• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
28.05.2015 | Гісторыя

Дуга Струве: памер мае значэнне

Згодна з вызначэннем тэрміна, Сусветная спадчына ЮНЕСКА — прыродныя або створаныя чалавекам аб’екты, прыярытэтнымі задачамі ў дачыненні да якіх, на думку ЮНЕСКА, з’яўляюцца іх захаванне і папулярызацыя ў сілу асаблівай культурнай, гістарычнай або экалагічнай значнасці. Вось.

Калі расшыфраваць казённыя словы ў дачыненні да аб’ектаў сусветнай спадчыны ў Беларусі, складаецца прыблізна такая карціна з іх папулярызацыяй. Мірскі замак і нясвіжскі палаца-паркавы комплекс вядомыя добра — галоўнае не блытаць іх (на жаль, сустракаецца паўсюдна). Трэці аб’ект спадчыны па чарзе папулярызавалі Аляксандра Пахмутава, Мікалай Дабранраваў, Барыс Ельцын, Леанід Краўчук і Станіслаў Шушкевіч, і сёння пра Белавежскую пушчу не чуў хіба глухі і апалітычны. А вось чацвёртаму і самаму буйному аб’екту пашанцавала менш за ўсіх — геадэзічная дуга Струве, па якой навукоўцы здолелі вымераць форму і памеры Зямлі, не выклікае ніякіх асацыяцый у большасці ні па прызначэнні, ні нават па назве.

Зямля — шар. Смерць непазбежная. Твой дыплом нікому не патрэбны

Другая і трэцяя пералічаныя аксіёмы былі вядомыя чалавецтву з глыбокай старажытнасці. А з першай пастаянна ўзнікалі пытанні. Так, у савецкі час нас вучылі ў школах, што ледзь не да часоў Галілея, Калумба і Магелана чалавек, ад селяніна да караля і акадэміка, быў упэўнены, што Зямля плоская і больш ніякая. Чаму карабель, які адыходзіць ад порта, праз колькі часу пачынае нібы апускацца ў мора — гэта, на думку сучаснай адукацыі, людзям не прыходзіла ў галавы цягам стагоддзяў.

Канечне, усё можна спісаць на цемрашалаў-царкоўнікаў, якія забаранялі ўсе магчымыя даследаванні і наогул заміналі ўсім жыць. Але людзі пачалі цікавіцца астраноміяй і мараплаўствам крыху раней, чым у навуцы ўсталяваўся дыктат царквы (ды і быў той дыктат, мякка кажучы, перабольшаны ў памяці нашчадкаў) — напрыклад, у Старажытнай Грэцыі. А жрацы элінскага свету цемрашаламі не былі ні ў якія часы існавання цывілізацыі. Таму даследаванні па тэме, відавочна, вяліся, і яшчэ ў антычнасці інтэлектуалы былі перакананыя, што плоская Зямля, сланы-чарапахі-кіты — не болей чым казкі.

У першы раз спробу вымераць Зямлю зрабіў яшчэ “бацька геаграфіі” Эратасфен у Александрыі ў ІІІ стагоддзі да нашай эры (яго вымярэнне вы можаце бачыць на малюнку), потым — Пасідоній. Пасля на доўгі час цывілізаваны мір заняўся прыкладнымі справамі, і наступныя вымярэнні прыпалі толькі на ІХ стагоддзе, калі арабскія вучоныя Халіб-бэн-Абдул-Мелік і Алі-бэн-Іза ізноў вымералі Зямлю. Аб дакладнасці даследавання казаць цяжка, бо грэкі ў Александрыі карысталіся стадыямі, а стадый бывае розны. Вынікі ж арабскіх вымярэнняў не захаваліся, і ў 1525 годзе француз Фернэль ажыццявіў уласнае даследаванне, вымераўшы мерыдыян паміж Парыжам і Ам’енам па колькасці абаротаў кола па дарозе з горада ў горад.

Як можна здагадацца, усе гэтыя спробы давалі невялікую дакладнасць — бо мераць адлегласць “на вока”, абаротамі колаў і г.д. прымітыўна, асабліва калі мясцовасць не роўная як стол. То бок заўсёды. Усё змянілася, калі галандскі матэматык Снэліус у 1616-1617 гг. вынайшаў так званае трыянгуляцыйнае вымярэнне.

Як мераць?

Каб вызначыць форму і памеры планеты, звычайна выкарыстоўваецца так званае градуснае вымярэнне, ці вымярэнне дугі. Праводзіцца яно так: спачатку вымяраецца лінейная даўжыня дугі, потым яе кутняя даўжыня.

