Гісторыя дома інжынера Мінейкі ў Дзікушках

09.09.2021 Гісторыя

Пісьменнік Леанід Лаўрэш піша на budzma.by пра гісторыю дома інжынера Аляксандра Мінейкі ў вёсцы Дзікушкі Лідскага раёна.


M.jpg

Напісаць гэты невялікі артыкул мяне прымусіла памылка, якую увесь час паўтараюць розныя беларускія турысцкія сайты. Дом, пабудаваны перад самай Другой сусветнай вайной у Дзікушках, чамусьці ўпарта называецца домам (ці палацам) Грабоўскіх у Ходараўцах. Відочна, што камусьці трэба ўжо расказаць гісторыю гэтага будынка.

Род Хадкевічаў згас у дваццатых гадах XIX ст., і маёнтак Вялікае Мажэйкава перайшоў да графаў Грабоўскіх. У 1833 г. Вялікае Мажэйкава было прададзена графу Рафалу Грабоўскаму, пружанскаму падкамораму, жанатаму на Цяльшэўскай. Ён быў сынам генерала літоўскіх войскаў Стэфана Грабоўскага. Менавіта Рафал Грабоўскі пабудаваў уніяцкую Праабражэнскую мураваную царкву ў вёсцы Дзікушкі. Асвечана царква была ў 1840 г. ужо як праваслаўная.

Яго сын Станіслаў Грабоўскі ніколі не быў жанаты і доўгія гады гаспадарыў у гэтым вялікім маёнтку. Прыкладна з 1880 г. ён апекаваўся сваімі сіротамі-пляменніцамі Скарбак-Важнынскімі і іх маёмасцю Ішчална. Такім чынам практычна валодаў двума маёнткамі.

На пачатку XX ст. маёнтак Вялікае Мажэйкава меў каля 10 000 гектараў і цягнуўся бесперапынным пасам шырынёй ад паловы да двух кіламетраў і даўжынёй каля трыццаці кіламетраў ад лесу і фальварка Жукі пад мястэчкам Васілішкі, праз Вялікае Мажэйкава, далей праз фальваркі Марцінішкі, Гай, Раманаўцы, Скабейкі, Дзікушкі, Лябёдка, Станіславова да Шаўдзюноў на беразе Нёмана. Далей гэты пас перакрочваў праз Нёман і за ракой маёнтак меў яшчэ 200 га лесу — каля лясоў так званай Яворскай Руды, якія належалі маёнтку Жалудок. У Вялікім Мажэйкаве меўся вінакурны завод, два млыны і выдатны лес, які не ведаў сякеры. Зямля была добрыя і аграрная культура падтрымлівалася на высокім ўзроўні.

Станіслаў Грабоўскі стала гаспадарыў у Малым Майжэкаве шмат гадоў, але ў 1900 г., выгадаваўшы пляменніц з Ішчалны, выправіўся ў Парыж. Тут ён і дачакаўся Першай сусветнай вайны і ў далечыні ад маёнтка, які занялі немцы, памёр у 1917 г.

Пасля смерці графа Станіслава Грабоўскага спадкаемцам застаўся маёнтак Вялікае Мажэйкава ў Лідскім павеце, а таксама дамы і пляц у Вільні.

У падзеле маёмасці прынялі ўдзел Верашчакі (бо сястра Грабоўскага Францішка выйшла замуж за Стэфана Верашчаку) і Аскеркі (яго сястра Тэадозія з Грабоўскіх была замужам за Аляксандрам Аскеркам). Было вырашана падзяліць маёнтак на 36 частак. 15/36 перайшло да нашчадкаў Верашчакаў, 21/36 да нашчадкаў Тэадозіі Аскеркі. Гэта частка Аскеркаў адышла да трох замужніх дачок Тэадозіі, якія атрымалі свае часткі ў залежнасці ад колькасці дзяцей. Найбольшай частка, 9/36, дасталася Марыі Мінейка з Аскеркаў, якая мела чацвёра дзяцей. Зоф’я Раствароўская з Аскеркаў, якая мела двух дзяцей, атрымала 7/36, а Аляксандра Ваньковіч як адзіная дачка Ядвігі Горват з Аскеркаў атрымала ў спадчыну 5/36 маёмасці. Гэтыя прапорцыі падзелу адносіліся як да нерухомасці, так і да рухомасці, якой дарэчы было няшмат.

Мінейкам дасталася частка Вялікага Мажэйкава — Дзікушкі. І гэтай маёмасцю пасля заканчэння вышэйшай школы сельскай гаспадаркі ў Варшаве валодаў інжынер Аляксандр Мінейка, якога суседзі лічыліся настаўнікамі і дарадцамі ў сельскай справе. Аляксандр Мінейка жыў у малым дамку з некалькіх пакояў, а вялікі, мураваны і прыгожы дом пабудаваў перад самым 1939 г. Менавіта парэшткі гэтага дома і выклікаюць вялікую цікаўнасць нашых сучаснікаў.

Сядзібны дом Мінейкі быў пабудаваны ў стылі неакласіцызма і, нягледзячы на цяперашні разбураны стан, усё яшчэ здзіўляе размахам і элементамі вонкавага дэкору — яго маляўнічыя парэшткі любяць здымаць турысты. Часцей за ўсё на фотаздымках у інтэрнэце можна ўбачыць балкон на пяці невялікіх калонах, а таксама парадны ўваход. Пасля Другой сусветнай вайны ў доме Мінейкі арганізавалі саўгасную кантору, потым вясковы клуб, а з нейкага моманту проста закінулі.

Пра апошняга гаспадара Дзікушак — інжынера-аграрніка Аляксандра Мінейку вядома наступнае.

Ён кіраваў маёнткам сваёй маці Дзікушкі (каля 1000 га). За удзел у Польска-савецкай вайне быў узнагароджаны Крыжам Валежных і ў 1920 г. атрымаў чын падафіцэра польскай арміі. Перад Другой сусветнай вайной быў сябрам ўправы малочнага кааператыва ў Дзікушках і чынным сябрам Кола гадоўцаў коней. Суседзі пісалі пра яго як пра выбітнага аграрніка, які у Дзікушках паставіў сельскую гаспадарку на самы высокі ўзровень. У 1939 г. афіцэр парашутнай брыгады Аляксандр Мінейка выехаў у Англію і, адваяваўшы ўсю вайну, застаўся там у эміграцыі.

Па нейкай неверагоднай памылцы на ўсіх турыстычных сайтах дом Мінейкі ў Дзікушках, які так любяць фатаграфаваць турысты, да нашага часу лічыцца «Сядзібным домам Грабоўскага ў Ходараўцах».

M1.jpg
Фота аўтара, чэрвень 2021 г.

Леанід Лаўрэш, budzma.by