Усе мы вырастаем з казкі. Як з першай кужэльнай кашулькі. З казкі суровай і літасцівай, праўдзівай і мудрай. З той казкі, у якой герой абавязкова адольвае ўсе нягоды і ўсіх зламысьнікаў, каб усталяваць лад і мір – у сьвеце, у прасторы свайго роду, у хаце, у душы… Казка жывіць і сілкуе нашу веру ў перамогу дабра. Таму праз усё жыццё чалавеку ўпотай хочацца патрапіць у магію казкі ды пакалыхацца ў яе чароўнай стыхіі. Хочацца здзейсніць і сваю, асабістую, казку: здабыць радасць, прыгажосць, адданых сяброў, сустрэць суджанца і стварыць багатую, бясхмарную долю. Толькі вось адны гэтую долю складаюць і спаўняюць мары маленства, а іншыя марна чакаюць, што ўсё жаданае на іх з нябёс раптам пасыплецца.
Кампанія “Івкон” вырашыла сама выправіцца па шчасце-долю. Недалёка ня блізка, ня доўга ня коратка, а напрасткі — у гісторыю. А чаму й не? Усялякае здаралася тут, у старажытным Краі, – і будавалі, і разбуралі, і біліся, і мірыліся, і вынаходзілі, і страчвалі… А ўсё ж самае важнае засталося, збераглося – людскія спаміны. І з іх можна шчасліва сатварыць цуд – павярнуць непадатлівы час, як тое чароўнае кола, на якім варажылі казачныя ведуны, ды наўпрост пацэліць у прамінулыя эпохі і збылыя даўно падзеі.
Вось тут якраз і раскрыецца напоўна сутнасць нашага падарожжа: з лагодай ці з ліхам з’явімся раптам да продкаў на сустрэчу…
А дзеля таго, каб выслаць шлях лёгкі ды ясны, мы адпачатку бярэм з сабой дзіва-рэч – ЦУКЕРЫНУ. Ужо яна дык выведзе з сумоты да шчырасці. На тое ж і САЛОДКАЯ. На тое ж і варажбітная.
І гэтак, ад самага зачыну фэсту, на плошчы, даверна варожым на цукерках: як далей пуціна наша ляжа, якія знаходкі на ёй чакаюць…
А раз цукеркі прадказваюць НАСАЛОДУ, то й няма прычыны баяцца – ані прыгод незвычайных, ані нягод адчайных. Усё ў нашых руках. Як тыя цукеркі ў прыгаршчы.
Цяпер падамося ўжо трэцім разам у Смачную вандроўку. А Пані гісторыя расчыніць нам браму ведаў і адкрыццяў. Бо дагэтуль яна пускала нас у свае патайныя пакоі нават ахвотна.
То й сёлета ня станем парушаць ужо ўсталяванай між нас прыязнасці, і рушым знаёмым івянецкім гасцінцам – разгадваць таемныя знакі зямлі, якая, як і тысячы гадоў таму, шчодра дорыць усім ахвочым шанец на спатканне і пазнанне нечага новага.
Дык зважайце, спадарства: Цукеркавы фэст “Ivkon” распачынае сваю хаду, скіраваную ў лета, да Купалля, дзе схаваны найкаштоўны скарб вякоў – здольнасць чуць і бачыць усё ІНАЧАЙ, чым штодня.
Далучайцеся! Мы прыгорнем у дарозе кожнага, хто гатовы… ЛАСАВАЦЦА так, каб асалода надавала моцы знайсці сябе і свае карані ў распасцертай вакол бясконцасці.
Але перш чым смакаваць цукеркі (а іх у нас шмат, і разнастайных – ад карамелек і папулярнай “Кароўкі” да шакаладных), давядзецца выявіць годнасць і мужнасць у бойцы з Лютым Цмокам, што спрабуе захапіць магічны ключ ад Салодкага жыцця і парушыць нашы намеры на лад і прыгоства.
