«Спрабаваць зразумець значэнне сваёй культурнай спадчыны, жывучы на чужыне, не заўсёды лёгка. Я мяркую, што маё знаёмства з беларускай культурай у Вільні з’яўляецца для мяне часткай гэтага працэсу. Хаця ў выпадку Беларусі і Літвы, здаецца, ёсць шмат агульнага, насамрэч значна больш, і пра гэта шмат хто ведае».
Неафолк-гурт Crooked Mouth сфармаваны яшчэ ў 2012 годзе канадцам Янам Кэмпбелам (Ian Campbell), а зараз базуецца ў Вільні, куды пераехаў заснавальнік і дзе сустрэў аднадумца, ангельца Адама Ормса. У запісе новага альбома «Between The Fool & The Magician» таксама бралі ўдзел канадска-швейцарская віяланчэлістка Æmber, вядомы нямецкі гітарыст АRT ABSCONs, літоўскія музыкі Віргінія Певос і Агота Зданавічуце.
Увогуле пра новы альбом свайго даволі ўжо вядомага ў колах аматараў дарк- і неафолку гурта Адам Ормс распавёў Budzma.org у вобразе смаргонскага Мядзведзя, які хадзіў з гуртом «Беларускі цуд» па беларусах Вільні на Каляды. І пачуваўся ў гэтым вобразе вельмі натуральна, то-бок было бачнае яго веданне нашых традыцый. Што не магло не зацікавіць. Напярэдадні прэм’еры новай праграмы, якая адбудзецца 26 студзеня ў беларускай прасторы CreateCulture Space, Адам Ормс і Ян Кэмпбел распавялі пра шляхі да Вільні, цікавасць да рэгіёна і свае пошукі тут натхнення для сваёй музыкі і даследаванняў.
Ян Кэмпбел і Адам Ормс
— Які шлях прывёў вас сюды — да Вільнюса, Вільні, Wilno, самага мультыкультурнага горада Літвы і рэгіёна ўвогуле? Што зачапіла і затрымала тут?
Адам Ормс: Упершыню я прыехаў у Вільню, калі мне было 15 гадоў, пасля таго, як мяне запрасілі правесці летнія вакацыі ў літоўскай сям’і, у знаёмцаў маёй маці. На мяне гэта аказала моцныя ўражанні — у той час на гары Гедыміна яшчэ былі дрэвы, гэта было больш атмасферным месцам, як па мне, чым цяпер. Я правёў дастаткова шмат часу сярод гэтых дрэваў у думках пра гісторыю гэтага горада, заснаванага, як гаворыць легенда, па парадзе паганскага жраца Ліздзейкі. Дарэчы, даволі забаўным выглядае тое, што афіцыйны дзень нараджэння горада, 700 гадоў таму, насамрэч прымеркаваны да «тролінгу» Гедымінам Папы Рымскага з нагоды сваіх намераў перайсці ў каталіцызм (гаворка ідзе пра ліст Гедыміна Папе Рымскаму Яну XXII — гэта першая вядомая ўзгадка Вільні). Калі я вырашыў пакінуць Англію, я яшчэ падумваў аб пераездзе ў Польшчу, але зразумеў, што ў Літве я адчуваю сябе як дома. Музычнае вымярэнне Літвы аказала значны ўплыў на маё рашэнне — музыка заўсёды была важнай для мяне, а магчымасць пазнаёміцца з рознымі музычнымі традыцыямі былога Вялікага Княства аказалася вельмі прывабнай. Я заўважыў, што многія палякі маюць сімпатыю да архаічных традыцый зямель Рэчы Паспалітай абодвух народаў, і таму, магчыма, у мяне таксама была патрэба зразумець карані маёй сям’і ў больш шырокім кантэксце.
Ян Кэмпбел: Я ўпершыню прыехаў у Вільню ў 2019 годзе наведаць сяброўку. Я сапраўды закахаўся ў горад, калі ўпершыню быў тут, нягледзячы на тое, што гэта быў вельмі халодны і ледзяны студзень. Я адчуваў тут нейкую магію, якую не адчуваў у Заходняй Еўропе, калі пабываў там некалькі гадоў назад. Людзі часта пытаюцца ў мяне, чаму я пераехаў з Канады, і ў мяне на самай справе няма «лагічнага» адказу на гэтае пытанне. Я пераехаў сюды, бо йшоў за чароўным, міфалагічным пачуццём. На маю думку, людзі маглі б паступіць правільна, калі б менш думалі і больш прытрымліваліся такіх пачуццяў!
