Вясна гэтым годам выдалася нязвыклая: замест доўгіх прагулянак і вандровак — самаізаляцыя. Стужкі ўсіх сацыяльных сетак запоўненыя мемамі і нараканнямі на тое, як мы сумуем і вар’яцеем, седзячы ў чатырох сценах.
Але сумуюць не толькі дарослыя — дзеці таксама шукаюць сабе занятак у новых умовах. І часта тое, што яны прыдумляюць, не вельмі бяспечна: зараз поўна зваротаў у лякарні з-за праглынання дзеткамі якой-небудзь драбязы.
Кампанія «Будзьма беларусамі!» прапануе для вас і вашых дзетак бяспечныя і карысныя заняткі падчас самаізаляцыі. Разам можна:
— разнастаіць свой слоўнікавы запас з нашай аўдыё-чытанкай: казкі на роднай мове для дзетак дашкольнага ўзросту чытаюць Ганна Хітрык і Павел Харланчук
— памаляваць і больш даведацца пра правы чалавека разам з нашай размалёўкай «Ян, Яніна, Васіліна. Правы чалавека ў малюнках», створанай для дзяцей малодшага школьнага ўзросту.
— задумацца над чалавечымі стасункамі і навучыцца прымаць непадобнасць іншага дапаможа знакамітая кніга Гунілы Бергстрэм «Суперкніга пра Біла і Болу: Біл — разумны, Бола — вясёлая» (актыўны ўдзел у стварэнні кнігі на беларускай мове і запісе аўдыё-версіі прынялі Надзя Кандрусевіч, Аня Хітрык, Павал Харланчук, Андрэй Хадановіч і Алеся Башарымава).