«Чужое багацце» ўсё яшчэ шукае «бацькоў»

Янак, Кася і Чужапанак. Навошта мы прыгадалі герояў старадаўняй оперы, якую можна аднесці да адной з самых загадкавых у гісторыі беларускага музыказнаўства? Знайшліся новыя факты, піша Зміцер Юркевіч у «Культура і мастацтва». Але пра ўсё па парадку.


Справа на адну люльку?

У чым жа таямнічасць оперы «Чужое багацце нікому не служыць», што ўбачыла свет амаль чвэрць тысячагоддзя таму? Як на мой погляд, адказы на самыя важныя пытанні так і не знойдзены. Сёння аўтарам музыкі лічыцца Ян Давід Голанд. Але яго імя дадалося да «Чужога багацця...» толькі сто гадоў таму. Невядома імя лібрэтыста, дзе і калі адбылася прэм’ера, дзе опера ставілася пазней. Каб паспрабаваць высветліць гэта, мы выправіліся ў вандроўку праз стагоддзі. Дзякуй Сеціву: без яго, без вольнага імгненнага доступу да раней цяжка дасяжных замежных архіўных і бібліятэчных сховішчаў справа магла б зацягнуцца на гады.

Як Брэменскія музыканты

Сюжэт арыгінальнай оперы нескладаны. Галоўных герояў тры: Янак, Кася і яе бацька Чужапанак. Сацыяльны статус хлопца не зусім уцямны. Вядома, што ён чалавек спрытны і дасведчаны ў «чарадзействах без чараў». Кася і Янак кахаюць адно аднаго, але бацька супраць іх шчасця. І каб пераканаць Чужапанка, што Янак як зяць — «тое, што трэба», юнак разыгрывае спектакль, дзе бярэ на сябе дзве ролі. У першай ён — Чараўнік, які насылае на будучага свёкра хтанічныя сілы. Бо той, падбухтораны Янкам, адправіўся ў лес шукаць «чараўніцкі скарб». У другой ролі Янак — пераможца над сіламі цемры. Напрыканцы оперы ён атрымлівае руку Касі. Усё шчаслівыя і ўсе спяваюць пра тое, што «чужое багацце нікому не на карысць».

Зразумела, музыказнаўцы знайшлі іншыя паралелі. Прыкладам, ёсць падабенства з операмі «Вясковы чараўнік» Жан-Жака Русо і «Ашчасліўленая галеча» (музыка Мацея Каменскага, лібрэта Войцеха Багуслаўскага паводле п’есы Францішка Багамольца).

У 2009-м на сталічнай сцэне была пастаўлена пераствораная опера, у якой сёе-тое падверглася зменам. Янак стаў артыстам тэатра пры двары Радзівілаў у Нясвіжы. Чужапанак — заможны гаспадар. З’явіліся новыя дзейныя асобы — слуга Чужапанка і балетмайстар (ён жа «Усходні маг»), які працуе ў тэатры. Ды яшчэ цэлая суполка «артыстаў Нясвіжскага тэатра», якія шмат спяваюць і танцуюць. З невядомага раней раёна Рэчы Паспалітай дзея перанеслася ў Нясвіж. Чужапанак цяпер шукае не «закляты скарб», а «страчаны радзівілаўскі». Пры гэтым з арыгінальнага тэксту пры рэканструкцыі нешта і знікла. Да лібрэта мы яшчэ вернемся. А пакуль...

Выклікаюцца сведкі

У 1820-м польскі кампазітар Караль Курпінскі (1785–1857) пачынае выдаваць «Музычны штотыднёвік». Напрыканцы таго ж года ў друку з’яўляецца артыкул са шматабяцальнай назвай — «Спіс усіх опер, што граліся на польскай мове у Варшаўскіх тэатрах ад стварэння польскай сцэны да кастрычніка 1820 года» (гл. «МШ» № 26). Спіс уключаў 200 опер. Многія з іх былі створаны замежнымі аўтарамі (французамі, італьянцамі, немцамі) і таму ставіліся ў перакладзе. Але былі і арыгінальныя, мясцовыя спектаклі. Праўда, і тут не абыходзілася без замежнікаў, бо сваіх кадраў не хапала. Размешчаны найменні ў храналагічным парадку (ад 1778 года). Для беларускіх даследчыкаў спіс мае вялікую каштоўнасць. У ім нямала пазіцый, за якімі выяўляюцца нашы землякі або людзі, лёсам знітаваныя з беларускай зямлёй, — віцябчанін Францішак Багамолец, палачанін Францішак Князьнін, князь Мацей Радзівіл, слонімскі і нясвіжскі капельмайстар Алесандра Данэзі (памылкова запісаны як Данзі), Юльян Нямцэвіч з Берасцейшчыны, слынныя ўраджэнцы Падляшша — Людвік Асінскі і Людвік Дмушэўскі, а таксама знакаміты тэатрал Людвік Перажынскі (некаторы час кіраваў тэатральнай трупай у Нясвіжы, быў ашуканы князем Каралем Радзівілам Пане Каханку. Яны выступаюць як аўтары тэксту або перакладчыкі ці кампазітары. Для большасці пазіцый складальнік вызначыў аўтараў музыкі, лібрэта і перакладчыкаў. Выключэнне — тры оперы: «Цыганка», «Рэкрут» і, як назнарок, «Чужое багацце...», прэм’еры якіх адбыліся ў 1780-м. Іх стваральнікаў тэатрал не назваў. Наша слынная «Агатка», што таксама была ў спісе, за «бацькоў» мела Данэзі і Радзівіла. Слушна пастаўлены і год яе варшаўскай прэм’еры — 1785-ы.

Scena z teatraĺnaha žyccia XVIII st.
Сцэна з тэатральнага жыцця XVIII ст.

Кім жа быў такі дасведчаны ў гісторыі тэатра чалавек? Гэта наш зямляк — Людвік Адам Дмушэўскі (1777–1847). Нарадзіўся ў Саколцы, што на Гарадзеншчыне, у Вялікім Княстве Літоўскім. Вучыўся ў Жыровіцах у базыльянаў, потым у варшаўскіх піяраў. Марыў паступіць у войска, але ў добры час сустрэў Войцеха Багуслаўскага (1757–1829), знакамітага акцёра, якога па суме зробленага называюць «бацькам польскага тэатра». Бываў ён і на нашых землях, у Горадні, Нясвіжы і сталічнай Вільні. Багуслаўскі адразу разгледзеў у Дмушэўскім талент і прапанаваў далучыцца да сваёй трупы. Так, у 1800-м учарашні «рэкрут» аказаўся сярод акцёраў. Неўзабаве з «юнгі» ён выбіваецца ў першыя асобы трупы, пачынае шмат пісаць (некаторыя яго творы па сёння ставяцца на сцэне). У 1829-м, пасля скону Багуслаўскага, Дмушэўскі ўзначальвае тэатр.

Іншымі словамі, для складання спіса Людвік Дмушэўскі меў грунтоўную базу (тэатральны архіў і жывыя сведкі падзей).

Цікава, што Войцех Багуслаўскі, які, безумоўна, кансультаваў калегу, не аспрэчыў аўтарства «Агаткі» (Данзі-Данэзі). Але, пішучы свае ўспаміны, згадаў, што ставіў «Агатку» у Львове ў 1796-м з музыкай Голанда. Як вядома, гэта была спрошчаная версія, з трохактовай яна стала двухактовай, змяніліся тэкст і назва. Ад таго часу опера ставілася на сцэне як «Пан добры бацька падданых» — і ад таго часу па свеце панеслася навіна, што музыку да «Агаткі» (арыгінальнай, трохактовай) насамрэч напісаў Ян Давід Голанд.

