Каля 30 удзельнікаў арт-праекта “Арнаменты на дрэвах” пакінуць свой след у Полацку. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Полацкага райвыканкама, 7 жніўня мастакі нанясуць дэкаратыўныя кампазіцыі на 10 дрэў.
Свае аўтографы на дрэвах у Полацку пакінуць не толькі палачане, але і прадстаўнікі Браслава, Віцебска і Нінбурга (Германія). Яны ўпрыгожаць расліны арнаментамі, якія будуць складацца з кропак, ліній, колаў, ромбаў і г.д. “Паводле папярэдніх разлікаў, на выкананне мастацкай работы спатрэбіцца 10 кілаграмаў садовай пабелкі і 10 пачкаў гуашы. Дрэвы будуць распісваць фарбамі, якія не нанясуць ім шкоды”, – падкрэслілі ў прэс-службе. Сам працэс роспісу змогуць назіраць усе жадаючыя.
Мэта мерапрыемства – азнаёміць гледачоў з разнастайнымі відамі арнаменту, далучыць да мастацтва і паказаць узоры, якія могуць быць выкарыстаны ў практычнай рабоце выхаванцамі мастацкіх школ, аматарамі выяўленчага мастацтва, а таксама мастакамі, якія працуюць у галіне архітэктуры, дэкаратыўнай творчасці і іншых напрамках. “Відавочна і тое, што новыя арт-аб’екты нададуць Полацку асаблівы шарм”, – перакананыя ў райвыканкаме.
Арнамент – неад’емная частка мастацтва, мастацкае адлюстраванне светапогляду і культуры многіх народаў. Ён выкарыстоўваецца для афармлення практычна ўсяго, што створана чалавекам, хай сабе гэта будуць прадметы побыту або архітэктурныя збудаванні. Арнамент стаіць на першым месцы па здольнасці пранікнення ў розныя віды мастацтва, набываючы новы сэнс, які раней з ім не асацыяваўся.
Алёна Ціханава, БелТА
Тэгі: Полацк