Дваццаць пяць у адным. Як усе кнігі Скарыны трапілі пад адну вокладку

“Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўскі” выпусціла кнігу “Сусветная спадчына Францыска Скарыны”. Кампанія “Будзьма беларусамі!” разабралася, у чым каштоўнасць новага выдання і чым яно будзе цікавае не толькі спецыялістам, але і шараговым аматарам гісторыі.

Юбілейнае

“Сусветная спадчына” нездарма была прэзентаваная ў жніўні 2017 года. Сёлета мы святкуем 500-годдзе беларускага кнігадруку: менавіта 6 жніўня 1517 года Францыск Скарына выпускае першую кнігу. Свята, дарэчы, атрымліваецца насамрэч міжнародным — помнік першадрукару неўзабаве з’явіцца ў Кішынёве, ды і прысутныя на прэзентацыі амбасадары еўрапейскіх краін пацвердзілі, што ў Чэхіі і Германіі 500-годдзе нашага кнігадруку таксама святкуюць.

Выданні пад юбілей заўжды маюць сваю асаблівасць — велізарны чырвоны фаліянт найгрунтоўнешым чынам знаёміць чытача са спадчынай Скарыны.

Вяртанне на Радзіму.

Спадчына Скарыны — гэта 520 друкаваных экземпляраў ягоных кніг і 45 рукапісных спісаў. Ці варта казаць, што абсалютная большасць з іх знаходзіцца не на тэрыторыі Беларусі. “У Нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца дзесяць выданняў, — кажа ўкладальнік “Сусветнай спадчыны”, культуролаг Алесь Суша. — На вялікі жаль, яны няпоўныя. Найбольшая колькасць кніг, блізу 350, знаходзіцца на тэрыторыі Расіі. Прычым гаворка не толькі пра Маскву ці Санкт-Пецярбург, але і пра Казань і Саратаў”.

Пяць гадоў працы

“Да юбілею кнігадруку мы пачалі рыхтавацца ў 2012 годзе, — кажа спадар Суша. — Першыя два гады шукалі спадчыну Скарыны па ўсім свеце. Два гады пайшло на тое, каб апрацаваць кожную знойдзеную старонку, кожны аркуш. Часам здараецца такое, што фрагмент Скарынавай кнігі, аркуш з яе, можа апынуцца ў зусім іншай кнізе. Тыя выданні, што мы маем ў Беларусі, — дэфектныя, няпоўныя. Напрыклад, асобнікі, якія захаваліся ў Германіі, захаваліся выдатна, а ў Чэхіі мы ў асноўным знайшлі фрагменты”.

Папера vs інтэрнэт

“Сусветная спадчына” цалкам магла застацца электронным праектам: задача выдаўцоў сабраць усе 25 кніг Скарыны выглядае вельмі амбітнай, а амбітныя праекты на паперы апошнім часам выходзяць рэдка. Пры дапамозе Міністэрства інфармацыі атрымалася зрабіць папяровую кнігу, якой ужо зацікавіліся не толькі бібліятэкі і музеі, але і прадстаўнікі бізнесу. Тэкст кнігі дублюецца на трох мовах — рускай, беларускай, англійскай.

Чаму “сусветная”?

Кнігі Скарыны справядліва з’яўляюцца каштоўнасцю не толькі ў Беларусі. Імі займаюцца навукоўцы Вялікабрытаніі і Чэхіі, Даніі і Германіі. Урэшце, для Усходняй Еўропы постаць Францыска Скарыны амаль не саступае постаці Гутэнберга. У падрыхтоўцы выдання былі так ці інакш задзейнічаныя архівы больш чым 20 музеяў і бібліятэк краінаў свету, дзе знаходзяцца Скарынавы выданні.

У выніку “Сусветная спадчына Францыска Скарыны” ўжо паспела ўзяць два Гран-пры: Міжнароднага конкурсу краін — удзельніц СНД “Мастацтва кнігі — 2017” і Еўразійскай міжнароднай кніжнай выставы Eurasian Book Fair — 2017. У найбліжэйшы час кніга будзе прадстаўленая ў Германіі, Сербіі і Кітаі.

Дзякуючы “Сусветнай спадчыне” паглыбіцца ў гісторыю першадрукара можа кожны. Адзінае што калі вы захочаце мець такую кнігу дома, то варта спяшацца — серыя “Бібліятэка рарытэтаў” называецца так нездарма, дый попыт на кнігу толькі расце.

Мікалай Левертаў