— Адам, ты казаў пра поліфанію, якую шукаеш тут. Няўжо яе няма ў Лондане — многім з нас здаецца, што, наадварот, бо гэта ж горад, у якім столькі культур — тут і кельты, і Старая Еўропа ўвогуле, і велізарная колькасць людзей з былых калоній?
Адам Ормс: Для мяне традыцыя славянскага поліфанічнага спеву асаблівая. Нешта ў гэтых гармоніях выклікае ў мяне мурашкі па спіне. Упершыню я сутыкнуўся з гэтым дзякуючы сваёй цікавасці, ці, дакладней, апантанасці альтэрнатыўнай музыкай, чаму, безумоўна, спрыяла жыццё ў Лондане. Маё першае знаёмства са славянскім поліфанічным спевам адбылося, здаецца, дзякуючы «Le Mystère des Voix Bulgares», культавы брытанскі лэйбл 4AD выпускаў дыскі «Балгарскіх галасоў». У Лондане я быў на некалькіх канцэртах балгарскага ансамбля, але ўсходнеславянскіх традыцый асабліва не сустракаў, пакуль не пачаў шукаць іх у інтэрнэце. Знайшоў украінскія і беларускія гурты традыцыйных спеваў, такія як «Древо» і Guda — і пачаў цікавіцца метафарамі і сімваламі ў словах песень. Даведваўся і пра гісторыю вольных казакоў, і пра лірнікаўскую традыцыю, якую Саветы так бязлітасна знішчалі.
Пасля пераезду ў Літву я наведаў у Гданьску займальную лекцыю Мікалая Ярмакоўскага, маладога вучонага, з якім я пазнаёміўся на Menuo Juodaragis, балтыйскім культурным фэсце, які расказаў славянскую міфалогію, зашыфраваную ў песнях. У мяне таксама была магчымасць наведаць выдатныя курсы традыцыйных спеваў у Літве ў 2019 годзе, дзе я навучыўся спяваць украінскія песні з Іллём Фяцісавым з ансамбля «Божичі». Тады ж улетку я ездзіў у Карпаты, каб удзельнічаць у яго фальклорным лагеры. Падчас пандэміі была паўза, пакуль Ян не прыехаў у Вільню і не запрасіў мяне граць у сваёй групе.
— Уласна аб беларускай культуры. Я цябе сустрэў у вобразе Мядзведзя на нашым абрадзе Каляды — і ты вельмі арганічна ўпісаўся ў гэтую дзею. Як усё гэта атрымалася, як ты знайшоў тут беларусаў, што цябе зацікавіла ў беларускай традыцыйнай культуры. І што з мовай?
Адам Ормс: Прыкладна ў той жа час, калі Ян прыехаў у Вільню і пабываў на некалькіх рэпетыцыях у Беларускім Доме, я даведаўся пра спеўны ансамбль «Беларускi цуд», але не стаў працягваць заняткі з імі, бо быў адзіным мужчынам там — і адчуваў сябе крыху не ў сваёй талерцы. Там пабачыў нейкі бюлетэнь, напісаны на беларускай мове — часткова на кірыліцы, часткова на лацінцы.
Я бегла размаўляю па-польску, на прыстойным узроўні па-руску, і аказалася, што з лацінкай я магу зразумець большую частку напісанага (кірыліца дагэтуль мой галаўны боль!). Калі я чую беларускую мову, то разумею большую частку сказанага. Задача ў тым, каб ведаць, як адказаць!
Пазней адна беларуска параіла мне танцавальны клуб «Ойра» у Вільні, якім кіруе дудар, этнолаг Вячка Красулін. Менавіта гэта заахвоціла мяне больш удзельнічаць у беларускіх культурных мерапрыемствах у Вільні. Я люблю танцавальную музыку з валынкай — у яе значна больш магутнае гучанне, чым у акардэона. Я быў на Купаллі каля ракі, дзе знаходзіўся танцавальны клуб, і акампанаваў дудзе Вячкі, граў на сваім барабане. З таго часу я хаджу на беларускія танцы, далучыўся да выступаў у Вільні, а нядаўна і ў Осла, дзе мы разам са спевакамі «Беларускi цуд» прадставілі беларускія традыцыі калядавання дзецям і іх бацькам у публічнай бібліятэцы. Тут я ўпершыню і ўзяў на сябе ролю Мядзведзя, што танцуе і грае на барабане.
