У Магілёве збіраюцца аднавіць Свята-Траецкі храм, разбураны за савецкім часам

Улады збіраюцца аднавіць у Магілеве Свята-Траецкі храм, разбураны ў 1950-я гады. Падмурак храма быў знойдзены толькі ў 2016 годзе.

У гонар адраджэння святыні ўжо правялі малебен і хросны ход і заклалі капсулу з граматай, падпісанай архіепіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім Сафроніем і мэрам Магілёва, паведамляе газета «Звязда».

Свята-траецкі храм у Магілёве, фота пачатку ХХ ст.

Свята-Траецкі храм быў закладзены ў 1792 годзе па благаславенні архіепіскапа Магілёўскага Георгія Каніскага. Храм атрымаў пашкоджанні падчас Другой сусветнай вайны, а канчаткова быў разбураны ў 1950-я гады пры будаўніцтве моста праз Днепр.

У 2016 годзе пры рэканструкцыі моста імя Яшына на Пушкінскім праспекце знайшлі элементы падмурка храма.  Іх музеефікавалі і ўключылі ў турыстычны маршрут.

— Гэта адзін з пазнавальных сімвалаў Магілёва, — кажа мясцовы краязнаўца Аляксандр Белахвостаў. — Ён захаваўся на малюнках вядомага мастака Напалеона Орды, а таксама на папулярных у турыстаў паштоўках зробленых з эфектам гравюры. Існуе інфармацыя, што архіў царкоўна-прыходскіх кніг Траецкай царквы, які знаходзіцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, самы вялікі ў параўнанні з іншымі цэрквамі Магілёва.

swiata-trajecki-chram-maliunak-Ordy.jpg
Малюнак Напалеона Орды

Па словах краязнаўцы, ужо ёсць эскізны праект і спонсары, якія хочуць паўдзельнічаць у адраджэнні храма.