Дзяды — традыцыйнае беларускае свята, карані якога ідуць з даўніх часоў, калі продкі сучасных беларусаў былі яшчэ язычнікамі. Пасля хрысціянізацыі беларускіх зямель, у выніку сінтэзу хрысціянскіх і язычніцкіх традыцый пачалі з’яўляцца агульныя святы. Адно з такіх — «Дзяды» — дзень памяці памерлых продкаў.
«Дзяды» маюць язычніцкія карані
Гэтае свята адзначаецца 2 лістапада, людзі ідуць на могілкі, каб ушанаваць сваіх памерлых продкаў. Раней людзі ў гэты дзень узгадвалі, што яны смяротныя, параўноўвалі сваё жыццё з пражатым жыццём продкаў, праводзілі рытуалы еднасці са сваімі «дзядамі». У гэты дзень свет жывых і мёртвых аб’ядноўваўся, неба адчынялася і можна было загадваць жаданні, а набожны чалавек мог убачыць сваіх продкаў.
Чытайце па тэме:
Як адсвяткаваць Дзяды ў горадзе: чэк-ліст ад «Будзьма беларусамі»
Першая згадка пра тое, як адзначалі «Дзяды», была каля Х стагоддзя. З ХІІІ стагоддзя гэты памінальны дзень адзначаецца больш пашырана. Прыстасавацца да шырокай народнай традыцыі была вымушана царква. 1 лістапада ў каталіцкай традыцыі адзначаецца Дзень Усіх Святых, у праваслаўнай — Дзімітрыеўская або бацькоўская субота — звычайна першая субота лістапада, перад днём памяці Святога Дзмітрыя Салунскага.
«Дзяды» былі не толькі добрымі, але і «злымі»
«Дзедам» чалавек станавіўся толькі пасля смерці. Лічылася, што ўвечары на «Дзяды» не варта хадзіць на могілкі. Згодна народнаму павер’ю, у гэтую ноч нябожчыкі выходзілі са сваіх магілаў і блукалі па свеце, калі ж ім сустракаўся жывы чалавек, то яны маглі зацягнуць жывога на той свет. Бо дзяды былі не толькі «добрымі», але і «злымі».
«Добрымі» былі працавітыя, набожныя людзі. Згодна павер’ю, яны дапамагалі сваім жывым нашчадкам і баранілі ад бяды. «Злымі дзядамі» станавіліся самагубцы або няхрышчаныя, баяліся людзі і продкаў-тапельцаў, жанчыны і мужчыны станавіліся ведзьмамі і чаклунамі, а маладыя дзеўкі — русалкамі, што зацягвалі ў ваду людзей і тапілі. Негатыўная трактоўка самагубцаў ішла з хрысціянскай традыцыі — кожнаму чалавеку Богам адведзены пэўны лёс, самагубствам жа чалавек нішчыў Божую задуму, таму Усевышні ад яго адварочваўся, а душа трапляла ў пекла. Раней верылі, што звяртацца можна з малітваю не толькі да Бога, але і да «дзядоў» — продкі хутчэй пачуюць і прыйдуць на дапамогу.
Шанаванне продкаў супадала з аграрным календаром, таму і звярталіся часцей за ўсё да іх з просьбаю аб спрыянні ў земляробчай працы і добрым ураджаі: на Святую Троіцу або «траецкія дзяды» людзі прасілі ў продкаў добрых дажджоў, прасілі дапамогі на Радаўніцу і Зажынкі. Маліліся «дзядам» перад Дажынкамі, каб праца ішла спраўней і лягчэй. Пасля збора ўраджаю дзякавалі продкам адмысловаю ахвяраю, апошні сабраны сноп ставілі ў хаце пад абразамі, называючы яго «дзедам».
Адмысловы стол, каб не пакрыўдзіць продкаў
На «Дзяды» заўсёды рыхтавалі адмысловы стол — як на памінкі. Абавязкова павінна была быць няцотная колькасць страваў, звычайна рыхтавалі сем або дзевяць страваў. У асноўным гатавалі адмысловую кашу са збожжавых культур — куццю, каб наступны год быў урадлівым. Варылі кісель з аўса, падавалі сыта — ваду з мёдам, абавязковаю страваю былі бліны. Прымаўка «першы блін комам» пайшла з гэтай традыцыі. Гэты блін нельга было есці, ён належаў «дзеду». Хто пашкадуе бліна «дзеду», у таго блін у горле комам і стане.
Гаспадыня выпякала першы блін, потым яго разрывалі на кавалкі і клалі каля вокнаў, такім чынам ахвяруючы страву продкам і абараняючы свой дом ад злых духаў. Для продкаў рыхтавалі лішнія міску з лыжкаю.
Каб продак прыйшоў да стала, яго трэба было паклікаць: «Святыя Дзяды, клічам Вас, Святыя Дзяды, ідзіце да нас...». Бывала, што «дзядоў» клікалі паімённа. Паклікаўшы «дзядоў», трэба было адчыніць дзверы і вокны хаты. Прыходзілі ў хату тыя продкі, якія калісьці ў ёй жылі. За вячэраю нібы незнарок было прынята нешта абраніць ці праліць на стол, гэта быў своеасаблівы пачастунак «дзядам». Такім чынам людзі задобрывалі сваіх памерлых продкаў, каб тыя, у знак падзякі, дапамагалі ім увесь наступны год. Стол стараліся рабіць пышным, бо за сціплы пачастунак «дзяды» маглі пакрыўдзіцца на родзічаў і замест дапамогі, зрабіць шкоду.
«Дзядоў» трэба было праводзіць
Працяглы кантакт са светам мёртвых лічыўся непажаданым, таму пасля вячэры «дзядоў» трэба было выправадзіць: «Святыя Дзяды пілі-елі. Скажыце, што яшчэ трэба, і ляціце-ляціце да неба...». Сказаўшы гэтыя радкі гаспадары зноўку адчынялі вокны і дзверы, каб «дзяды» ішлі назад у іншы свет. Ежу пасля вячэры на «Дзяды» потым было добрым знакам раздаць жабракам ці дадаць у корм хатнім жывёлам. Людзі верылі, што гэтая ежа мае чароўныя ўласцівасці.
Апошні раз у год сустрэчы з «дзядамі» былі на Каляды. Людзі дзякавалі «дзядам» за ўсё добрае, што адбылося за год. Згодна павер’ю, у калядную ноч, «дзяды» з’яўляліся ў вобразе пераапранутых калядоўшчыкаў, таму іх таксама трэба было шчыра частаваць, каб не раззлаваць «дзядоў».
Тэкст і фота Алеся Масевіча, Budzma.org