З гісторыі чэшскага адраджэння, цi Як чэхам удалося пазбавіцца комплексу нацыянальнай непаўнавартасці

04.03.2022 Гісторыя

Краіна амаль у цэнтры Еўропы, дзе большасць насельніцтва не размаўляе на роднай мове. Дзе большасць мясцовых эліт і значная частка народа ўжо доўгі час з’яўляюцца носьбітамі чужой культуры, не ведаюць сваёй гісторыі і лічаць уласную мову і культуру «мужыцкімі». Ці пазнае хто гэтую краіну? Зараз гэта дзіўна, але менавіта так выглядала Чэхія XVIII стагоддзя.


Чэхія ў складзе дзяржавы Габсбургаў

Канец XVIII стагодзя стаў часам цяжкіх выпрабаванняў для народаў Габсбургскай дзяржавы. Урады Марыі Тэрэзіі і Іосіфа II праводзілі палітыку, накіраваную на поўную і канчатковую ліквідацыю палітычнай і этнічнай самастойнасці народаў, якія ўваходзілі ў склад самай шматнацыянальнай манархіі Еўропы. У папярэднія перыяды паступова ліквідавалася чэшская дзяржаўнасць, шляхта германізавалася, дзясяткі тысяч некатолікаў пайшлі ў эміграцыю, а ў краіну прыбывала мноства немцаў, што прывяло да германізацыі многіх гарадоў. Па некаторых звестках і падліках, у Багеміі канца XVIII ст. жыло больш за 60% чэхаў і не менш за 40% немцаў, у Маравіі адпаведна 70% і 30%, у Сілезіі немцаў больш за 40%, палякаў каля 35%, чэхаў больш за 20%. У 1781 г. адзінай агульнадзяржаўнай мовай была абвешчана нямецкая. Фактычна аўстрыйскі т. зв. адукаваны абсалютызм сваёй палітыкай амаль канчаткова скасаваў даволі куцую ўжо тады чэшскую дзяржаўную самабытнасць. Можна нават сказаць, што Чэхія ператварылася ў аўстрыйскую правінцыю.

Maria_Theresia_of_Austria_001.jpg
Марыя Тэрэзія. wikimedia.org

Пры гэтым сацыяльная і эканамічная палітыка дзяржавы ў той жа час сваім клопатам аб развіцці матэрыяльнага дабрабыту і асветы насельніцтва не наўмысна закладала асновы для нацыянальнага адраджэння чэшскага народа, спрыяла назапашванню ў яго асяроддзі сіл і сродкаў, якія пры падыходзячых абставінах змаглі паслужыць справе аднаўлення нацыянальна-палітычнай самабытнасці Чэхіі. Лозунг роўнасці ўсіх жыхароў перад законам, абвешчаны з вышыні імперскага прастолу, абудзіў сілы, якія драмалі ў чэшскім грамадстве. Варта адзначыць таксама, што бесперапынныя войны з Францыяй абярнуліся агульнадзяржаўным гаспадарчым і фінансавым крызісам. Чэхія ж з’яўлялася на той момант адной з найбольш эканамічна развітых частак Габсбургскай імперыі, і фактычнае палітычнае бяспраўе проста не магло ўспрымацца чэхамі як нармальная сітуацыя.

Сцяг.png
Сцяг дынастыі Габсбургаў. Фота з сайту Flagiaf.ru

Нацыянальнае Адраджэнне па-чэшску. «Земскі» патрыятызм

Ва ўмовах нацыянальнага прыгнёту і палітыкі германізацыі ў нацыянальным руху на першае месца вылучылася барацьба за захаванне і развіццё нацыянальнай культуры і мовы. Першы перыяд Нацыянальнага адраджэння ў чэхаў (як і ў шмат якіх іншых падобных народаў) быў звязаны з навуковым даследаваннем сваёй мовы, этнічных асаблівасцей, сваёй культуры і гісторыі.

Ідэі французскага асветніцтва, папулярныя тады ў Еўропе, знайшлі добрую глебу сярод адукаваных чэхаў, якія паступова сталі заяўляць аб самабытнасці чэшскага этнасу і яго адрозненні ад пануючага нямецкага. Сярод прадстаўнікоў пераважна сельскай чэшскай шляхты напрыканцы XVIII ст. з’яўляецца спачатку так званы «земскі», г. зн. тэрытарыяльны, патрыятызм. Удзельнікі гэтага руху імкнуліся ўсяго толькі стварыць больш спрыяльныя ўмовы для развіцця чэшскай мовы, чэшскіх вучоных таварыстваў, бібліятэк, музеяў, не высоўваючы пры гэтым палітычных патрабаванняў. У аснове іх імкненняў ляжала абарона свайго эканамічнага, грамадскага і прававога становішча ад цэнтралізатарскіх тэндэнцый Вены. Пры гэтым ідэалогія земскага патрыятызму была варыянтам аўстраславізму, які прадугледжваў зусім не самастойнасць, а толькі асаблівае становішча Чэхіі ў рамках манархіі Габсбургаў.