Думаю, я бачу пэўнае падабенства з беларусамі ў Вільні і польскай эмігранцкай абшчынай, у якой я вырас. Мая маці прыехала ў Англію незадоўга да таго, як Ярузэльскі ўвёў ваеннае становішча ў Польшчы ў 1981 годзе, яна ўстанавіла сувязі з іншымі палякамі праз сетку, якая паўстала ад Другой сусветнай вайны. Спрабаваць зразумець значэнне сваёй культурнай спадчыны, жывучы на чужыне, не заўсёды лёгка. Я мяркую, што маё знаёмства з беларускай культурай у Вільні з’яўляецца для мяне часткай гэтага працэсу. Хаця ў выпадку Беларусі і Літвы, здаецца, ёсць шмат агульнага, насамрэч значна больш, і пра гэта шмат хто ведае. Зараз я вывучаю прускую мову, якая ў апошнія гады адраджаюць энтузіясты, цікава, што ў беларускай і прускай мовах выкарыстоўваюцца аднолькавыя словы для «ведаць». У беларускім «я ведаю»; па-пруску «as waīda»; абодва звязаныя з санскрыцкай назвай індуісцкіх свяшчэнных кніг — «Ведаў». Я адчуваю, што беларуская культура з’яўляецца захавальніцай многіх каштоўных рэчаў, і маю намер працягваць свае даследаванні ў гэтай галіне.
— Ці ёсць уплыў мультыкультурнасці рэгіёна на музыку вашага гурта?
Ян Кэмпбел: Я не магу не адчуваць уплыў музыкі гэтага рэгіёна проста таму, што яна з’яўляецца часткай жыццёвай сілы тут. У новым альбоме вы пачуеце некаторыя партыі, на якія яўна паўплываў літоўскі фальклор. Але як замежнікі, мы не спрабуем узнавіць яго. Мы выкарыстоўваем некаторыя інструменты, такія як канклесы (літоўскі струнны шчыпковы інструмент, вядомы калісьці і на частцы Беларусі, увогуле блізкі да беларускіх гусляў) і іншыя, такім чынам, каб дапоўніць больш шырокі гук, які мы спрабуем стварыць. Але, думаю, наша музыка сама па сабе гучыць усё ж далёка ад традыцыйнай.
— Для каго ваш новы альбом? У які бок вы рухаецеся, калі параўноўваць з папярэднімі працамі?
Ян Кэмпбел: Наша аўдыторыя — даволі інтэрнацыянальная. Гэта людзі, што цікавяцца неафолкам або дарк-фолкам, таксама тут ёсць некаторы красовер з металам, постпанкам і дарк-вэйвам. На нас уплывае вельмі шырокі спектр музыкі, думаю, што людзі, якім мы падабаемся, таксама маюць розны музычны бэкграўнд.
Гэты альбом падаецца мне новым пачаткам. Наяўнасць Адама ў гурце сапраўды змяніла дынаміку праекта. Наш апошні поўнафарматны альбом Coastal быў больш заснаваны на рок-інструментах, з ударнай устаноўкай і электрагітарай. «Between the Fool & The Magician» — гэта больш пра тэкстуру і рытм. На працягу ўсяго альбома прысутнічае моцны рытм шаманскага тыпу, а такія інструменты, як фісгармонія і акардэон, ствараюць дрон (бесперапынны музычны тон) і атмасферу, у якой лягчэй згубіцца. Мы хацелі б пагрузіць нашу аўдыторыю ў нейкі медытатыўны, інтраспектыўны стан з дапамогай гэтай музыкі. Альбом — гэта аповед трансфармацыі. Першы нумар пачынаецца падчас заходу сонца над Старым горадам, далей — ноч, у час якой выявы і гукі пастаральнай прыроды чаргуюцца з цвёрдымі камянямі горада. Падарожнік сустракае вартаўніка, які паказвае, што яму трэба ачысціць унутры сябе, каб працягнуць, каб вярнуцца назад да святла новай раніцы ў новым свеце.
Вільня — горад, напоўнены чароўнымі месцамі. Вуліцы Старога горада пераплятаюцца ў нейкім змеепадобным лабірынце. Вы можаце знайсці старажытныя паганскія месцы ў межах пяці хвілін хады ад любога месца. Дзіўныя двары змяшчаюць усе віды схаванага мастацтва, а таксама стоеную гісторыю. Часта здаецца, што нешта новае з’яўляецца зніадкуль і гэтак жа хутка знікае. Тут жа і зліццё дзвюх рэк, што часта паднімае іншасветныя энергіі наваколля. Цэнтральным вобразам новага альбома з’яўляецца пэўнага кшталту ўяўленне духоўнай версіі Вільні. Нейкі ўнутраны горад, напоўнены архетыповымі персанажамі і перажываннямі. Горад, які знаходзіцца ў цэнтры адных песень, у іншых супрацьпастаўляецца бачанню чыстай прыроды, якая існуе па-за ім. На працягу ўсяго альбома фокус перамяшчаецца паміж гэтымі двума полюсамі, і слухач знаходзіцца ў іх цэнтры.
