Падчас неардынарных і лёсавызначальных падзеяў прынята шукаць паралелі і падабенства ў мінулым. Сённяшні бурлівы і крывавы этап гісторыі Беларусі не выключэнне.
Перыяд сярэдзіны ХІХ стагоддзя для народаў захаду Расійскай імперыі быў вельмі багатым на падзеі. Менавіта напярэдадні паўстання 1863-га на тэрыторыі сучасных Польшчы, Літвы і Беларусі адбывалася фарміраванне мясцовых супольнасцяў. Якое прымала час ад часу невядомыя дагэтуль формы, што рабілася прыкладам развіцця і трансфармацыі народнай актыўнасці амаль для ўсёй імперыі.
Гаворка пра антыалкагольныя супольнасці вернікаў, стварэннем якіх займаліся ксяндзы і праваслаўныя святары. Роля якіх, калі праводзіць паралелі з сучаснасцю, адпавядае блогерам ці аўтарам папулярных тэлеграм-каналаў. Бо ўплыў рэлігіі на шырокія колы грамадства ў тыя часы можна параўнаць з залежнасцю сённяшніх беларусаў ад інфармацыйных патокаў і ад меркаванняў інтэрнэт-аўтарытэтаў.
Былі ў тыя часы і адпаведнікі сённяшніх «лялькаводаў», якія з замежжа дзякуючы антыалкагольнай прапагандзе намагаліся рыхтаваць жыхароў абшараў былой Рэчы Паспалітай да паўстання і рэвалюцыі.
Бо акрамя ўласна пазітыўнага аспекту адмаўлення ад ужывання алкаголю быў яшчэ эканамічны. Які вельмі істотна ўплываў на фінансавыя патокі ў дзяржаўную казну царскага рэжыму.
Гісторык Вардугін у сваёй кнізе аб падзеях на тэрыторыях еўрапейскай часткі Расіі, куды трапілі цвярозыя ідэі з Літвы і Беларусі, адзначыў:
«Кожны мужчына прыпісваўся да вызначанай карчмы, а калі ён не выпіваў сваю "гадавую норму" — шынкары спаганялі недаатрыманы прыбытак з двароў абшчыны пры дапамозе царскіх чыноўнікаў. Урэшце сялянам надакучыла карміць дармаедаў, і яны не змаўляючыся сталі байкатаваць гандляроў віном».
Мода на цвярозы лад жыцця на захад Расійскай імперыі трапіла з ЗША, дзе хрысціянскія супольнасці пачалі практыкаваць і распрацоўваць цвярозы і спартыўны адпачынак. Ідэю хутка падхапілі ў Англіі, дзе была створаная знакамітая сёння арганізацыя хрысціянскай моладзі YMCA, пра шлях якой расказана ў публікацыі на сайце.
Аматарскі спорт як стымуляцыя грамадскай актыўнасці
Далей цвярозы рух распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Каталіцкая царква і нават Папа Рымскі падтрымалі ідэі цвярозасці, таму і беларускія, літоўскія і польскія ксяндзы былі ў авангардзе стварэння цвярозых суполак. У публікацыі пра тыя падзеі на гарадзенскім сайце адзначаецца, што акрамя ўласна прапаганды здаровага ладу жыцця працэс меў у падмурку глыбокія сацыяльныя супярэчнасці, якія вынікалі са злоўжыванняў адкупшчыкаў, карчмароў і чыноўнікаў — першых хабарнікаў і злодзеяў, што забяспечвалі дзяржаўную казну прыбыткамі ад алкагольных «акцызаў», калі праводзіць паралелі з сённяшнім днём.
«Дваровыя чаты» ХІХ стагоддзя
У архіўных дакументах таго часу ёсць звесткі, што ў 1859 годзе ў заходніх губернях цвярозасць падтрымалі: 140 003 чалавекі (Віленская), 30 000 (Віцебская), 220 140 (Гродзенская), 84 000 (Мінская). У 1860 годзе рух ахапіў звыш 1,6 млн жыхароў краю, і страты адбіліся не толькі на прыбытках гандляроў. Месцічы і сяляне давалі слова ў касцёлах не ўжываць алкаголь і публічна падпісвалі адпаведныя дакументы. Не абыходзілася і без правакацый «радыкалаў», якія праводзілі самасуды над здраднікамі:
«Адступнікаў мазалі дзёгцем і прывязвалі да крыжоў, выстаўляючы на ўсеагульнае пасмешышча, секлі розгамі, саджалі ў вязніцы храмаў і манастыроў».