Ізноў падкажа казка: не бывае ў свеце ліха, але ў дарозе да мэты немінуча паўстаюць перашкоды. Таму й з’яўляюцца, нібыта ніадкуль, Змей-Цмок са сваімі памагатымі ды розныя пачваркі. Ня тое каб шкадлівыя, а так сабе — занадта ў чужы вулей залезці любяць.
Але й мы ня лыкам шыты: сваіх адважнікаў маем. Вунь адзін Каваль чаго варты: узапраўду нябесны вагонь прылашчвае і лёсы шпарка выкоўвае. Дый мудрасцю не абдзелены. Ведае, як учыніць, каб не губляць сілы ў змаганні, а перахітрыць супраціўніка. Ды потым яго яшчэ й на свой бок пераманіць…
А як гэта ўсё ўдасца рыцарам-ваярам і харобрым насельнікам старажытнага Краю – варта на свае вочы ўбачыць.
Магчыма, ім падможа светлая Панна з прадаўняга падання, якая колісь распарадзілася закласьці ў Налібоцкай пушчы Івянец, нібы вянец…
А, мабыць, сам Вітаўт Вялікі – князь-заснавальнік селішча каторы ўжо раз прыйдзе на ратунак… Ці залаты Жар-птах прыкліча спрыяння з Вышы…
У казцы ўсяляк здараецца. Нават цемра ў светлыню абарочваецца.
З казкі нават Пушчавік знянацку да паспалітага людства выходзіць. Так-так, той Пушчавік, якога вякамі з гушчару ня выманіць.
Казка ўрэшце пераўтворыць Цмока з Лютага ў Лагоднага. І зробіцца гэты зацяты паглынальнік Сонца ціхмяным-паслухмяным Цімохам. І прыручанага Жах-птаха, што варагаваў з нашым дабрадзейным Жар-птахам, з княжай дружынай замірыць. А русалкі… дык тыя ледзьве не застануцца ва ўтульнай мясціне, абвешчанай Вітаўтам Салодкім княствам, назаўжды. Так ім упадабаецца фэст, так захочацца вярнуцца да родных жытоў з валошкамі. І нават Фэлікс Дзяржынскі, вярнуўшыся да бацькоўскіх гоняў, выявіць ня жорсткасць, а толькі назіральнасць і пільнасць.
Бо казка наша хоць і гістарычная, але… не пазбаўленая чараў. А чары – самі ведаеце – яны каго хочаш пераменяць. Тым больш, чары салодкія.
…Але што гэта? Мы ледзь не распавялі вам казку да канца. А вы ж яе самі складаеце. Самі ўсе парогі пераступаеце – да святла ці да цямрэчы. Бо самі выбіраеце – і сцяжыну ў Салодкае княства, і спадарожнікаў на ёй.
Дык вольная воля – скарбы ў івянецкіх ваколіцах шукаць альбо чарадзейную цукерыну “Світаль”, што адорыць вас каханнем і люботай. А, можа, некаму пашчасціць і адно і другое напаткаць?.. Казка дазваляе ЎСЁ. Тут можна стаць князем ці князёўнай; рыцарам-ахоўнікам ці воем; “знікнуць” невідзёнай, што прытулілася на сядзібе пана Дарагунцава, альбо паказаць грамадзе сваё ўмельства ў спевах, танцах ці ў каторым рамястве; паспытаць запалу пагоні і палявання ці паспаборнічаць інтэлектуальна.
Казка ж… яна шчодрая: яна асыпле ўхваламі і дарункамі кожнага, хто ўвойдзе ў сілавое прыцягальнае поле яе валадарства. Казка, як мёд, як цукерка: яна дае сілу і навучае стрыманню і асцярожнасці. Казку, як саладунак, трэба смакаваць няспешна і разважна. Каб выбраць з добрага найлепшае і ўгледзець відочнае відушча.
А дзеля таго трэба найперш дазволіць сабе правесці КАЗАЧНЫ ДЗЕНЬ у Івянцы!
Толькі адзін дзень на год. Непаўторны, незабыўны. Салодкі…