У Бруселі з 9 па 13 снежня пройдуць Дні Беларусі, арганізаваныя Еўрапейскай службай знешніх дзеянняў (ЕСЗД) і Еўракамісіяй у супрацы з Еўрапарламентам, паведамляе ЕСЗД.
Дні Беларусі — гэта серыя падзей, арганізаваных Еўрапейскай службай знешніх дзеянняў і Еўрапейскай камісіяй у супрацоўніцтве з Еўрапейскім парламентам 9-13 снежня 2024 года і прысвечаных дэмакратычнай Беларусі і народу Беларусі. З гэтай нагоды ЕС запрасіў больш за 100 прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі, грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, праваабарончых і культурніцкіх арганізацый, а таксама беларускай дыяспары і міжнародных арганізацый.
Гэтая серыя падзей — знак салідарнасці Еўрапейскага саюза з народам Беларусі. Яны прымеркаваныя да пачатку працы новага складу Еўрапейскага парламента і адбываюцца напярэдадні так званых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 26 студзеня 2025 года. Імпрэзы дазволяць прадставіць прыклады станоўчага ўплыву падтрымкі ЕС.
9 снежня а 19:00 (Flagey, Studio 5, Place Sainte-Croix, 1050) адбудзецца паказ фільма «Радзіма» незалежных беларускіх рэжысёраў Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі.
10 снежня а 18:00 у Еўрапарламенце (SPINELLI 3E2) будзе прадэманстраваны фільм «Выпадковы прэзідэнт», пасля чаго адбудзецца дыскусія з удзелам беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай і здымачнай групы.
12 снежня а 17:00 у будынку Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі (МДБ; Rue de la Science 23) будзе арганізаваны прагляд фільма «7 сімптомаў беларускасці».
У МДБ таксама пройдзе выстава традыцыйнай беларускай вышыўкі #FRAMEDINBELARUS. Экспазіцыя адкрыецца 10 снежня у 17:30. Там жа пройдзе майстар-клас ад майстроў вышыўкі.
Выстава «Галасы з турмы. Мастацтва як супраціў: малюнкі і лісты палітвязняў Беларусі» будзе экспанавацца ў будынку ЕСЗД з 11 снежня (адкрыццё а 16:00, толькі для запрошаных асоб).
Выстава «Незламаныя», прысвечаная палітвязням — беларускім праваабаронцам, адкрыецца на пешаходнай зоне Еўрапарламента 12 снежня а 9:00 (будзе працаваць да 20 снежня).
11 снежня пройдзе музычная вечарына (Flagey, Studio 1, Place Sainte-Croix) пры ўдзеле «Вольнага хору» і беларускага акардэаніста Ягора Забелава. Пасля яго адбудзецца адкрыццё фотавыставы беларускага мастака Аляксандра Кот-Зайцава, прысвечанай «пачуццю дома» ў беларусаў, вымушаных жыць у эміграцыі.
Экспертная дыскусія пра «процідзеянне дэзінфармацыі напярэдадні так званых прэзідэнцкіх выбараў» пройдзе 13 снежня а 10:00 (месца ўдакладняецца). Яе арганізуюць Еўрапейскі фонд у падтрымку дэмакратыі і Еўрапейскі эканамічны і сацыяльны камітэт.
Еўрапейскі форум па Беларусі — семінар, прысвечаны сітуацыі ў краіне і ключавым выклікам у сферы бяспекі для яе і ўсяго рэгіёну, адкрыецца 13 снежня ў 9:30 у МДБ або ў прадстаўніцтве Швецыі пры ЕС (удакладняецца).
У рамках Дзён Беларусі 11 снежня адбудзецца чацвёртая сустрэча кансультатыўнай групы ЕС з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі. На 12 снежня ў Еўрапарламенце запланаванае правядзенне канферэнцыі высокага ўзроўню «Разам з народам Беларусі», на адкрыцці якой выступяць Ціханоўская і прэзідэнт ЕП Раберта Метсола.
З падрабязнай праграмай можна азнаёміцца па спасылцы.