Свяшчэнная рымская імперыя к 1789г.png
Свяшчэнная рымская імперыя к 1789 г. Фота з сайту Wikiwand.com

Рух «будзіцеляў», ці Айцы чэшскай нацыі

Зусім іншае разуменне патрыятызму ўзнікла ў асяродку чэшскіх вучоных і чыноўнікаў гарадскога паходжання. Часта «будзіцелі» (чэш. buditele), як сталі называць гэтых людзей з цягам часу, паходзілі не толькі з чэшскіх, але і з нямецкіх сем’яў. Выбітнымі ўдзельнікамі руху сталі такія вядомыя зараз дзеячы як Мацей Вацлаў Крамерыус, Вавак, браты Таммы, Томса, Рулік і многія іншыя. Варта адзначыць, што большасць гэтых навукоўцаў, выступаючы ў абарону чэшскай мовы, пісала свае кнігі на нямецкай ці лацінскай мовах. Гэта тлумачылася тым, што большасць пісьменнага насельніцтва Чэхіі — дваранства, буржуазія, чынавенства — атрымлівала ў той час адукацыю на нямецкай мове.

Vaclav_Matej_Kramerius_Zoula.png
   Мацей Вацлаў Крамерыус. wikimedia.org

Чэшская мова знаходзілася ў такім заняпадзе, што шмат хто не верыў у тое, што яна сапраўды здолее захавацца. Але тым не менш працы першых чэшскіх філолагаў адыгралі немалую ролю ў працэсе нацыянальнага адраджэння.

photo_2022-03-04_13-44-09.jpg
 Будынак Пражскага ўніверсітэта. Фота:
https://www.dw.com/ru

Цэнтрам распаўсюджання нацыянальна-палітычных ідэй у Чэхіі ў канцы XVIII ст. стаў Пражскі ўніверсітэт. Вызвалены ад валадарства езуітаў і схаластыкі, ён стварыў у Чэхіі невялікі тады яшчэ кантынгент навукоўцаў і адукаваных людзей, якія аб’ядналіся ў 1784 г. у «Каралеўскае вучонае таварыства». У 1785 г. адбылося яго першае паседжанне. Сябры таварыства ставілі сваёй мэтай даследаванне культуры і гісторыі роднага краю, выдавалі свой часопіс на нямецкай мове. Інтэлектуальныя сілы краіны, якія абудзіліся, у наступныя гады стварылі цэлы шэраг культурна-асветніцкіх устаноў. Але ў гэтай дзейнасці спачатку пераважаў абласны, а не нацыянальны характар. Як ужо ўзгадвалася, нават працы па гісторыі Чэхіі і чэшскай граматыцы пісаліся пераважна на нямецкай ці лацінскай мовах. Першымі сталі працы Геласія Добнера, які выдаў у 1764—1785гг. першы збор гістарычных крыніц Чэхіі і лацінскі пераклад чэшскай хронікі Гайка XVI ст.

Многія чэшскія навукоўцы спачатку былі ўпэўненыя ў канчатковай перамозе германізму і скептычна ставіліся да намеру радыкалаў, як тады называлі найбольш рашучую частку руху, адрадзіць чэшскую нацыянальнасць. Але пры гэтым нацыянальная плынь з самага пачатку мела моцны ўплыў на культурна-грамадскі рух Чэхіі.

У 1774 г. Францыск Кінскі выдаў на нямецкай мове брашуру ў абарону правоў чэшскай мовы «Успамін чэха аб адным важным прадмеце», у наступным годзе з’явілася на лацінскай мове апалагетычнае разважанне аб чэшскай мове езуіта Балбіна, у 1783 г. Карл Там выдаў ужо на чэшскай мове «Абарону чэшскай мовы», а ў 1785 г. Ганке з Ганкенштэйна на нямецкай мове «Рэкамендацыю чэшскай мовы». Нацыянальныя колеры ўсё больш і больш сталі афарбоўваць чэшскі грамадскі рух. Скептыцызм стаў усё больш і больш саступаць месца бадзёрай веры і радасным надзеям адносна нацыянальнай будучыні Чэхіі.

