Сталічныя археолагі падзяліліся планамі на палявы сезон 2023 года, пішуць «Мінск-Навіны».
Як расказаў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, маштабныя работы на Менцы пачнуцца ў красавіку, як толькі дазволяць умовы надвор’я. Першымі на археалагічныя разведкі адправяцца супрацоўнікі Інстытута гісторыі. Яны вывучаць мясцовасць, намецяць месцы будучых раскопак. Асноўныя даследаванні пройдуць улетку. Ужо ёсць дамоўленасць з некаторымі гістарычнымі факультэтамі ВНУ краіны аб тым, што іх студэнты будуць праходзіць археалагічную практыку на Менцы.
— Перш чым прыступіць непасрэдна да раскопак, трэба будзе вялікая арганізацыйная праца, — кажа В. Лакіза. — Неабходна падабраць і абсталяваць месца для палявога лагера, скласці планы і графікі работ, вызначыць навуковых кіраўнікоў. Мы разумеем, што за адзін палявы сезон не атрымаецца поўнасцю даследаваць такі гіганцкі археалагічны комплекс. Уявіце, што толькі ўмацаваныя Малое і Вялікае гарадзішчы займаюць плошчу 2 га, вышыня іх абарончых валаў — 8-12 м, а селішча за крапаснымі сценамі займае 30 га. Таму выберам найбольш перспектыўныя ўчасткі на самым умацаваным гарадзішчы і прылеглым да яго селішчы. Спадзяемся, што ўжо ў гэтым сезоне будуць знаходкі, якія праліваюць святло на самую раннюю гісторыю беларускай дзяржаўнасці, гарадзішчы на Менцы і яго сувязі з сучасным горадам.
В. Лакіза запрасіў усіх жадаючых у якасці валанцёраў далучыцца да будучага даследавання летапіснага Мінска.
Даведачна
Днём заснавання горада прынята лічыць яго першую пісьмовую згадку. Мінск упершыню сустракаецца ў летапісе «Аповесць мінулых гадоў» у сувязі з бітвай на рацэ Нямізе 3 сакавіка 1067 года. Сучасныя вучоныя сыходзяцца ў меркаванні, што той летапісны горад знаходзіцца не на месцы сталіцы сучаснай Беларусі, а быў размешчаны ў вёсцы Гарадзішча Шчомысліцкага сельсавета (у 10–15 хвілінах язды на аўтамабілі ад МКАД).
Шматлікія раскопкі на месцы Мінскага замчышча ля зліцця рэк Нямігі і Свіслачы, праведзеныя за мінулыя 70 гадоў, не далі археалагічных пацверджанняў, што летапісны Мінск стаяў на гэтым месцы. Лічыцца, што грандыёзная будоўля на месцы зліцця Свіслачы і Нямігі пачалася пасля таго, як у 1085 годзе сын полацкага князя Усяслава Глеб ажаніўся з князёўнай Анастасіяй, дачкой уладзіміра-валынскага князя Яраполка. Умацаваны горад узвялі з нуля, паказваючы суседзям, што гэта паўднёвы фарпост Полацка. На новае месца актыўна сталі перасяляцца мяняне, якія забралі з сабой і тапонім Менск. Ужо ў тыя часы гэтая назва была вядома далёка за межамі Полацкага княства. Нейкі час Менск на Свіслачы і Менск на Менцы працягвалі існаваць раўналежна. Першы імкліва развіваўся, а другі павольна згасаў. Неўзабаве застаўся толькі Менск на Свіслачы — сучасны Мінск.