Удавацца ў падрабязнасці геадэзіі, дарагі чытач, я не прапаноўваю, але зраблю невялікую даведку, каб кожны мог пры неабходнасці ўпісаць сябе ў гісторыю вымярэннямі, што не маюць аналагаў. Дык вось, лінейная даўжыня дугі лепш за ўсё вымяраецца з дапамогай так званай трыянгуляцыі, якую вы можаце бачыць на малюнку. Сэнс у тым, што адлегласць ад пункту А да пункту D можна без праблем знайсці з дапамогай дапаможных пунктаў С і B, якія будуць бачныя і з А, і з D. Вымяраючы адлегласці да бачных пунктаў, мы атрымаем даўжыню лініі AD, і будзе нам шчасце. Паверце, гэта не так цяжка.

Калі мы ўжо ведаем адлегласць дугі, застаецца толькі вымераць шырыню і даўжыню яе канцоў — і вуаля, можна даведацца памеры Зямлі. І тут, як звычайна, пачынаюцца новыя праблемы. Калі ўявіць Зямлю шарам, аднаго замеру дастаткова, каб даведацца яе радыус, экватар і астатнія характарыстыкі. Да XVIII стагоддзя планету лічылі шарам, таму асаблівага прагрэсу ў вымярэннях не было. У XVIII стагоддзі вучоныя зразумелі, што шар, аказваецца, не вельмі шарападобным і больш нагадвае эліпсоід вярчэння. Для вымярэння нябеснага цела такой формы патрэбнае было ўжо не адно, а два градусныя вымярэнні, аптымальна — далёкія адно ад аднаго (напрыклад, полюс і экватар). Не паспела прайсці радасць ад новых ведаў, як вучоныя, якія дагэтуль зрабілі шмат якасных вымярэнняў, пачалі ўсведамляць, што ў іх яны атрымліваюцца ўсе розныя. Зямля, на жаль, аказалася не шарам, не эліпсоідам… і ўвогуле ніякім правільным целам. Усе папярэднія вымярэнні “адправіліся на сметнік гісторыі”.

І тут з’явіўся Струве

Пасля таго як стала відавочна, што Зямля па форме ўяўляе невядома што, злёгку падобнае на эліпсоід, складанасць вымярэнняў вырасла ў разы. Цяпер трэба было праводзіць даследаванне, абапіраючыся не на адзін, не на два, нават не на дзесяць пунктаў, а на “чым больш, тым лепей”. І ў ХІХ стагоддзі пачынаюцца падрабязныя вымярэнні, кожнае з якіх узбагачала навуку новымі звесткамі. Такімі сталіся Шведскае (1801-1803), Ост-Індскае (1802-1874), Гановерскае (1821-1824), Прускае (1831-1834), Паўднёва-Афрыканскае (1842-1852) і Англа-Французскае (1850).

Расійскія працы па тэме, якія праводзіліся на тэрыторыі былога ВКЛ, пачаліся ў 1815 годзе, калі палкоўнік К. І. Тэнер атрымаў загад правесці трыганаметрычную і тапаграфічную здымку Віленскай губерні. Падчас вымярэння Тэнер убачыў, што асноўныя трыкутнікі вымярэння, што знаходзяцца па мерыдыяне Віленскай абсерваторыі, могуць быць карыснымі пры вымярэнні дугі мерыдыяну.

У 1821 годзе ў Ліфляндыі (цяпер частка Латвіі і Эстоніі) трыянгуляцыйныя работы пачаў прафесар астраноміі і геадэзіі Дэрпцкага ўніверсітэта В. Я. Струве. У 1827 годзе Тэнер прапанаваў злучыць свае вымярэнні з тымі, што зрабіў у Ліфляндыі Струве, — і атрымаў згоду. Так дзве досыць лакальныя працы вучоных у выніку далі нам тое, што цяпер завецца дугой Струве — найвялікшае і найякаснейшае вымярэнне памераў Зямлі ў свеце, якое працягнецца ад Нарвегіі да Дуная.

У 1816-1841 і ў 1846-1850 гг. Тэнер вымераў адлегласць мерыдыяну ў Курляндскай, Віленскай, Гарадзенскай, Мінскай, Валынскай і Падольскай губернях, а таксама ў Бесарабіі. Струве ў 1821-1827 і ў 1830-1844 гг. вымераў Балтыйскую і Фінляндскую частку дугі. Далей Расійская імперыя скончылася, а мерыдыян працягваўся, так што вучоным давялося дамаўляцца з урадамі Швецыі і Нарвегіі, каб працягнуць вымярэнне да берагоў Паўночнага Ледавітага акіяна. Скандынавы пайшлі насустрач, і ў пракладванні дугі ўзялі ўдзел Стакгольмская абсерваторыя ад Швецыі і Геаграфічны дэпартамент ад Нарвегіі.

