Ужо цяпер можна сказаць, што напружанасць на літоўска-беларускай мяжы — найбольш істотная ў найноўшай гісторыі. Ці не перарасце нечуваная плынь нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Беларусі ў яшчэ больш сур’ёзную праблему?
Калі аналізаваць публікацыі ў літоўскіх СМІ, дзеянні дзяржорганаў і палітыкаў, становіцца зразумелым, што літоўскае грамадства вельмі заклапочанае цяперашняй сітуацыяй.
Заявы асобных прадстаўнікоў камандна-адміністрацыйнай сістэмы ў Мінску пра магчымасць нястрымлівання трафіку нелегальных мігрантаў і наркотыкаў яшчэ больш распальваюць і да таго выбухованебяспечнае становішча на мяжы.
Літоўскія журналісты ўжо неаднаразова параўноўвалі сённяшнюю сітуацыю з крызісам 2015–2017 гадоў у Паўднёвай і Заходняй Еўропе, калі хвалі ўцекачоў дзясяткамі тысяч нелегальна перасоўваліся па кантыненце. Падзеі пяцігадовай даўніны вельмі напалохалі і польскае, і літоўскае грамадства. Менавіта таму грамадзяне гэтых краінаў сёння моцна ціснуць на палітыкаў, патрабуючы рашучых дзеянняў для недапушчэння падобнага крызісу.
Міністр унутраных справаў Літвы падчас знаходжання на памежнай тэрыторыі заявіла:
«Літва разглядае сцэнар абвяшчэння надзвычайнай сітуацыі на мяжы. Іншы, больш экстрэмальны, варыянт — абарона з далучэннем буйных вайсковых і паліцэйскіх сілаў».
Раней кіраўніцтва Літвы ўжо накіравала на беларуска-літоўскую мяжу дадатковыя вайсковыя адзінкі для забеспячэння кантролю і разгортвання часовага пункта для пражывання 350 нелегальных мігрантаў.
Добраахвотнікі ўжо на мяжы
Ужо з пачатку чэрвеня на літоўска-беларускай мяжы разам з памежнікамі патруляванне здзяйсняюць і некалькі сотняў стральцоў. Гэта ўдзельнікі цалкам добраахвотнага фарміравання, якое фармальна падпарадкоўваецца кіраўніцтву Узброеных сілаў, удзельнічае ў вучэннях у якасці сілы, гатовай да ўзброенага супраціву ў выпадку акупацыі Літвы, разбудовы партызанскага руху.
Сябры Саюза літоўскіх стральцоў захоўваюць у сваіх дамах вайсковую зброю на выпадак пачатку баявых дзеянняў на тэрыторыі краіны, неабходнасці правядзення паліцэйскіх аперацый. Апошнім часам стральцы ўдзельнічалі ў мерапрыемствах, звязаных з каранцінам: патрулявалі вуліцы, забяспечвалі кантроль за аўтамабільным рухам, дапамагалі лекарам, ахоўвалі бальніцы і г. д. На сталай аснове стральцы праводзяць заняткі з моладдзю.
Агулам актыўных сябраў арганізацыі, якія атрымалі зброю на захоўванне, па афіцыйных звестках, каля 14 000. Па непадцверджаных дадзеных, разам з неактыўнымі стальцамі гэтая лічба можа сягаць 100 000.
Правакацыі на мяжы
У 2015–2017 гадах еўрапейскія краіны сутыкнуліся з вялікай хваляй уцекачоў, якія праз Турцыю накіроўваліся ў Заходнюю Еўропу. Найбольшы розгалас тады атрымалі інцыдэнты на турэцка-балгарскай і сербска-венгерскай мяжы. Рэч у тым, што ў гэтых краінах у грамадства вельмі неадназначнае стаўленне да ўцекачоў з Блізкага Усходу і Азіі. А тым больш напружаныя стасункі з суседзямі. І ў Балгарыі, і ў Венгрыі былі распаўсюджаныя групы так званых «паляўнічых на ўцекачоў». Складаліся яны ў асноўным з прыхільнікаў нацыяналістычных арганізацый. Што ў выніку гарантавала выбухованебяспечную сумесь на праблемным памежжы.
