Два дні – тры сустрэчы Таварыства аховы помнікаў

У напружным рэжыме працавалі актывісты Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў пятніцу і нядзелю, 12-га і 14-га жніўня 2011 г.

sdc16002

Так, 12-га адбылося ганаровае пасяджэнне, прымеркаванае пачатку стварэння музейнай экспазіцыі ў флігелі сядзібна-паркавага комплекса  ў Дукоры Пухавіцкага р-на, на якім у калекцыю музея вядомым беларускім гісторыкам геаграфіі Львом Казловым будзе перададзена копія мапы ВКЛ пач. 17 ст.

sdc16014

У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі Мінскага абласнога савета Таварыства аховы помнікаў Зміцер Яцкевіч і Барыс Муха, якія з’яўляюцца кансультантамі па музеяфікацыі гісторыка-культурнага аб’екта, гісторык-картограф Леў Казлоў, краязнаўца, літаратар, ураджэнец Пухавіччыны Алесь Карлюкевіч і прадстаўнікі ЗАТ “Пухавіцкі аграпрадукт” – прадпрыемства, якое з’яўляецца інвестарам праекта адраджэння і музеяфікацыі сядзібы.

А 14-га жніўня – аж два мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў грамадскага аб’яднання. У Зембіне была наладжана святочная імша ў гонар 202-х угодкаў асвячэння Зембінскага Касцёла Небаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, пасля якой перад парафіянамі з лекцыяй аб гісторыі мястэчка і касцёла выступіў Зміцер Яцкевіч.

На арганізаванай пасля імшы пры падтрымцы Зембінскага сельскага савета сустрэчы былі абмеркаваныя мажлівыя далейшыя крокі па захаванні Зембінскага касцёла. Прапановы аб прызначэнні навуковага кіраўніка і аб першасных кроках па кансервацыі руін былога касцёла дамініканцаў агучыў Андрэй Ларры.

І ў гэты ж дзень на традыцыйны ўжо Ваўкавыскі фэст, які ладзіцца грамадскімі актывістамі старадаўняга гораду, у тым ліку і мясцовай першаснай суполкай Таварыства аховы помнікаў, высадзіўся зноўку невялічкі будзьмаўскі дэсант у складзе Антона Астаповіча і Змітра Бартосіка.

Па сканчэнні наведвання знакавых гістарычных мясцін г. Ваўкавыска  ва ўрочышчы Парахаўня  для ўдзельнікаў свята выступіў А. Астаповіч з аналізам сітуацыі па гісторыка-культурных каштоўнасцях у раёне і прапановамі па ўдасканаленню супрацы грамадскасці і мясцовых органаў улады ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. А завяршыўся  фэст канцэртам Змітра Бартосіка.

Удзел сяброў Таварыства ў мерапрыемствах адбыўся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі”.

PS: А ў суботу ў сяброў аб’яднання быў шабат.