Грандыёзныя работы былі скончаныя ў 1852 годзе, вынікам стала самае вялікае ў свеце Руска-Скандынаўскае вымярэнне, якое ахапіла мерыдыян працягласцю 2820 км (25 градусаў 20 мінут). Пункты вымярэння пазначаліся гранітнымі кубамі, часам пірамідамі з камянёў, цаглінамі, а то і проста жалезнымі крыжамі. Усяго пунктаў было 265, самы паўночны — Фугленэс у Нарвегіі, самы паўднёвы — у сяле Старая Някрасаўка Адэскай вобласці. Больш познія ацэнкі сведчаць, што памылка ў вымярэнні Тэнера і Струве не перавышала 1 секунды мерыдыяну — то бок стала самым дакладным у свеце, не кажучы ўжо пра маштабнасць.

Васіль Якаўлевіч Струве быў больш навукоўцам, чым клапаціўся аб захаванні памяці пра сваю працу. Пункты дугі Струве замацоўваліся ў яго запісках, а на мясцовасці ён іх замацоўваць не спяшаўся. У адрозненне ад яго, Тэнер не быў чужы картаграфіі і імкнуўся “паставіць помнікі” вымярэнню ва ўсіх яго пунктах. На нашае шчасце, перамог падыход Тэнера, а не Струве, і пункты захаваліся да нашых дзён. Але агульнае кіраўніцтва работамі ажыццяўляў усё ж не Тэнер, і таму дуга, само існаванне якой з’яўляецца яго заслугай, вядомая нам як Дуга Струве. А практычныя вынікі шматгадовай працы былі абагульненыя ў 1861 годзе ў справаздачы “Дуга мерыдыяну ў 25°20′ паміж Дунаем і Ледавітым морам, вымераная з 1816 года па 1855 год пад кіраўніцтвам Тэнера, Хр. Ганстана, Н. Х. Зеландара, В. Я. Струве, па розных матэрыялах склаў і апрацаваў В. Я. Струве”. Паўтара стагоддзя гэтая крыніца знаходзіцца ў першым шэрагу астранамічна-геадэзічных работ. Большасць параметраў Зямлі, якія мы ведаем і якімі карыстаемся і цяпер, — “дзеці” Руска-Скандынаўскага вымярэння.

А што далей?

А далей былі войны, рэвалюцыі, ізноў войны, вялікая палітыка і падобныя рэчы. З цягам часу дуга, якая раней была ў Расійскай імперыі, Швецыі і Нарвегіі, апынулася на тэрыторыі 11 дзяржаў. І за 140-150 гадоў значна пацярпела, большасць пунктаў папросту не захавалася. За гэта было крыўдна, і з цягам часу валанцёры і вучоныя розных краін пачалі аднаўляць памяць пра яе, знаходзіць страчаныя пункты, усталёўваць на іх больш якасныя і прыгожыя помнікі, нарэшце выкарыстоўваць дугу Струве ў турыстычных мэтах. Беларусь, на шчасце, не засталася за межамі працэсу.

Падчас будаўніцтва на сучаснай тэрыторыі Беларусі знаходзіўся 31 пункт дугі. Цяпер з іх знойдзена ад 19 да 22, усе — на тэрыторыі Гарадзенскай і Брэсцкай абласцей. У 2002 годзе дуга атрымала ў Беларусі нулявую катэгорыю, то бок статус нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці, прапанаванай да ўключэння ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. А ў 2005 годзе дуга стала тым, чым ёсць цяпер — аб’ектам Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.

І наастатак — пра нумізматаў. Неўзабаве Дуга Струве стала вядомай і сярод іх. У межах кампаніі папулярызацыі дугі 29 снежня 2006 года НБРБ выпусціў срэбную манету ў 20 рублёў “Дуга Струве”. Манета атрымалася незвычайнай: па-першае, яна была квадратная, па-другое, на ёй чорным па срэбным была ўказаная няправільная даўжыня дугі — 2880 км замест 2820. Зразумела, манету-“двоечніцу” тэрмінова выключылі з абарачэння, і яна імгненна стала рэдкасцю. Убачыце — можаце і прыдбаць.

Дзяніс Буркоўскі

 

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Генпракуратура распачала крымінальныя справы супраць Рады БНР

Генпракуратура завяла шэраг крымінальных спраў супраць Рады БНР, паведаміў журналістам начальнік аддзела па наглядзе...

valiancina_shauchenka
Мастацтва

«Ніткі супраціву»: адкрыццё выставы Руфіны Базловай адбудзецца ў Чэхіі

У яе рамках будуць экспанаваныя вышыўкі, створаныя ўдзельніцамі праекта #FramedinBelarus, і працы Базловай 2020-2023 гадоў, прысвечаныя...

valiancina_shauchenka

64-гадовая беларуска падняла БЧБ-сцяг над адной з найвышэйшых гор свету

Беларуска Лілія Яноўская ўзышла на вышыню 8167 метраў і пабіла рэкорд, стаўшы найстарэйшай жанчынай у свеце, якая здзейсніла...

valiancina_shauchenka
Кіно

Фільм «Зялёная мяжа»: што хацела паказаць Агнешка Холанд і што атрымалася

Пра нашумелую псіхалагічную драму «Зялёная мяжа» рэжысёркі Агнешкі Холанд піша Тарас Тарналіцкі. Фільм распавядае...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Генпракуратура распачала крымінальныя справы супраць Рады БНР
    Мастацтва
    «Ніткі супраціву»: адкрыццё выставы Руфіны Базловай адбудзецца ў Чэхіі
    64-гадовая беларуска падняла БЧБ-сцяг над адной з найвышэйшых гор свету
    Кіно
    Фільм «Зялёная мяжа»: што хацела паказаць Агнешка Холанд і што атрымалася
    Музыка
    Наста Хмель: Робім Беларусь у выгнанні, каб не знікнуць у чужым краі
    Забавы
    Гульня: Знайдзі аднолькавыя вокладкі
    Грамадства
    На якой мове мусіць размаўляць лагапед з беларускамоўнымі дзецьмі? Іна Кулей аб працы беларускамоўнага лагапеда
    Грамадства
    Шчасце і бяда археолага. Пра самаабмежаванне ў імя навукі
    Грамадства Кіно
    Фільмы «Баба, Ваня і каза» і «Пасха Хрыстова» Дар’і Юркевіч сталі даступныя на платформе VODBLISK
    Грамадства Музыка
    «Radyjo Niamiha». Гурт Syndrom Samazvanca анансаваў выхад альбома кавераў на песні беларускай рок-сцэны 1990-х
    Культура Літаратура
    «Будуць беларусы — будзе беларуская кніга». У Батумі стартаваў фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova-2023
    Вандруем разам
    7 архітэктурных цудаў Мсціслава
    Музыка
    Змрочна, таямніча і якасна: свежыя трэкі беларускіх музыкаў на паразважаць і пасумаваць
    Літаратура
    Уладзіслаў Сыракомля: вялікі юбілей 2023-га і ягонае «Mы aдвыклi aд вяcны...»
    Гісторыя Асоба
    Дабіраліся галубкоўцы туды, куды ніколі не заглядаў тэатр. Гісторыя Уладзіслава Галубка - народнага артыста Беларусі, расстралянага бальшавікамі

Афіша

  • 03.10

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Літаратурнае падарожжа з Андрэем Хадановічам у Гданьску

  • 03.10 — 08.10Восеньскі салон у Мінску
  • 03.10 — 19.11Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023» у Познані
  • 03.10 — 13.11Выстава «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі» ў Віцебску
  • 03.10 — 08.10Фестываль незалежнай беларускай культуры ва Уроцлаве
  • 03.10ПАДЗЕЯ ДНЯ: Літаратурнае падарожжа з Андрэем Хадановічам у Гданьску
  • 03.10 — 17.11Выстава Руфіны Базловай у Чыкага
  • 03.10Ідрак Мірзалізадэ ў Таліне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Святлана Курс: Беларусамі быць цяжка. Але ж цікава і шыкарна
    • Чучхэ ў самым сэрцы Еўропы альбо Што чакае беларускую нацыянальную культурную прастору
    • Тэст для вандроўнікаў: пазнай мясціны, дзе нарадзіліся ці жылі нашыя славутыя землякі
    • «Я аддала апошняе на сваю мару». Беларуская мастачка рызыкнула ўсім, што мела, і адкрыла ў Варшаве фотастудыю
    • Шматаблічны Адам Глобус. Топ-7 кніг ад творцы
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип