Упершыню ў Беларусі ў горада з’явіліся свае духі. Персанальны водар стварылі для Брэста. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведаміў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук.
Водар будзе называцца «Брэст». Склаў яго Улад Рэкуноў, вучань Сафіі Ходаш-Гройсман — адной з самых тытулаваных парфумераў свету. У майстэрні Рэкунова стваралі духі для Патрысіі Каас, Мірэй Мацье, Валерыя Меладзе. Першапачаткова для горада ён прыдумаў шэсць варыянтаў водараў. З іх спецыяльная камісія абрала «самы ўражлівы».
Прэзентацыя духоў адбудзецца на парфумерным шоу, якое пройдзе ў Дзень горада — 28 ліпеня. Зараз дызайнеры распрацоўваюць для парфумы арыгінальныя флакон і ўпакоўку.