Галоўным рухавіком цвярозага руху быў Валанчэўскі — біскуп дыяцэзій, якія аб’ядноўвалі сучасныя Ковеншчыну, Віленшчыну і Гарадзеншчыну.
Ідэі здаровага ладу жыцця апанавалі жыхароў не толькі гарадоў, але і вёсак. Каталікі ядналіся ў цвярозыя брацтвы, якія можна параўнаць з сённяшнімі дваровымі ініцыятывамі. «Братчыкі» шукалі альтэрнатыўныя п’янству заняткі пасля цяжкай працы: ладзілі сумесныя гульні і спевы, рэлігійныя і літаратурныя, тэатральныя вечарыны.
Як адзначаецца ў матэрыяле, прысвечанаму брацтвам, «блогеры»-ксяндзы ў тыя часы не вельмі турбаваліся пра якасць свайго «кантэнту», у казанях і пастарскіх лістах абяцалі пітушчым вернікам:
«...цялесныя і маральныя пакуты, пасланыя Богам п’яніцам і адступнікам. Пагражалі касцельнымі рэпрэсіям: адмовамі ў вянчанні п’яніц, адпяванні пры пахаванні памерлых».
Падтрымлівалі дзейнасць брацтваў і асобныя шляхцічы. Асабліва найбольш прагрэсіўныя, якія да 1861 г. вызвалілі ад прыгону сялян. А пасля пачатку антыалкагольнай кампаніі закрывалі свае вінакурні і карчмы. У выніку такой шырокай кампаніі, паводле архіўных звестак, на захадзе сучаснай Беларусі публічна адмовілася ад алкаголю да 83% жыхароў. Гэта, вядома, не сучасныя «97 адсоткаў», але таксама даволі істотная лічба.
«Иногда не до законов»
Разам са скарачэннем даходаў карчмароў і хабараў царскім чыноўнікам значна знілізіся і прыбыткі імперскай казны. Да праціўнікаў цвярозых брацтваў разам з пачаткам паўстання 1863 г. далучыліся і расійскія паліцэйскія, вайскоўцы на чале з Мураўёвым:
«Брацтвы былі ўключаныя ў шэраг арганізацый, дзейнасць якіх трапіла пад кантроль з боку паліцыі. Публічныя мерапрыемствы фактычна забараняліся, бо актыўных сябраў затрымлівалі, накладалі грашовыя пакаранні на парафіі і ксяндзоў».
Цвярозых братчыкаў абвінавачвалі ў антыдзяржаўнай дзейнасці і ўдзеле ў паўстанні. Сілавікі таго часу таксама займаліся цкаваннем «актывістаў» цвярозых брацтваў, спасылаючыся на забарону ўдзельнічаць у «незарэгістраваных арганізацыях». Як адзначаецца ў артыкуле аб антыалкагольным руху тых часоў, паліцыя парушала закон, бо абвінавачвала ў прыналежнасці фактычна да рэлігійных суполак, якія рэгістраваць па законе было не патрэбна.
Тым не менш толькі на Гарадзеншчыне былі асуджаныя на катаргу амаль 800 чалавек. Па ўсёй імперыі — больш за 11 000. Колькі цвярозых «актывістаў» атрымалі грашовыя пакаранні і кароткатэрміновыя арышты, якія можна параўнаць з сённяшнімі «15 суткамі» — невядома.
Уціск быў настолькі моцным, што ў пэўны момант міністэрства ўнутраных спраў з фармулёўкай «за пашырэнне ідэяў цвярозасці» мела намер выслаць біскупа Валанчэўскага за мяжу. Але ў апошні момант чыноўнікі адмовіліся ад намераў пераследаваць рэлігійнага дзеяча, што не скажаш пра іхнія сённяшнія адпаведнікі.
Праз сталыя рэпрэсіі і немагчымасць весці публічную дзейнасць, ідэя цвярозасці, нягледзячы на намаганні асобных ксяндзоў, паступова страціла большасць прыхільнікаў на землях былога Княства Літоўскага. Хаця ў асобных мясцовасцях брацтвы заставаліся на нелегальным становішчы, праводзілі сустрэчы і вялі прапаганду здаровага ладу жыцця.
***
З тых часоў мінула больш за 160 гадоў, змянілася грамадства, адбылася не адна тэхналагічная рэвалюцыя. Але метады і падзеі маюць вельмі шмат паралеляў з сучаснасцю ў Беларусі. Толькі вось «ксяндзы-блогеры» нешта не спяшаюцца заклікаць «вернікаў-актывістаў» весці здаровы лад жыцця і адмаўляцца ад спажывання алкаголю.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by