Дваццаць гадоў без гарадзенскага незалежнага радыё НБК

Гарадзенская журналістка Ніна Палуцкая успамінае пра падзеі 20-гадовай даўніны, калі яна была рэдактаркай першага незалежнага радыё на Гарадзеншчыне – Радыё НБК.

Гэта радыё праіснавала ў горадзе з 1993 па 1996 год, яго перадачы ішлі тры разы на тыдзень па радыёкропцы ў гадзіну перапынку. Ніна Палуцкая расказала, што за перадачы яны рабілі ў той час.

– Чаму такая дзіўная назва – НБК – і што яна значыць?

– Тут усё проста. НБК – Ніна Банк Комплекс. Комплекс-банк у час заснавання радыё быў нашым спонсарам, таму такая назва.

– Які быў фармат радыё?

– Першапачаткова мы, канечне, былі забаўляльным радыё. Мы любілі розныя конкурсы, і народ вельмі актыўна на іх рэагаваў. Мы раздавалі розныя прызы, і народ згадваў гэта яшчэ вельмі доўга. Але ў 1994 годзе прэзідэнтам быў абраны Лукашэнка, і хутка медыі, якія толькі нараджаліся, адчулі на сабе ціск.

Прычынай закрыцця радыё стала згадка ў эфіры пра артыкул старшыні Вярхоўнага Савета Сямёна Шарэцкага “У Беларусі запахла фашызмам”. Пасля гэтага быў заблакаваны рахунак, і радыё перастала існаваць.

Усе памятаюць рэферэндум 1996 года. Сямён Шарэцкі, які кіраваў тады парламентам, надрукаваў у “Народнай волі” гэты артыкул, і я не магла яго не згадаць. І пасля гэтага да нас прыйшлі. Прыйшоў чалавек, які сказаў, што ён са службы кантролю прэзідэнта і заявіў, што ён да нас з праверкай і павінен забраць усю маю дакументацыю. Я вельмі здзівілася. А на наступны дзень у нас заблакакалі разліковы рахунак. І мы больш не маглі весці ніякай дзейнасці.

Набліжаўся юбілей – тры гады існавання нашага радыё. Пачыналі мы працу ўвосень 1993 года і кожную восень рабілі нейкі канцэрт: спачатку рок-канцэрт, затым фэст “Саламяная шляпа”, а трэцім святкаваннем мусіла стаць святкаванне ў лялечным тэатры. Мы праплацілі арэнду, сабралі гледачоў. Мы яшчэ фармальна існавалі, але, на маю думку, гэта была бяседа падчас чумы.

Пасля працы на радыё спадарыня Ніна паспела папрацаваць у гарадзенскіх выданнях “Інфабіржа” і “Аркуш”, карэспандэнтам БДГ па Гарадзеншчыне. Цяпер адзін з самых вядомых гарадзенскіх журналістаў Ніна Палуцкая жыве ў Літве, недалёка ад Друскенікаў, і займаецца рознымі экалагічнымі праектамі.

Размаўляў Андрэй Мялешка
Фота з асабістага архіва Ніны Палуцкай

Тэгі: