Гурт зь вёскі Нарач запісаў сярэднестатыстычны беларускі рок-альбом, якіх апошнім часам у музычнай прасторы выходзіць зусім ня шмат. Час вялікіх канцэртаў-салянак ды складанак беларускамоўнай альтэрнатыўнай музыкі ўжо даўно мінуў, паступова сканалі рок-фэсты рэспубліканскага размаху, і атрымалася, што такім гуртам паказацца практычна няма дзе. Між тым “Да!Бл…” выдатна ўпісваецца ў шэраг камандаў, якія ўскаласіліся і забуялі ў тыя часы, калі быў Рух. “Да!Бл…” падхапілі сьцяг, што несьлі такія каманды, як :B:N:, “Сьцяна”, “Голая манашка”, Happy Face, “Тарпач” і інш. Перафразуючы рэп-клясыка, яны і ёсьць рок.
У “Эпосе мод” увасабляецца якраз “беларускі рок”, ня як музычны кірунак, а як зьява. Гэта часам зусім немудрагелістыя беларускамоўныя тэксты-споведзі пра жыцьцё, каханьне ды змаганьне (з самім сабой ды з гэтым несправядлівым сьветам) у жорсткай музычнай падачы з ухілам у панк ці гранж (як тут). Гэта наўмысная нядбайнасьць гучаньня, нібы пісалася ўсё ў сырых сутарэньнях раённага Дома культуры (а можа яно так і ёсьць). І ў дадатак, гэта вялікая энэргетыка, якая зыходзіць ад музыкаў, нягледзячы на тое, што граюць яны на разьдзяўбаных інструмэнтах і пішуцца гукачамі-самавукамі ў танных студыях.
“Эпоха мод” – альбом у меру наіўны (“Сьнег”), вакаліст Віктар Мароз часам на падсьвядомым узроўні цытуе ператраўленага ўжо Цоя: “Дазволь мне быць пачкам цыгарэтаў для цябе” (“Дазволь”). “Эпоха мод” – альбом у меру экспрэсіўны, песьняй пра дзяўчыну-наркамана дык можна сацыяльныя ролікі аздабляць. Пры тым “Да!Бл…” можа гучаць у меру жорстка і бескампрамісна, як у бадай што найлепшым трэку з дыску “Параноя”. Але тут у меру і лагоднасьці ды летуценнасьці (“Знак павуцін”). Такое адчуваньне, што далася гэта праца хлопцам без асаблівай напругі. Яны са скуры не вылузваліся, а проста ўрэшце запісалі тое, што мелі. І гэта вылучае іх сярод шэрагу калегаў-штукароў.
Тры безумоўныя гіты альбому – “Параноя”, “Мая дзяўчына наркаман”, “Знак павуцін”
Ідэя: 9
Выкананьне: 8
Тэксты: 8
Запіс: 6
Аздабленьне: 5
Сяргей Будкін