Яшчэ адной значнай постаццю стаў Францішак Марцін Пелцль (1734–1801), выхавацель у доме графаў Штэрнберкаў, пазней — бібліятэкар і архіварыус у графаў Насціцаў. У1774 г. ён напісаў на нямецкай мове чэшскую гісторыю з найстаражытных часоў да сучаснасці. Частка гэтай кнігі выйшла і на чэшскай мове (тры тамы, 1791–1796), ахопліваючы перыяд да гусіцкага руху. Пелцль выдаваў гістарычныя крыніцы, напісаў у асветніцкім духу манаграфіі пра Карла IV і Вацлава IV. У 1781 г. ён захоплена прывітаў скасаванне цэнзуры. Але ў сваёй рукапіснай хроніцы аб падзеях у Чэхіі свайго часу Пелцль выказаў крытыку ў адрас урада адукаванага абсалютызму, таму апошняе яго сачыненне аказалася магчымым выдаць толькі ў 1931 г. З 1793 г. да сваёй смерці Пелцль быў першым прафесарам чэшскай мовы і літаратуры ў Пражскім універсітэце.

František_Martin_Pelc.jpg
  Францішак Марцін Пелцль. 
wikimedia.org

У сваіх палітычных поглядах Францішак Марцін Пелцль знаходзіўся на пазіцыях земскага патрыятызму, але ў сваёй дзейнасці часта выходзіў далёка за яго рамкі і такім чынам рыхтаваў глебу для развіцця нацыянальнага руху.

Да ліку «будзіцеляў» можна аднесці і Францішка Фаўстына Прахазку (1749–1809), які з 1786 г. працаваў дырэктарам пражскіх гімназій, а з 1807 г. дырэктар усіх гімназій у Чэхіі. Ён спрыяў адраджэнню чэшскай мовы выданнем чэшскіх літаратурных помнікаў і перакладам на чэшскую мову Новага Запавету.

Найбольшага поспеху ў распаўсюджанні чэшскай культуры дасягнуў у 80-х гадах XVIII ст. тэатр. Успрыманне п’ес не патрабавала высокай пісьменнасці і адукаванасці. З 1786 г. патрыятычны чэшскі тэатр «Боўдэ» паказваў масу п’ес на чэшскай мове, у асноўным, праўда, перакладзеных з нямецкай, але часам і спрадвечна чэшскіх. Асноўнымі гледачамі былі сярэднія дробнабуржуазныя пласты гарадоў.

800px-Portrait_of_Josef_Dobrovský.jpg
  Ёзэф Даброўскага

Самым яскравым прадстаўніком асветніцкага патрыятычнага руху варта прызнаць Ёзэфа Даброўскага (1753–1829). Ён унёс найважнейшы ўклад у шэраг навуковых дысцыплін, а таксама ў арганізацыю навуковага жыцця ў Чэхіі і станаўленне навуковага супрацоўніцтва. З пункту гледжання грамадскага развіцця Чэхіі галоўную ролю адыграла яго праца па фармаванні новай чэшскай літаратурнай мовы. Даброўскі высунуў у якасці ўзору чэшскую мову дабелагорскага перыяду (перыяд да 1620 г), спрыяў яе ўдасканаленню. Класічнымі творамі Даброўскага сталі «Гісторыя чэшскай мовы і літаратуры» (1791) і яго падрабязная чэшская граматыка. Прынцыповае значэнне мелі высновы вучонага аб паходжанні слоў у славянскіх мовах і іншыя даследаванні, якія заклалі асновы параўнальнага славянскага мовазнаўства ў міжнародным маштабе. Свае ідэі Даброўскі развіваў у зборніках «Славін» і «Славанка». Праявіў сябе Даброўскі і ў гістарычнай навуцы, і ў грамадска-ідэалагічнай галіне. Са строгай крытычнасці Даброўскага выцякала і яго скептычнае стаўленне да маладога пакалення чэшскіх патрыётаў. Імкненне падняць чэшскую літаратуру на ўзровень, які б задавальняў самыя высокія культурныя запатрабаванні, ён лічыў нерэальным. Гэта прывяло да канфлікту Даброўскага з новым, рамантычным пакаленнем «будзіцеляў». Ён быў тыповым кабінетным вучоным і недаацэньваў узровень грамадскага і культурнага ўздыму сярод шырокіх пластоў народа.

Але, сумняваючыся ў перспектывах чэшскай мовы і літаратуры, Даброўскі сваімі працамі аб’ектыўна садзейнічаў іх развіццю і стаў адной з галоўных постацей чэшскага нацыянальнага адраджэння, адным з заснавальнікаў чэшскай літаратуры новага часу.