Адам Ормс: Слухаць рэкамендую на вініле, які зараз якраз у наяўнасці ў Вільні. І канечне ж, на нашых канцэртах.
Ян Кэмпбел: Мая наступная ідэя — зрабіць запіс дзіцячых народных казак з цікавай фонавай музыкай, выпусціць некаторую колькасць у тым ліку на касеце, якая будзе імітаваць старыя аўдыякніжкі 80-х і 90-х... Мы таксама разглядаем магчымасць выпуску музыкі іншых выканаўцаў на нашым новым лэйбле Aetheric Recordings. Ну а прама зараз мы пачнем тур у падтрымку гэтага альбома. Наперадзе некалькі канцэртаў у Літве, Латвіі, Нямеччыне і, спадзяюся, у іншых месцах.
Ян Кэмпбел
— У шматлікіх зараз тут беларусаў своеасаблівы эмігранцкі досвед. А якія ў вас уражанні ад жыцця не ў англамоўным свеце, у горадзе на культурным і геаграфічным транспамежжы?
Ян Кэмпбел: Што ж, мне здаецца, што ўсё, чаго вы чакаеце, ці ідэі, якія ў вас з’явяцца, калі вы прыедзеце, на самай справе не будуць мець значэння на месцы. Усё будзе зусім не так, як вы чакаеце, усё будзе так, як ёсць. У свету ёсць свой уласны шлях для вас, і ён дае вам тое, што вам трэба для росту, вам проста трэба прыслухоўвацца да знакаў. Што да мяне, то я стаў яшчэ больш шанаваць прыгажосць прастаты ў многіх аспектах жыцця. Я таксама адчуваю больш глыбокую сувязь са зменай пораў года — я родам з месцаў з вельмі падобным надвор’ем круглы год. Вывучэнне мовы адбываецца вельмі павольна, часта гэта прымушала мяне адчуваць сябе ўпершыню ў жыцці аўтсайдарам. Літоўцы, якія гавораць са мной па-ангельску, паходзяць з іншай культуры, сацыяльныя нормы адрозніваюцца ад канадскіх, гэта дадае цяжкасці для ўсталявання стасункаў. Наяўнасць супольнасці людзей вакол вас, дзе вы можаце адчуваць сябе як дома, мае вялікае станоўчае значэнне.
Адам Ормс
Адам Ормс: Я быў у больш выгадным становішчы, чым Ян, з пункту гледжання мовы, бо я гаварыў на момант прыезду па-польску, трохі па-руску (у Вільні можна пражыць у прынцыпе і з гэтымі мовамі), але, відавочна, адсутнасць літоўскай спачатку моцна ўскладняла справу. Веданне славянскіх моў вельмі карысна для вывучэння літоўскай, бо прытрымліваюся адной з гіпотэз, якая кажа, што славянскія мовы паходзяць ад балтыйскага субстрата (з якіх найболей блізкая пруская) — у выніку сінтаксіс у абедзвюх моўных сем’ях падобны.
На іншых узроўнях я адчуваю, што моцна вырас у Літве. Я шмат гадоў змагаўся з хранічнымі праблемамі са здароўем, і ў гэтым годзе я пачынаю бачыць значныя паляпшэнні. Для мяне было вялікай палёгкай выбрацца з «англасферы» — адарванасць ад прыроды, якая прыйшла ў Брытанію, у якой калісьці і пачалася прамысловая рэвалюцыя, распаўсюдзілася на многія вобласці англамоўных культур, і я адчуў, што мне трэба крыху дыстанцыявацца ад гэтых уплываў, каб быць у стане пераадолець некаторыя з маіх праблем.
Відавочна, што амерыканізацыя глабальнай культуры азначае, што нідзе няма месца, цалкам вольнага ад такіх уплываў; тым не менш укаранёнасць, якая ўсё яшчэ існуе ў гэтай частцы свету, па-ранейшаму забяспечвае значную процівагу. Пытанне ў тым, як надоўга забяспечвае? Спадзяюся, што людзі ў гэтым рэгіёне шануюць тое, што было страчана ў іншых частках Еўропы. І гэта нягледзячы на даволі працяглы ўплыў усяго савецкага. Падкрэслю, што я не цалкам адмаўляю свой ангельскі бок — цяжка ўявіць цяперашні свет без Толкіена ці Black Sabbath, напрыклад, але я пра тое, што ўплыў — гэта заўжды палка з двума канцамі. Мне падабаецца думаць, што Гедымін задумаў Вільню як месца для спрыяльнай сустрэчы ўзаемадапаўняльных культур. Ну вось і я стараюся дзейнічаць тут па такіх жа прынцыпах.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org