Уявіце: свет гарыць, цывілізацыя знікае, а вы на канапе з кубкам гарбаты і пультам у руцэ. «Як выжыць падчас канца свету?» — пытанне, якое задавалі сабе мільёны, а кіно ўжо даўно дае на яго нечаканыя (і часам вельмі карысныя) адказы. У гэтым артыкуле мы сабралі некаторыя фільмы, якія трымаюць у напрузе і адначасова навучаюць: калі ўсё вакол рушыць у бездань, як не страціць сябе, а можа, нават знайсці надзею.
Уяўны апакаліпсіс. Малюнак: biblword.net
Часам здаецца, што апакаліпсіс для нас нешта далёкае, з фільмаў ці кніг, дзе зомбі на вуліцах, ці ядзерныя выбухі, альбо іншапланецяне, што знішчаюць Нью-Ёрк. Але варта зірнуць навокал, і разумееш, што канец свету можа быць вельмі асабістым. Ён можа выглядаць як звальненне з працы, як навіны пра рэпрэсіі, як закрыццё межаў ці проста адчуванне, што будучыні няма. Беларускі глядач асабліва востра счытвае такія гісторыі, бо для многіх з нас яны сталі не фантазіяй, а штодзённасцю.
Менавіта таму апакаліптычныя фільмы так зачароўваюць, бо яны даюць нам магчымасьць паглядзець у вочы страху, пражыць яго. Што застаецца ад чалавека, калі ўсё разбураецца? Гэтае кіно пра тое, што робіць нас жывымі.
Кадр з фільма. Фота: MUBI
Фантастычны фільм Мігеля Сапачніка з’яўляецца цёплай драмай пра адзіноту. У свеце, дзе сонца выпаліла зямлю, радыяцыя зашкальвае, а людзі вымерлі, галоўны герой у бліскучым выкананні Тома Хэнкса, застаецца са сваім сабакам і робатам, якога ён сам стварыў.
Але замест звыклага баевіка з пагонямі ў духу легендарнага «Шалёнага Макса», гледачы атрымліваюць нешта куды больш далікатнае. Гэта гісторыя пра тое, як чалавек вучыць машыну быць чалавекам, у той час, як сам, напэўна, ужо губляе гэтую здольнасць.
Афіцыйны трэйлер можна паглядзець тут
Гэта апакаліпсіс пра любоў, пра страх пакінуць пасля сябе пустэчу, пра адказнасць перад тымі, хто слабейшы. Для беларуса тут асабліва рэзануюць тэмы страты і самаізаляцыі.
Кадр з фільма. Фота: filmfanatic.org
Класіка ядзернага апакаліпсісу ад Стэнлі Крамера. Праца адначасова і адна з самых стрымана-трагічных антываенных стужак у гісторыі. Падзеі разгортваюцца ў Аўстраліі, апошняй краіне, якая яшчэ не накрытая радыяцыяй пасля сусветнай ядзернай вайны. Пужацца не варта. Ракет, баявых дзеянняў, і вінаватых гледачы не ўбачаць.
Аўтары паказваюць тое, што стала адразу пасля. Героям застаецца толькі чакаць — і яны чакаюць. У галоўных ролях ззяюць Грэгары Пэк і Ава Гарднер. Яны кахаюць, спрачаюцца, п’юць віно, танчаць, але ведаюць, што нічога ўжо не выправіш.
Афіцыйны трэйлер можна паглядзець тут
Фільм пра тое, як выглядае канец, калі ўсе пагадзіліся яго прыняць. Для беларускага гледача гэта страшэнная і знаёмая думка: ці не жывём мы таксама ў краіне, дзе катастрофа ўжо адбылася, але ўсе працягваюць рабіць выгляд, што жыццё ідзе далей?
Кадр з фільма. Фота: deadline.com
Джон Красінскі разам са сваёй жонкай Эміліяй Блант апынуліся ў жудаснай сітуацыі. Але не будзем наганяць драму — справа ў тым, што Джон, рэжысёр і актор, стварыў нечакана тонкі фільм жахаў, дзе кожны гук можа стаць прысудам.
Па сюжэту свет захапілі сляпыя пачвары, што чуюць найменшы шолах, і сям’я герояў вымушана жыве ў татальнай цішы. Але за паверхняй гэтага хорару хаваецца гісторыя пра бацькоўскую любоў, страх страціць дзяцей, віну і гераізм. Вам прыйдзецца глядзець гэтую стужку максімальна ціха. Бо што, калі вашае дыханне справакуе незваротнае?
Афіцыйны трэйлер можна паглядзець тут
Апакаліпсіс на экране становіцца збольшага нутраным, калі ты больш не можаш крычаць, плакаць, прызнавацца ў каханні. Для беларусаў, якія шмат чаго «выкрыкнуць» не могуць, фільм мае амаль сімвалічнае гучанне: як жыць, калі трэба ўвесь час хавацца?
Кадр з фільма. Фота: BBC
Перад вамі адзін з самых страшэнных і бязлітасных фільмаў пра ядзерную вайну, які калі-небудзь быў зняты. Брытанская тэлевізійная стужка, зробленая амаль з дакументальнай дакладнасцю (няхай жа яна застаецца толькі выдумкай і надалей!), паказвае тое, што было да.
А потым, як сапраўдная варажбітка, не можа ўстрымацца, каб не паказаць тое, што будзе пасля: голад, хваробы, дэградацыя грамадства, поўная страта чалавечнасці.
Гэта не прыгожая фантастыка ад Джорджа Лукаса ці Стывена Спілберга, і нават не прыгодніцкі фільм. Рэжысэр Мік Джэксан стварыў амаль інструкцыю па разбурэнні цывілізацыі.
Афіцыйны трэйлер можна паглядзець тут
«Ніткі» глядзяцца асабліва страшэнна цяпер, калі ў навінах усплываюць словы «тактычная ядзерная зброя», і асабліва страшэнна яны глядзяцца беларусу, які жыве паміж Расеяй і NATO.
Кадр з фільма. Фота: thereveal.substack.com
Ларс фон Трыер не той творца, якога прыемна глядзець. Ён жорсткі, рэзкі і вельмі часта праўдзівы. Разам з тым гэтая стужка можа прыйсціся даспадобы большай колькасці людзей, чым, напрыклад, «Антыхрыст» ці «Німфаманка».
Скандальны і таленавіты датчанін прапануе сваю канцэпцыю апакаліпсісу, дзе дэпрэсія становіцца на адны вагі з канцом свету. Шыкоўныя ролі ў Кірстэн Данст і Шарлоты Гензбур, якіх падтрымліваюць Джон Хёрт і Стэлан Скарсгард. Дзеянне адбываецца напярэдадні вяселля, але гэта толькі фон.
Галоўнае — да Зямлі набліжаецца планета з назвай Меланхолія, і толькі адна з гераінь, што ў дэпрэсіі, прымае гэта спакойна. Гэта фільм не пра катастрофу ў наўпроставым сэнсе, а пра нутраную пустэчу і прыняцце канца. Для беларускага гледача, які часта жыве з пачуццем бясконцай нестабільнасці, гэтая гісторыя можа стаць нават тэрапеўтычнай. Яна вучыць глядзець у вочы страху і прымаць яго існаванне.
Афіцыйны трэйлер можна паглядзець тут
Гледзячы гэтыя фільмы, міжволі думаеш: апакаліпсіс — гэта не заўсёды пра зомбі ці ядзерныя выбухі. Часам ён выглядае як навіны з тваёй краіны, пустыя паліцы ў крамах, замкнёныя межы ці страх сказаць тое, што думаеш.
Гэтыя стужкі нагадваюць нам, што нават сярод попелу і руінаў можна знайсці сяброўства, каханне, надзею і сэнс. Але менавіта таму такія гісторыі істотныя: яны вучаць нас трымацца, дапамагаць адно аднаму і шукаць святло нават у самых цёмных часах.
Урэшце, пасля добрай апакаліптычнай стужкі хочацца не назапашваць ваду і ежу, а проста абняць тых, хто побач.
Павал Хадзінскі, budzma. org