Дарэчы, у ХХ стагоддзі аўтараў «Цыганкі» і «Рэкрута» даследчыкі знайшлі. Першая опера была створана ў 1753-м (арыгінальная назва «Lazingara», аўтар Рынальда дзі Капуя). Другая — у 1762-м («Lemilicien», яе аўтары неапалітанцы — паэт і лібрэтыст Джэнара Федэрыка і кампазітар Эджыджыа Дуні).

Другі відавочнік — Карасоўскі

У 1859-м кампазітар і музычны крытык Маўрыцый Карасоўскі (1823–1892) друкуе «Гістарычны нарыс польскай оперы», у якім спіс Дмушэўскага дапоўнены новымі звесткамі і даведзены да 1859 года. У прадмове аўтар трошкі пакрытыкаваў працу папярэдніка, маўляў, той не заўсёды дакладны, але праўкі ў змест, шануючы папярэдніка, уносіць не стаў. Заўвагі ён змясціў унізе старонкі. Праўда, і на гэты раз «Чужое багацце...», «Чыганка» і «Рэкрут» засталіся без аўтараў. Да «Агаткі» ж Карасоўскі дадаў вялікі каментарый. Ён ніяк не мог зразумець, як нямецкі кампазітар Данзі (Франц Данзі,1763—1826) мог быць аўтарам музыкі да оперы, бо польскай мовы не ведаў і ў Рэчы Паспалітай не бываў. А загваздка тут у памылцы друку, якую дапусціў Дмушэўскі: замест «Danesi» напісаў «Danzi». Алесандра Данэзі — рымскі кампазітар і музыкант. Яшчэ да 1775-га ён трапіў у Львоў, у 1775-м — у Варшаву, а з 1775 па 1785-ы быў надворным капельмайстрам спярша ў вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме, потым у віленскага ваяводы Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку ў Нясвіжы. Уласна ён і напісаў музыку да трохактавай «Агаткі, або Прыезд Пана», што ставілася 17 верасня 1784 года ў Нясвіжы, а з 1785-га ў Варшаве ды іншых мясцінах. Нямецкі кампазітар і музыкант Ёган (Ян) Давід Голанд (1746–1827), якому прыпісвалі аўтарства «Агаткі», з’явіўся ў Рэчы Паспалітай у другой палове 1782-га. Польскай мовай, падаецца, не валодаў, бо пісаў лісты па-нямецку і падпісваўся заўсёды па-нямецку (Johann David Holland). Ён мог быць (гэта толькі версія) аўтарам музыкі да двухактовай, значна спрошчанай версіі «Агаткі» Войцеха Багуслаўскага.

Rukapis repietytoryja «Čužoha bahaccia» (kalia 1797 h.)
Рукапіс рэпетыторыя «Чужога багацця» (каля 1797 г.)

Цікава атрымліваецца. Людзі, якія мелі доступ да архіваў і якія маглі паразмаўляць са сведкамі пастановак «Чужога багацця...», так і не знайшлі сведчанні пра яе стваральнікаў. Нічога не сказаў у абарону аўтарства і Голанд, які ў гэты час жыў у Вільні. Ён увогуле нідзе і ніколі, наколькі вядома, не выказаўся наконт аўтарства опер, што прыпісвалі яму, — «Чужога багацця...», «Агаткі» і «Войта паселішча ў Альбе».

Трэці сведка — Троцкі

Уладзіслаў фон Троцкі. У 1867-м у Лейпцыгу ён надрукаваў нарыс «Развіццё тэатра ў Польшчы» з ужо вядомым нам спісам. Месцы стваральнікаў «Чужога багацця...» і на гэты раз засталіся незанятымі. А вось пра тое, калі опера знайшла сваіх аўтараў, праўдзівых або прыёмных, мы распавядзем у наступнай частцы.

Працяг будзе...