатраў. З якой крыніцы Бярнацкі ўзяў, што Дмушэўскі напісаў лібрэта, невядома. А вось чаму Людвік Дмушэўскі, працуючы ў 1820-м над уласнай гісторыяй «польскай оперы», не прыпісаў аўтарства сабе, зразумела: у 1780-м яму было каля трох гадоў ад нараджэння. Праўда, «аўтарства Дмушэўскага» не адразу было спісана ў архіў. Яно яшчэ не раз з’яўлялася ў пазнейшых працах музыказнаўцаў. А з сайта, на якім размешчана адсканаваная партытура оперы, імя нашага земляка знікла толькі каля трох месяцаў таму.

З гэтага моманту і па сёння адзіным прэтэндэнтам на аўтарства музыкі «Багацця» застаецца Ян Давід Голанд. Апошнім, што прывяло да хваляванняў у стане «голандазнаўцаў», было сцвярджэнне, што опера ўжо ставілася ў 1780-м у Рэчы Паспалітай. Згодна ж з біяграфіяй кампазітара, ён пакінуў службу і родны Гамбург толькі ў сярэдзіне 1782-га.

Першае з’яўленне народу

Улетку 1934 года ў варшаўскім палацы Патоцкіх адбылася выстава, на якой прадставілі найважнейшыя здабыткі польскай музычнай і тэатральнай культуры са збораў Нацыянальнай бібліятэкі. Нагодай для правядзення выставы стаў ІХ Кангрэс міжнароднай канфедэрацыі драматургаў і кампазітараў.

Сярод вялікай колькасці ўнікальных твораў, прыведзеных у каталогу выставы, спынімся на двух. Пад нумарам 83 значылася «Агатка. Аперэтка ў 3-х дзеях» (рукапіс канца XVIII ст.). Наступны, № 84, належаў нашай добрай знаёмай — оперы ў 2-х дзеях «Чужое багацце нікому не служыць» (рукапіс 1797 г.). Стваральнікі каталога бралі звесткі з працы Людвіка Бярнацкага. Аўтарам музыкі опер быў названы Ян Давід Голанд. Што ж тычыцца аўтара лібрэта, то іх аўтарам адназначна быў названы Мацей Радзівіл (!). Замена Дмушэўскага на Радзівіла патлумачаная. Першы не праходзіў узроставы цэнз. Другі ж, як аўтар лібрэта «Агаткі», падаваўся найбольш годнай кандыдатурай. Вось толькі пра Радзівіла ўсе даволі хутка забыліся. І, магчыма, небеспадстаўна.

На львоўскай сцэне

Вышэй згадана, што нібыта 4 студзеня 1798 года «Чужое багацце...» ставілася ў Львове. Звесткі паходзяць з кнігі гісторыка тэатра Ежы Гота (1923— 2004), што была прысвечана Войцеху Багуслаўскаму і яго львоўскаму тэатру 1789–1799 гадоў. Дзіўна, але аб гэтай пастаноўцы не ведаюць іншыя біёграфы Багуслаўска, ды і ён сам ані словам не згадаў яе ва ўспамінах.

Teatraĺnaja afiša, 1799
Тэатральная афіша, 1799

І ўсё ж давайце зірнём на львоўскую сцэну таго часу. У 1796-м, прабіўшыся праз шматлікія «рагаткі» і набраўшы «крэдытаў», Войцех Багуслаўскі пабудаваў летні амфітэатр. Планавалі на адкрыццё прэм’еру оперы самога Багуслаўскага з музыкай Яна Стэфані «Уяўны цуд, або Кракавякі і гуралі». Але дазвол на яе пастаноўку не паспелі да часу атрымаць з Вены, таму тэатр адкрыўся творам «Агатка, або Прыезд пана». Праўда, моцна змененай версіяй — з трох актаў стала два, дый назву, як і лібрэта, таксама змянілі: «Пан добры бацька падданых». Пастаноўка прайшла на «ўра».

І тут на шляху Багуслаўскага сустракаецца кампазітар з нямецкай трупы Юзаф Эльснер (1769–1854). Не марудзячы ні дня, «бацька польскага тэатра» вярбуе таленавітага музыканта ў сваю трупу (як пазней і Дмушэўскага). Прычым Эльснер так прыкіпеў да «новай Радзімы», што хутка вывучыў польскую мову, пісаў на ёй і нават прысвяціў ёй тэарэтычную работу. Адначасова з супрацай з Багуслаўскім (тандэм стварыў некалькі опер) Эльснер навязаў творчыя стасункі з лібрэтыстамі Людвікам Дмушэўскім, Людвікам Асінскім ды іншымі.

Эльснер і амазонкі

Ну а цяпер да самага цікавага. Аднойчы, «перабіраючы» лічбавыя старонкі творчай спадчыны Эльснера, я звярнуў увагу на рукапісныя партытуры першага і другога акта оперы «Амазонкі» (другая праца тандэма Багуслаўскі — Эльснер), што ставілася на львоўскай сцэне ў 1797-м. Почырк падаўся знаёмым. Пры супастаўленні высветлілася, што напісаны яны той самай рукой, што і «Чужое багацце» (рукапіс датуецца 1797 годам). Партытуры «Амазонкі» маюць пазнаку «з праўкамі кампазітара». Пры далейшых пошуках аказалася, што, акрамя іх, ёсць і іншыя творы Юзафа Эльснера, дзе рука невядомага перапісчыка пазнаецца, — уверцюра да оперы «Лешэк Белы, або Чараўніца з Лысай Гары» і музыка да балета «Ахвяра Абрама». Сказаць, што гэта прымусіла мяне ўладкавацца на крэсле ў позе радэнаўскага «Мысляра», — не сказаць нічога.

Высновы

Што ў нас атрымалася на гэты раз? Па-першае, на сёння даследчыкі не прывялі ніякіх дакументальных сведчанняў, што опера «Чужое багацце нікому не служыць» ставілася ў XVIII–XIX стагоддзях, — у адрозненне ад «Агаткі», пра якую выдатна ведалі яе сучаснікі. Па-другое, да 1925 года опера была цалкам ананімная, і толькі ў 1925-м яе аўтарамі былі запісаны Ян Голанд і Людвік Дмушэўскі (у 1934-м названы Мацей Радзівіл, а зараз — «аўтар невядомы»). Па-трэцяе, імя «Holland Jan» на партытуры напісана алоўкам, іншай рукой, невядома калі і кім, па-польску. Па-чацвёртае, рукапісы опер «Чужое багацце» і «Амазонкі» створаны ў 1797 годзе ў Львове асобай з кола людзей, блізкіх Войцеху Багуслаўскаму.

Усё гэта дало падставы пашукаць цікавосткі менавіта ў Львове канца XVIII стагоддзя. І сёе-тое знайшлося. Пра гэта мы распавядзем у наступнай частцы нашага даследавання сапраўднай гісторыі «Чужога багацця...».