Навуковец расказаў пра знаходку, якая сведчыць пра жудасны звычай першых славян

У маі на навуковай канферэнцыі беларускія археолагі падвялі вынікі раскопак за мінулы год. Пазней у газеце «Навука» загадчык Цэнтра археалогіі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Аляксей Аўласовіч расказаў пра цікавыя знаходкі, піша тэлеграм-канал «De facto. Беларуская навука».

Pieršyja slavianie

Сярод іншага навуковец расказаў: «На Магілёўшчыне праходзяць даследаванні курганных могільнікаў. Было раскапана некалькі насыпаў, намі выяўлены цікавыя дахрысціянскія матэрыялы першых славян, якія засялілі гэтыя тэрыторыі ў другой палове X ст. і пазней трансфармаваліся ў радзімічаў.

У адным кургане знойдзены кальцыніраваныя косці адразу двух чалавек, як мяркуецца, мужчыны і жанчыны... Магчыма, пахаваны муж з жонкай. Не выключана, што яе муж памёр першы, а яе забілі і спалілі разам з ім. У тыя часы гэта было ўзаконеным, таму што язычнікі верылі, што пасля смерці жанчына можа патрапіць на нябёсы толькі з мужчынам».