Дранько-Майсюк раскажа праўду пра “спадарыню Эл”

06.06.2012 Афіша

12 чэрвеня а 17-ай гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (г. Мінск, вуліца М. Багдановіча 13; www.bellitmuseum.by) адбудзецца прэзентацыя новага выдання паэта Леаніда Дранько-Майсюка “Кніга для спадарыні Эл”. 

Кніга выйшла ў серыі “Кнігарня пісьменніка” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Вось што кажа сам аўтар пра сваю новую кнігу і яе галоўнага персанажа: “Спадарыню Эл ідэальнай беларускай ніяк не назавеш. Гэты сацыяльны тып узнік на мяжы XX і XXI стагоддзяў, псіхалагічна і партрэтна (вонкава!) ён ужо сфармаваўся. Такіх жанчын, вядома, не тысячы і тысячы, але іх ужо шмат, асабліва ў Мінску, і яны даволі прыкметныя, гэтыя глянцавітыя кветкі “салодкага” гламуру і порсткага капіталізму. Кніга складаецца з пяці раздзелаў, і гэта менавіта кніга, а не зборнік. У першым раздзеле, які мае назву “Нервовы раман” сабраны ці не ўсе алюзіі і ці не ўсе матывы астатніх чатырох раздзелаў, таму ўсе тэксты (вершаваныя, перакладныя, празаічныя і г.д.) так ці інакш датычныя спадарыні Эл. “Кніга для спадарыні Эл” арыгінальна ўпарадкавана і ў першую чаргу жанрава ўпарадкавана. Ад першай да апошняй старонкі кнігу яднае аўтарскі стыль”.