Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы не выявіў у беларускай дыяспары ў краіне «арганізаваных груп, якія прапагандуюць ідэалогію "літвінізму"» і якія маглі б уяўляць пагрозу незалежнасці, канстытуцыйнаму ладу і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, сказана ў прэс-рэлізе ведамства.
У Дэпартаменце лічаць праявы «літвінізму» спробамі дыскрэдытаваць беларускую дэмакратычную апазіцыю і настроіць грамадзян Літвы супраць беларусаў, якія жывуць у краіне.
Таксама ў Літве звяртаюць увагу, «што апошнія тыдні ўзрасла колькасць электронных лістоў літоўскім палітыкам і грамадскім дзеячам з пагрозамі ад нібыта існуючых у краіне груповак, што прапагандуюць ідэалогію «літвінізму». Акрамя гэтага, у сацсетках за фінансавую ўзнагароду таксама спрабуюць завербавць жыхароў Літвы, каб яны пісалі «літвінскія» лозунгі ў грамадскіх месцах.
«Па ацэнцы Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літоўскай Рэспублікі (VSD — Valstybės Saugumo Departamento), такая дзейнасць суадносіцца з асаблівасцямі псіхалагічна-інфармацыйных аперацый, якія арганізуюцца варожымі Літве дзяржавамі, што ставяць за мэту выклікаць паніку ў грамадстве нашай краіны», — піша прэс-служба дэпартамента.