Іншым выбітным дзеячам быў Мацей Вацлаў Крамерыус (1753–1808). Нарадзіўся будучы навукоўца ў г. Клатавы ў сям’і краўца, там жа скончыў школу, затым езуіцкую гімназію, а ў 1773 г. паступіў на філасофскі факультэт Пражскага ўніверсітэта. Скончыўшы яго, Крамерыус перайшоў на юрыдычны факультэт, але не скончыў навучанне з-за недахопу матэрыяльных сродкаў. У 1778 г. ён атрымаў месца бібліятэкара ў арыстакрата Нойберка. Даброўскі ўвёў Крамерыуса ў кола вядомых літаратараў і навукоўцаў, якія прытрымліваліся патрыятычных настрояў, і ў той жа час падтрымлівалі дзяржаўныя рэформы, якія спрыялі асветніцкай дзейнасці. Такім жа прыхільнікам рэформ з патрыятычнымі поглядамі хутка стаў і Крамерыус. У 1785 г. ён пайшоў працаваць у друкарню Шэнфельда, які выдаваў у той час адзіную газету на чэшскай мове — «Шэнфельдскія навіны». У 1786 г. Крамерыус стаў рэдактарам гэтага органа, а ў 1789 заснаваў уласную газету, знаёмячы чытачоў з новымі кнігамі і з чэшскімі тэатральнымі імпрэзамі. Выдаваў ён таксама календары і іншую прадукцыю для небагатых людзей па даволі нізкіх коштах, распаўсюджваючы такім чынам веданне чэшскай літаратурнай мовы. У 1790 г. Крамерыус заснаваў у Празе выдавецтва «Чэшская экспедыцыя», якое аб’яднала вакол сябе ўсіх вядомых прадстаўнікоў чэшскага нацыянальнага адраджэння. Па ініцыятыве Крамерыуса «будзіцелі» вырашылі выдаваць часопіс. З 1806 г. такі часопіс пад назвай «Гласатэлі чэскі» стаў выходзіць пад рэдакцыяй Яна Неедлы (1776-1834), змяшчаючы на сваіх старонках творы як старэйшага, і так і маладога пакалення чэшскіх пісьменнікаў. Апошнія схіляліся да рамантызму, жыва цікавіліся жыццём простага народа і народнай культурай, не адасабляючы ўжо сябе ад сялян.

Сумесна з Прахазкам у 90-х гг. XVIII ст. Крамерыус напоўніў чэшскі кніжны рынак мноствам перавыданняў як старой арыгінальнай чэшскай, так і перакладной літаратуры. Чэшская кніга атрымала шырокае распаўсюджанне ў грамадстве, чэшская літаратурная мова, нарэшце, заваявала сабе права на існаванне. Агульнай плыні паддаліся, урэшце, і тыя людзі, якія раней сумняваліся ў рэальнасці хуткага аднаўлення чэшскай культуры. Той жа Пелцэль, які схільны быў раней да скептытызму, і пісаў толькі па-латыні і па-нямецку, у 90-х гг. XVIII ст. стаў выдаваць на чэшскай мове «Хроніку Чэхіі» — зборнік па чэшскай гісторыі, у якім ён злучыў усе свае папярэднія працы і даследаванні. Хроніка Пелцэля стала народнай кнігай і садзейнічала ажыўленню нацыянальна-гістарычнага пачуцця і свядомасці сярод чэхаў. Нават Даброўскі паддаўся агульнаму захапленню і выдаў падрабязную граматыку чэшскай мовы, якая забяспечыла выкладанне гэтага прадмета ў вышэйшай і сярэдняй школе.

Такім чынам, можна рабіць высновы, што менавіта імкненне захаваць родную мову стала асновай усіх працэсаў, якія з цягам часу прывялі да аднаўлення чэшскай нацыі і дзяржавы. Чэшскія патрыёты, нягледзячы на ўсе перашкоды, здолелі арганізаваць у гарадах даволі шырокае кола элементарных школ з чэшскай мовай навучання. І хаця ў сярэдніх і вышэйшых школах мовай выкладання заставаліся лацінская і нямецкая, гэтыя навучальныя ўстановы садзейнічалі паступоваму ўзнікненню ў Чэхіі патрыятычнай інтэлігенцыі, якая пазней цаглінку за цаглінкай здолела стварыць падмурак чэшскага нацыянальнага рэнесансу.

Ілля Дняпроўскі, budzma.org