Дзесяць год таму не стала пісьменніка, археолага, выкладчыка Міхася Чарняўскага. Нарыс аб жыцці і навуковай дзейнасці выбітнага гісторыка апублікавала на сваёй старонцы ў Facebook «Рэгіянальная газета».
Михась Чарняўскі нарадзіўся 7 сакавіка 1938 года ў вёсцы Круці на Мядзельшчыне. Вядомы беларускі археолаг, пісьменнік. Кандыдат гістарычных навук (1971).
У 1960-м ён скончыў Мінскі педінстытут, ад 1962 года быў сярод удзельнікаў так званага «Акадэмічнага асяродку». Справа ў тым, што 1960-я гады ў БССР паступова ліквідаваліся беларускія школы і беларускамоўны друк, нават беларускую літаратуру пачыналі вывучаць па перакладах на рускую мову. Таму у асяродку маладых навукоўцаў і аспірантаў і сфармавалася кола людзей, якія былі незадаволеныя палітыкай КПСС. Аднак рух гэты не быў арганізаваным — ніякіх спісаў не існавала, пратаколы не вяліся, пісьмовыя рашэнні не прымаліся. Прадстаўнікі інтэлегенцыі проста хацелі захаваць беларускую мову, культуру і аўтэнтычнасць ва ўмовах абсалютнай русіфікацыі.
Ад сярэдзіны 1960-х гадоў быў сябрам творчага аб’яднання мастакоў «На Паддашку». Ад 1966 года — навуковы супрацоўнік Інстытута гісторы НАН Беларусі. Падчас разгрому «Акадэмічнага асяродку» спецслужбамі ў 1973–1974 гадах Чарняўскага звольнілі з акадэміі. Ён працаваў рознарабочым. Пазней зноў працаваў у Інстытуце гісторыі АН, але да Перабудовы быў невыязным. У 1990–2001 гадах — загадчык аддзела археалогіі каменнага і бронзавага вякоў. Выкладаў у БДУ.
Працаваў у наступных кірунках: матэрыяльная і духоўная культура плямён каменнага і бронзавага вякоў на тэрыторыі паўночна-заходняй Беларусі, першабытнае мастацтва на тэрыторыі Беларусі. Праводзіў раскопкі помнікаў фінальнага палеаліту, мезаліту і неаліту ў басейнах Нёмана і Віліі, першабытных стаянак Крывінскага тарфяніку на Віцебшчыне. Вывучаў крэменездабыўныя шахты, шэраг помнікаў бронзавага веку Панямоння. Даследаваў сярэдневяковы Мядзел, замак у Лоску, што на Валожыншчыне.
Аўтар навуковых, навукова-папулярных і празаічных твораў. Адзін з аўтараў «Нарысаў па археалогіі Беларусі» (ч. 1, 1970), кнігі «Беларуская археалогія: Дасягненні археолагаў за гады Савецкай улады» (1987), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1, 1987), «Археалогіі Беларусі» (т. 1, 1997), «Гісторыі Беларусі» (т. 1, 2000). Падрыхтаваў да публікацыі ўспаміны Ларысы Геніюш «Споведзь».
Памёр у Мінску ў 2013 годзе. Справу Міхася Чарняўскага працягваюць сын Максім і пляменнік Ігар.