Найбольш інцыдэнтаў адбывалася ў Балгарыі, дзе дзяржаўныя службы не адразу здолелі ўпарадкавасць становішча на мяжы. У выніку нацыяналісты неаднаразова злоўжывалі сілавымі метадамі падчас захопу ўцекачоў, ладзілі пагоні па горных мясцовасцях і нават пераходзілі мяжу з Турцыяй. Невядома, ці былі гэтыя дзеянні ўзгодненыя з балгарскімі ўладамі, але відавочна, што яны толькі выклікалі дадатковае напружанне ў стасунках паміж краінамі. Можна сказаць, што правакацыі маглі лёгка перарасці ў больш істотныя інцыдэнты і нават канфлікты.
Балгарскія добраахвотнікі падчас патрулявання
На венгерска-сербскай мяжы сітуацыя была больш спакойнай. Напэўна, дзякуючы адлажанай працы дзяржаўных органаў. Якія, разумеючы ступень заклапочанасці грамадства і ўлічваючы колькасць нацыяналістычных арганізацыяў, амаль адразу аб’явілі аб стварэнні добраахвотнай службы «юных памочнікаў памежнікаў». Былі нават выдаткаваныя сродкі на грашовыя выплаты для валанцёраў. Такім чынам разрозненыя групы былі адразу ўзятыя пад кантроль. Добраахвотнікі праходзілі неабходнае навучанне. І сур’ёзных інцыдэнтаў удалося пазбегнуць.
Добраахвотнікі на мяжы — гэта яшчэ большая праблема Што адрознівае сённяшнія падзеі на беларуска-літоўскай мяжы ад сітуацыі ў 2015–2017 гадах на поўдні Еўропы — дык гэта палітычны крызіс у Беларусі і як вынік — фатальнае пагаршэнне адносінаў адміністратыўнага апарата ў Мінску з краінамі ЕС, асабліва з літоўцамі і палякамі.
Калі да гэтага дадасца яшчэ і магчымы канфлікт на мяжы, справа можа мець цалкам некантраляваныя наступствы. У абстаноўцы мілітарызацыі памежжа любая, нават дробная, правакацыя вельмі непажаданая.
Ёсць інфармацыя, што беларускія памежнікі спынілі любыя, нават нефармальныя, перамовы з калегамі з Літвы. Падчас здымак аднаго з рэпартажаў журналіст намагаўся ўзяць каментар у беларускага памежніка (што таксама вельмі нагадвае правакацыю):
«Журналіст LNK паспрабаваў паразмаўляць з памежнікамі, якія працуюць на беларускай мяжы. Яны павіталіся з літоўцамі. Але на пытанне, ці ведаюць яны што-небудзь пра мігрантаў, адказалі, што каментароў не будзе».
Да спынення ранейшых кантактаў, што можа вельмі дрэнна паўплываць на магчымыя падзеі пры любой канфліктнай сітуацыі, варта дадаць з’яўленне на мяжы дадатковых вайсковых адзінак. Відавочна, што вайскоўцы не вельмі добра арыентуюцца на новым месцы, не знаёмыя з беларускімі памежнікамі. І ў выпадку пазаштатнай сітуацыі не будуць у стане адразу выйсці на кантакт з беларусамі для яе пераадолення.
Добраахвотнікі на мяжы — гэта яшчэ большая праблема. Гэта ў любым выпадку не зусім вайсковыя людзі, на якіх большы ўплыў маюць СМІ, чым загады. У большасці гэта знаёмыя паміж сабою суседзі, сябры, для якіх аперацыя па ўзмацненні мяжы — доўгачаканая нагода выкарыстаць на практыцы свае ўменні, накіраваць патрыятычныя памкненні. Як дэманструюць інцыдэнты на балгарска-турэцкай мяжы, такая сумесь можа быць вельмі небяспечная.
Не вельмі абазнаныя на мясцовасці вайскоўцы альбо добраахвотнікі цалкам могуць парушыць мяжу. Далейшыя падзеі ў такім разе цяжка прадказаць...
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by