Дзе б ні быў прапісаны Шагал на працягу свайго доўгага жыцця, ён працягваў маляваць родны горад. Так што калі і на вас навалілася настальгія — можна прабавіць яе ў адным з музеяў, дзе ёсць яго карціны. Да дня народзінаў самага знакамітага віцебскага мастака (а гэта 24 чэрвеня па старым стылі) Сойка сабрала 8 гарадоў, у якія аматары Шагала могуць даехаць з шэнгенскай візай або нават без яе.
Важна! Часта ў музеях Марк Шагал прэзентаваны як «рускі» мастак (або месца яго нараджэння пазначана як «Віцебск, Расейская імперыя» — без ніякіх удакладненняў). А раз ужо мы тут пачалі людзьмі звацца, то будзе вельмі дарэчным, калі кожны з нас, наведваючы музей і заўважыўшы такую прэзентацыю мастака, пісаў водгукі, скаргі і прапановы. Варта не проста пасіўна настальгаваць, а змагацца за Шагала, калі хочам, каб яго імя звязвалася з Беларуссю не толькі ў нашай свядомасці.
«Мама, паехалі ў Францыю паглядзім Шагала». — «У нас ёсць Шагал дома»... — і далей па тэксце. Як бы ні было сумна, аднак у родным горадзе мастака захоўваюцца далёка не самыя вядомыя яго працы, і амаль выключна графічныя: ілюстрацыі да гогалеўскіх «Мёртвых душаў», літаграфіі «12 каленаў Ізраіля» і яшчэ некалькі менш раскручаных. Бывае, часам прывязуць нешта яшчэ паказаць, але на пастаяннай экспазіцыі «Над горадам» і іншых «віцебскіх» карцін вы не сустрэнеце. Калі выбраліся ў Віцебск, не забудзьцеся і пра Дом-музей Шагала.
Marc Chagall, Le Bouffon, 1965
Калісьці мо і ў нас будзе музей з такой назвай, але пакуль што адна з самых багатых калекцый захоўваецца на поўдні Францыі, у Ніцы, у музеі, які быў адкрыты яшчэ пры жыцці мастака ў 1973-м. Першапачаткова гэта быў «Музей біблейскага паслання Марка Шагала», бо змяшчаў працы з біблейскага цыклу, але пазней калекцыя значна пашырылася. З самых знакамітых прац у музеі ёсць, напрыклад, «Блакітны цырк».
Marc Chagall, Le Cirque Bleu, 1953
Не Джакамеці адзіным славіцца цюрыхскі Кунстхаўс. Акрамя таго, што гэта ў цэлым адзін з найкруцейшых і найбагацейшых мастацкіх музеяў у свеце, там ёсць вялікая калекцыя прац самых выбітных імёнаў канца 19 — пачатку 20 стагоддзя, так што хіба кожны сустрэне тут сваіх любімцаў (і нават калі вы больш па старэйшым мастацтве — вас знойдуць там чым уразіць). Сярод іншага, на пастаяннай экспазіцыі ёсць цэлая зала з хрэстаматыйнымі працамі Шагала — чыстая радасць.
Marc Chagall, Au-dessus de Paris, 1970
Дарэчы, калі вы ўжо ў Цюрыху, то грэх не зайсці ў царкву Фраўмюнстэр, каб паглядзець знакамітыя шагалаўскія вітражы.
Вядома, на гістарычнай радзіме Шагала не можа не быць ягоных прац. Калі вы гэтаксама, як і Сойка, любіце вітражы, то залятайце ў сінагогу ў Эйн-Керэме, прыгарадзе Іерусаліма. Калі вы перад гэтым пабывалі ў віцебскім Арт-цэнтры, то імаверна пазнаеце сюжэт гэтых вітражоў — тыя самыя 12 каленаў Ізраіля з кнігі «Быцця».
фота: publicdelivery.org
А калі вы даехалі да Іерусаліму, то можна і ў Тэль-Авіў скатацца, тым болей, што мастацкі музей у гэтым горадзе сапраўды ўражвае: апроч імпрэсіяністаў і постімпрэсіяністаў, якіх тут багата, паказваюць усялякіх іншых мадэрністаў, сярод якіх ёсць і Шагал.
Marc Chagall, Solitude, 1933
Тут захоўваецца шмат сучаснага мастацтва, сярод іншага — багатая калекцыя класічнага мадэрнізму: тут вам і Манэ, і Манэ, і Пікаса, і Пікасо, і вялікая калекцыя Малевіча, і яшчэ шмат імёнаў, вядомых нават тым, хто прагульваў у школе «МХК». Ну, і вядома, Шагал там таксама ёсць — сярод іншага, яго знакаміты «Скрыпач».
Marc Chagall, Le violoniste, 1913
А яшчэ абавязкова варта завітаць у Chagall Gallery Wuyt: тут багатая калекцыя літаграфій, дрэварытаў і афортаў.
Сярод багаццяў калекцыі музея ёсць і некалькі шагалаўскіх прац: «Двайны партрэт з келіхам віна», «Акрабат», «Падзенне Ікара» і іншыя.
Marc Chagall, L’Acrobate, 1930
Таксама ў Парыжы варта завітаць у Оперу Гарнье (Opéra Garnier) — у ёй Шагал размаляваў частку столі над жырандоляй. Гучыць не так унушальна, як выглядае: усё той жа пазнавальны стыль і тая ж радасць, што праменіцца ад ягоных прац.
фота: wikipedia.org
Сярод вельмі добрага збору мадэрнізму ёсць і чатыры шагалаўскія працы. Сойка асабліва раіць не прапусціць адзін з самых віцебскіх пейзажаў — «Шэры дом»: у ім выразна пазнаюцца абрысы яго роднага горада, а будынкі ў стылі віленскага барока ў цэлым гучаць вельмі па-беларуску. А яшчэ там ёсць «Певень», адна з самых пяшчотных прац аўтара.
Marc Chagall, La Maison grise, 1917
Тут захоўваюцца некалькі ранніх прац мастака, а яшчэ больш час ад часу выстаўляюцца — бо многія з іх належаць да прыватных калекцый (а ў Швейцарыі акурат няма недахопу ў аматарах мастацтва, якія могуць сабе дазволіць набыць працы). Так што калі раптам вас занесла ў Базэль — праверце, ці не паказваюць у іх Марка нашага Шагала, а то шкада, калі прапусціце нешта ўнікальнае.
Marc Chagall, Le Marchand de bestiaux, 1912