Словы «дзед» і «дзяды» пазначаюць не толькі бацьку аднаго з бацькоў ці памерлых продкаў. Напярэдадні аднайменнага восеньскага свята пачытайце, якія яшчэ значэнні сустракаюцца ў беларускіх дыялектах. Некаторыя з іх вельмі нечаканыя.
Жніво
Дзед, дзядок казалі пра зажыначны (зрэдку дажыначны) снапок (пераважна ў паўночнай частцы Заходняй Беларусі). Такі сноп забіралі дадому. Распавядаюць:
Зажынкавы дзядок старажыць хаты, яго торкалi за абраз.
Дзед сцярох, каб мышы ня елі.
Дзед, дзедава барада, дзеду на бараду — маглі казаць пра апошнія нязжатыя каласы, якія пакідалі на ніве. Так звалі таксама спецыяльную кладку снапоў альбо верхні сноп у кладцы.
На думку даследчыц Таццяны Валодзінай і Людмілы Дучыц, «падобныя найменні пераклікаюцца з уяўленнямі пра існаванне міфічнага Дзеда, які распараджаецца ўраджаем і патрабуе выканання для сябе пэўных дзеянняў — бараду кідалі ў полі, каб дзед даў ураджай з зямлі сабраць».
Апошнія нязжатыя каласы. Фота Алены Ляшкевіч
Хата
Дзед, дзяды звалі розныя дэталі ў хаце:
- саламяныя снапы, што ўмацоўваюць край страхі, частку коміна,
- апорны слуп у гаспадарчых будынках (значэнне мала вядомае на Палессі, але спарадычна сустракаецца ў іншых частках Беларусі),
- пячны слуп (пераважна ў паўднёвай частцы Гродзеншчыны і Міншчыны),
- падстаўку, у якую ўстаўлялі лучыну (пераважна ў Заходняй Беларусі).
Як бачым, актуалізуецца значэнне слова дзед як апірышча, падтрымкi, грунту, асновы.
Геаграфічнае пашырэнне розных значэнняў слова дзед можна паглядзець на гэтай мапе.
Прырода
Дзед, дзядоўнік — так называюць плады лопуху амаль па ўсёй Беларусі, акрамя паўднёва-заходняй часткі. Слова набывае апатрапеічнае (ахоўнае) значэнне, бо калючая расліна выкарыстоўвалася як абярэг.
Дзяды казалі пра хмары: Ужо вылазяць дзяды, будзе дождж — слова выкарыстоўваецца ў значэнні «надаўцы дабрабыту».
Хмары. Фота Алены Ляшкевіч
Міфічныя істоты
Акрамя непасрэдна памерлых продкаў дзед маглі называць міфічных істот, напрыклад, тую, што нібыта карае непаслухмяных дзяцей: Прыдзіць дзед і збярэць цябе ў мяшок, калі ня будзіш спаць.
Па ўсёй Беларусі распаўсюджана павер’е, што ў прыцемках здані, дзяды з’яўляюцца ў хаце: Як сутонак, змяркае, то кажуць, што дзяды пашлі па кутках. Адценне таямнічасці мае таксама слова дзедка ў значэнні «захавальнік скарбаў»; дзедзя гарыць казалі пра месца, дзе свеціцца скарб.
Персанаж каляндарных святаў
Персанаж Дзед сустракаецца на розныя каляндарныя святы, увасабляючы продка, што наведвае гэты свет. На Каляды ён ходзіць разам з гуртом пераапранутых, часта жартам сварыцца, альбо, наадварот, мілуецца з Бабай.
Дзед у берасцяной масцы ў складзе каляднага гурта в. Восава Салігорскага р. 13 студзеня 2013 г.
Фота Алены Ляшкевіч
У продкаў сімвалічна пераўвасаблялася моладзь — удзельнікі каляднай абрадавай гульні «Жаніцьба Цярэшкі», якіх, жартам жэнячы, называлі бабулька і дзядулька.
Дзед у складзе каляднага гурта Цароў в. Семежава Капыльскага р. 13 студзеня 2019 г.
Фота Алены Ляшкевіч
На пачатку Масленічнага тыдня ў Гарадоцкім раёне хаваюць Дзеда — пудзіла ў рост чалавека — які нібыта падавіўся касцёй, што сімвалізуе канец перыяду, калі можна есці мяса.
Пахаванне Дзеда на Масленіцу ў в. Кісялі Гарадоцкага р. 24 лютага 2014 г.
Фота Алены Ляшкевіч
У панядзелак пасля Масленічнага тыдня раней хавалі пудзіла Бабы, якая падавілася сырніцай, такім чынам сімвалічна завяршаючы перыяд, калі можна было ўжываць малочныя прадукты і пазначаючы ўваходжанне ў пост.
Часам у Дзеда і Бабу пераапраналіся на Купалле.
Таямнічая асоба
Дзед маглі зваць чалавека, які ў вачох вясковай грамады меў патаемныя, недасяжныя для звычайнага вяскоўца, веды альбо звышнатуральныя якасці. Такім чалавекам мог быць вандроўны жабрак, вясковы знахар альбо нават той, хто калоў на вёсцы парсюкоў.
Такім чынам, розныя значэнні слоў дзед і дзяды адсылаюць да сімволікі тагасвету, асновы і крыніцы дабрабыту.
Для падрыхтоўкі артыкула выкарыстаны звесткі з кніг:Міфалогія беларусаў. Энцыклапедычны слоўнік;Лексічны атлас беларускіх народных гаворак (можна пагартаць электронную версію тут.
Алена Ляшкевіч, budzma.org
Чытайце яшчэ:
Дзень, калі свет жывых і мёртвых аб’ядноўваецца: як нашыя продкі адзначалі «Дзяды»?
Што падаваць на стол і як за ім сябе паводзіць у святочную вячэру на «Дзяды?
Як адзначыць Дзяды ў горадзе: чэк-ліст ад «Будзьма беларусамі!»